Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГЭТЫМ ЖАНЧЫНАМ УЖО ПРОСТА НЯМА ЧАГО СТРАЧВАЦЬ”


Гутарыў Сяргей Шупа

(Шупа: ) “Аміна, што гэта за жанчыны? Што падштурхнула іх на такі адчайны крок? Што наагул уяўляе сабою жыцьцё жанчыны ў здратаванай вайною Чачэніі?”

(Умарава: ) “У Чачэніі сёньня жанчына нясе на сабе ўвесь цяжар гэтай вайны, бо яна павінна клапаціцца і за свой дом, і за сваіх сыноў, мужоў, братоў – наагул за асобаў мужскога полу. Сёньня, на жаль, увесь гэты цяжар – вядома, ён і на мужчынскіх плячах – але ў асноўным ён лёг на жаночыя плечы. У нас сёньня жанчына як бы бароніць сабою і дом, і мужчын.

Што падштурхнула гэтых жанчын на такі ўчынак? Гэтым жанчынам ужо проста няма чаго страчваць. Яны страцілі ўсіх сваіх блізкіх, сваіх каханых. Але, трапіўшы ў Расею, сытуацыя атрымалася крыху як у крывым люстэрку. Гэтыя жанчыны, седзячы ў сябе дома ў Чачэніі – яны церпяць, усе гэта бачаць, да гэтага прызвычаіліся. І вось гэтая сытуацыя перанеслася ў Маскву, дзе ўсё спакойна, дзе ёсьць сьвятло, ёсьць вада, радыё, тэлевізія, дзе дзеці кожны дзень ходзяць у школу. Дык вось, нікому ў галаву не прыходзіць, што чачэнскія жанчыны ўсяго гэтага ня маюць. Яны раніцай адпускаюць дзяцей вучыцца, але ў Чачэніі вучыцца небясьпечна. Могуць у любы момант уварвацца вайскоўцы, пад выглядам праверкі дакумэнтаў забраць поўнагадовую дзяўчыну і запатрабаваць выкуп. Маці ніколі ня ведае – вернецца яе сын дадому або не.

Калі Расея – дэмакратычная краіна, дык мусяць быць аднолькавыя правы і ў расейскай жанчыны, і ў чачэнскай”.

(Шупа: ) “У традыцыйным стэрэатыпным уяўленьні эўрапейцаў жанчыны у мусульманскім сьвеце – пасіўныя, паслухмяныя, незаўважныя. Я разумею, наколькі стэрэатыпы часта бываюць далёкія ад праўды, але як можна ў гэтым сэнсе ахарактарызаваць чачэнскую жанчыну – якая яна?”

(Умарава: ) “Чачэнскую жанчыну немагчыма параўнаць ні зь якай іншай жанчынай. Яна – асоба. У чачэнскім грамадзтве жанчына – гэта асоба, якую глыбока паважаюць. Глыбока паважаюць дзеці, бо яна – маці. Глыбока паважае муж, бо яна – жонка. Пад яе наглядам і выхаваньне дзяцей, і дачыненьні з суседзямі, жанчына наладжвае і побыт, і ўзровень зносінаў. Жанчына – гэта ўсё. І сёньня яна ўзяла на сябе крыху функцыі, якія ёй не ўласьцівыя. Сёньня чачэнская жанчына стала абараняць свой дом, што заўсёды было прэрагатывай мужчынаў. Дом заўсёды баранілі мужчыны. Але сёньня мужчына, толькі нарадзіўшыся – ён ужо тэрарыст. Калі ён чачэнец – ён тэрарыст.

Жанчына-мусульманка, жанчына ў мусульманскім сьвеце – яна і ў нашым уяўленьні таксама трошкі забітая. У чачэнцаў крыху інакш. У чачэнскім грамадзтве, напрыклад, жанчына заўсёды сама выбірае сабе спадарожніка жыцьця. Вельмі няправільнае ўяўленьне, калі падаюць, нібыта ёй загадваюць, або яна не па сваёй волі выходзіць замуж – наадварот, у чачэнцаў здаўна забаранялася брацца шлюбам гвалтоўна, не з каханьня, і калі ёй не выпадала нейкім чынам жыць з мужам, дык развод у такіх выпадках вітаўся. Чачэнскае грамадзтва ў гэтым дачыненьні – дасканалае. Усе гэтыя законы – няпісаныя, але іх пільна прытрымваюцца. І наагул: у нас дзяўчынка, дзяўчына, жанчына, бабуля – заўсёды самае дарагое, самае сьвятое”.
XS
SM
MD
LG