Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІ АПАЗЫЦЫЯНЭР УЛАДЗІМЕР ПЛЕШЧАНКА ВЫМУШАНЫ АДСТОЙВАЦЬ СВОЙ ГОНАР У СУДЗЕ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Паводле спадара Плешчанкі, яму ўпершыню давялося сутыкнуцца з настолькі непрыхаванай агрэсіяй палітычнага апанэнта.

Ён распавёў на сёньняшнім судовым паседжаньні, што 7 кастрычніка ля Сіняга дому пэнсіянэр Уладзімер Незваненка спрабаваў завязаць зь ім бойку, публічна абражаючы апазыцыянэраў, якія зьбіраюць грошы на будаўніцтва мэмарыялу ў Курапатах.

Абодвух пікетоўцаў — сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Плешчанку ды Аляксандра Салаўяна — ён абвінаваціў у вымагальніцтве ды прысваеньні ахвяраваных сродкаў, патрабуючы забраць іх у пастарунак. Праз колькі часу ён асабіста і выклікаў міліцыянтаў, а ў Чыгуначным райаддзеле былі складзеныя дзьве сустрэчныя заявы пра абразу гонару ды годнасьці.

Уладзімер Незваненка на час гэтага здарэньня быў нецьвярозы, што пацьвердзіў і сёньня ў Чыгуначным раённым судзе Віцебску. Аднак усе свае словы, сказаныя на адрас апазыцыі, у тым ліку і нецэнзурныя, лічыць справядлівымі, а апазыцыйны пікет у цэнтры Віцебску прымае за асабістую зьнявагу.

У адказ яму Ўладзімер Плешчанка зазначыў, што ня будзе трываць падобных абразаў ды настойвае на пакараньні крыўдзіцеля, які ганіць ня толькі яго асабіста, але й годную справу. Таму ён прапанаваў даць суду ведамасьці на сабраныя сродкі, а таксама дапытаць кожнага, хто рабіў ахвяраваньні.

Сёньня быў апытаны і Аляксандар Салаўян, які быў непасрэдным удзельнікам падзеяў. Аднак судзьдзя Сьвятлана Туфан прапанавала спадару Плешчанку пашукаць дадатковых сьведкаў ды адклала суд да 1 лістапада.

Паколькі шмат каго з магчымых сьведкаў спадар Плешчанка ведае толькі ў твар, бо яны часта падыходзяць на ягоныя пікеты, ён адразу ж з будынку суда скіраваўся да Сіняга дому. Але праз колькі хвілінаў па яго прыхала міліцэйская машына, і спадар Плешчанка зноў апынуўся ў пастарунку. Як ён зразумеў з размоваў паміж міліцыянтамі, яны атрымалі адмысловы загад на ягонае затрыманьне.

Такім чынам, лічыць Уладзімер Плешчанка, яму сьвядома замінаюць годна абараніцца ў судзе ды шкодзяць правядзеньню ў Віцебску дабрачыннае акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG