Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ РАСПАЧАЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “ШЛЯХ ДА ЎЗАЕМНАСЬЦІ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёлета ўзначальвала аргкамітэт Марыя Бірукова, якая адказвае ў аблвыканкаме за культурна-ідэалягічны напрамак. Ня дзіва, што абнаўляецца і тэматыка. Адзін з дакладаў прысьвечаны “Праваслаўнай царкве як чыньніку аб’яднаньня насельніцтва Заходняй Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны”.

Удзельнічаць у канфэрэнцыі адмовіўся гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук — спэцыяліст па беларуска-польскіх дачыненьнях. Летась ён выступіў з дакладам у Беластоку, але пераканаўся, што мерапрыемства ігнаруе Беларускі саюз у Польшчы і аўтарытэтныя гісторыкі. Ігнаруюць, бо яго арганізатар, Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

Саюз палякаў таксама двойчы ня ўдзельнічаў у канфэрэнцыі. Гэта быў пратэст супраць пазыцыі ўладаў, якія не дазвалялі будаваць польскую школу ў Наваградку. Сёньня на пленарным паседжаньні выступіў цяперашні старшыня Саюзу Тадэвуш Кручкоўскі. Ён заявіў: афіцыйна лічыцца, што палякаў у Беларусі 400 тысяч, але “мы ведаем, што нас болей”.

Учора ўвечары на галоўнай управе Саюзу палякаў узьнімалася пытаньне аб недаверы спадару Кручкоўскаму. Аднак ён не дапусьціў, каб адбылося галасаваньне. Ганаровы старшыня Саюзу і ягоны стваральнік Тадэвуш Гавін тлумачыць, што спадар Кручкоўскі падтрымлівае ўлады — хаця тыя нічога ня робяць для паляпшэньня становішча польскай меншасьці.

(Гавін: ) “Улады Саюзу палякаў адмовіліся ад барацьбы за адкрыцьцё польскамоўнай школы ў Наваградку і тым самым парушылі пастанову зьезду СПБ. Адначасова зьвярнуліся, каб ім далі дазвол адкрыць такую школу ў Воранаве, і таксама дазвол не атрымалі. Ня гледзячы на тое, што старшыня Саюзу на кожным кроку падкрэсьлівае сваю ляяльнасьць, сваё добрае стаўленьне да беларускіх уладаў і нягледзячы на тое, што лябіруе іхныя інтарэсы ў Варшаве”.

Сярод удзельнікаў “Шляху да ўзаемнасьці” — прафэсар Міхал Кандрацюк зь Беластоку. Паводле некаторых зьвестак, падчас перапісу ў Польшчы толькі невялікая частка беларускай меншасьці назвалася беларусамі. Але ён гаворыць, што ня бачыў афіцыйных вынікаў і настроены ня так пэсымістычна:

(Кандрацюк: ) “Увогуле Беласток ляжыць у асяродзьдзі беларускасьці. Калі паглядзець на карту дыялектаў Беласточчыны, дык ён знаходзіцца амаль у сярэдзіне гаворак. І гавораць на беларускай мове ня толькі праваслаўныя, але і каталікі. Прынамсі, у хаце, паміж сабой. Яна мае такое вось распаўсюджаньне. А што датычыць дзяржаўных установаў, ВНУ, там менш яе чуваць. Але чуваць на беларускай філялёгіі ў Беластоку, яшчэ сярод літаратараў, журналістаў беларускіх. Яна там існуе, і я думаю, што не прападзе”.
XS
SM
MD
LG