Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК РЭАГУЮЦЬ МЕНЧУКІ НА ТЭРАРЫСТЫЧНЫ АКТ У МАСКВЕ?


Ганна Соўсь, Менск

Практычна ўсе мае суразмоўцы ўчора ўвечары і сёньня сачылі за тым, як разгортваюцца падзеі ў Маскве й спачувалі закладнікам, якіх захапілі тэрарысты. Ці адчуваюць сябе людзі ў бясьпецы ў Беларусі? На гэтае пытаньне адказы былі розныя.

(Спадарыня: ) “Не, не адчуваю, ды ўсё”.

(Спадар: ) “Абстаноўка зараз у Беларусі спакойная, і няма нічога, што можа несьці пагрозу”.

(Спадарыня: ) “Зараз, я лічу, цяжка адчуваць сябе ў бясьпецы, бо мы ж саюзная дзяржава з Расеяй. Калі ў Расеі такое ў Маскве, то што пра нас гаварыць”.

(Спадар: ) “Такога адчуваньня няма. Кожны дзень нейкія гісторыі адбываюцца”.

(Спадарыня: ) “Пакуль да нас тэрор у такім памеры не дайшоў”.

(Другая спадарыня: ) “Я баюся, што хутка будзе тое самае і тут, бо мы недалёк ад Расеі, і вельмі шчыльна зьвязаныя зь ёй”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Думаю, што ў нас усё лепш наладжана. У нас міліцыя паўсюль”.

(Спадар: ) “ Ніякай небясьпекі не адчуваю. Гэта там у Маскве ўсё здарылася. Мы, беларусы, да Чачэніі дачыненьня ня маем”.

Якія высновы мусіць зрабіць беларускае кіраўніцтва, у тым ліку й спэцслужбы, каб прадухіліць падобныя інцыдэнты ў Беларусі? Меркаваньні на гэты конт гэтаксама падзяліліся:

(Спадар: ) “Пасьля нападу на Нью-Ёрк патрэбна было ўвесьці штатныя адзінкі, якія б назіралі за небам. А зараз кантраляваць транспарт патрэбна. Але гэтая задача ўвогуле неабдымная”.

(Другі спадар: ) “Трэба замацаваць кантроль над тымі, хто нелегальна пражывае ў Беларусі, а гэтаксама над грамадзянамі другіх краінаў”.

(Спадарыня: ) “Неабходна сачыць за міграцыяй пэўнага кола асобаў. Умацаваць яшчэ больш ахову мерапрыемстваў”.

(Другая спадарыня: ) “Трэба рабіць высновы з усяго таго, што адбываецца ў сьвеце. Калі б гэта зрабілі ў Маскве…”

(Трэцяя спадарыня: ) “Штосьці патрэбна рабіць, аднак, хто можа зараз сказаць — што дакладна... Ці можна гаварыць пра тое, што хтосьці ведаў пра тое, што будзе такі тэракт?”

(Спадар: ) “А іх практычна нельга прадухіліць. Паставіць супрацоўніка спэцслужбаў альбо брыгаду ля кожнага будынку — гэта нерэальна”.

Мае суразмоўцы зьвязвалі падзеі ў Маскве з тым, як вядзецца цяпер вайна ў Чачэніі. І адказы на пытаньне, ці магчыма гэткім чынам спыніць гэтую вайну, былі, у большасьці, катэгарычнымі.

(Cпадарыня: ) “Яны патрабуюць спыніць вайну, але захады, якія яны робяць, вельмі загадкавыя. Ніхто ня можа іх прадбачыць, бо іхны склад мысьленьня адрозьніваецца ад нашага”.

(Спадар: ) “Экстрэмізм — гэта ня мэтад. Яшчэ Ленін і першыя рэвалюцыянэры спрабавалі, але дзяржава, якую яны ўтварылі, пратрымалася 70 гадоў. Гэтаксама і Чачэнія... Экстрэмізм — гэта не канструктыўны мэтад”.

(Другі спадар: ) “Трэба весьці такую палітыку, якая будзе адрозьнівацца ад цяперашняй палітыкі, якую праводзіць Расея”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, гэта ніколі ня спыніцца. Гэта асаблівасьць нацыі, яна спрадвеку ваюе”.

(Другая спадарыня: ) “Шчыра кажучы, я не валодаю дакладнай інфармацыяй пра тое, што там насамрэч адбываецца. Гэтак не спыніць вайну ў Чачэніі, і яна будзе працягвацца”.

(Спадар: ) “Гэткімі сродкамі немагчыма спыніць вайну”.

(Другі спадар: ) “Няхай расейскія палітыкі спачатку разьбяруцца, чаго яны хочуць — закончыць вайну альбо працягнуць яе. Падобна, што яна ім карысная”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на менскіх вуліцах наконт захопу закладнікаў у Маскве.
XS
SM
MD
LG