Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ СПАДЗЯЮЦЦА, ШТО ЗАХОП ЗАКЛАДНІКАЎ У МАСКВЕ НЕ АДЦЯГНЕ ЎВАГІ АД ДЭПАРТАЦЫІ НЯМЦОВА


Ігар Карней, Менск

Каардынацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў ухваліла зварот да народаў Беларусі й Расеі, Беларускі Гельсынскі камітэт клясыфікаваў дзеяньні беларускіх уладаў як не адпаведныя міжнародным нормам, а дэпутат Вольга Абрамава зрабіла спробу вынесьці гэтае пытаньне на абмеркаваньне палаты прадстаўнікоў.

Сёньня раніцай лідэры аб’яднанай апазыцыі абмеркавалі праект звароту да ўсіх палітычных сілаў Расеі і Беларусі ў зьвязку з учорашнім затрыманьнем і дэпартацыяй дэпутата расейскай Дзярждумы Барыса Нямцова. Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Мы абмеркавалі шасьцью партыямі сэнс гэтай заявы, асноўныя палажэньні; сёньня пройдуць кансультацыі, у выніку якіх будзе прыняты адпаведны дакумэнт. Таму што патрэбна ўжо ўздымаць грамадзкую супольнасьць ня толькі Беларусі, але і Расеі. Яна не павінна застацца збоку”.

Назіральнікі адзначаюць верагоднасьць таго, што ўчорашні захоп закладнікаў, як і леташні тэракт 11 верасьня, адцягне ўвагу міжнароднай грамадзкасьці ад чарговага парушэньня беларускімі ўладамі міжнародных пагадненьняў і нормаў. Аднак палітык Уладзімер Нісьцюк спадзяецца, што гэтага не адбудзецца.

(Нісьцюк: ) “Тое, што адбываецца зараз з захопам людзей, на другія пазыцыі не адсуне пытаньне зь Нямцовым. 12 лістапада ў Маскве адбудуцца парлямэнцкія слуханьні ў справе беларуска-расейскіх адносінаў. Зараз Нямцоў рыхтуецца ўзяць удзел у нечарговай перадачы на НТВ “Свобода слова” наконт таго, што адбылося, і наогул па праблеме беларуска-расейскіх адносінаў. Шмат якія палітыкі ў Расеі яго цалкам падтрымліваюць, і гэта не застанецца нейкім фактам другаснага шэрагу. Гэта будзе першасны шэраг”.

Сёньня ж дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава спрабавала ініцыяваць прыняцьце заявы адносна ўчорашняй дэпартацыі Барыса Нямцова зь Беларусі. Яна заклікала калегаў не маўчаць, а адрэагаваць на такія дзеяньні ўладаў. Аднак ейны заклік застаўся не пачутым: дэпутаты спаслаліся на недахоп інфармацыі і не ўключылі прапанову нават у парадак дня. Тэкст заявы Абрамава сёньня накіравала кіраўніку фракцыі “Яблоко” ў расейскай Дзярждуме Рыгору Яўлінскаму і спадзяецца на адпаведную рэакцыю расейскіх парлямэнтароў.

(Абрамава: ) “Асабіста я ацэньваю тое, што ўчора адбылося ў Беларусі, як антырасейскую акцыю. У такім пляне складзеная і мая заява, якую я прапанавала падпісаць маім калегам і абавязвалася перадаць усе лісты ў расейскую амбасаду з выказваньнем падтрымкі. Але сьпікер парлямэнту ў грубай форме ня даў мне выступіць з тлумачэньнямі, калі фактычна пачалася падмена тэзысаў і спроба перавесьці стрэлкі на асобу Нямцова і ягоныя адносіны зь некаторымі кіраўнікамі беларускай дзяржавы. Такім чынам, за працяг абмеркаваньня гэтага пытаньня выказалася сем дэпутатаў. А што тычыцца подпісаў, то разам з маім атрымала іх пяць”.

Тым часам, Беларускі Гельсынскі камітэт, прааналізаваўшы артыкулы закону “Аб прававым палажэньні замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, на падставе якога Нямцоў і змушаны быў пакінуць Менск, кваліфікаваў дзеяньні беларускіх уладаў неправамоцнымі: “вытурэньне за межы краіны дзейным заканадаўствам не прадугледжанае”.

Паводле юрыстаў БГК, таксама наўпрост парушаная Дамова паміж Беларусьсю і Расеяй ад 1999 году, на падставе якой грамадзяне Беларусі і Расеі атрымалі роўныя правы на бесьперашкоднае перамяшчэньне па тэрыторыі абедзьвюх краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG