Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛІНА ЖАСАН ПАКІНЕ МЕНСК 29 КАСТРЫЧНІКА


Валер Каліноўскі, Менск

Аліна Жасан кажа, што апошні год дзейнасьць місіі АБСЭ ў Беларусі была паралізаваная. Цяпер жа замест групы АБСЭ ў Менску застанецца толькі офіс гэтай арганізацыі, у якім будзе працаваць некалькі супрацоўнікаў — беларускіх грамадзянаў.

Беларускія ўлады настойліва выціскаюць КНГ АБСЭ зь Менску. Сёлета, не атрымаўшы беларускіх візаў і акрэдытацыяў, Беларусь вымушаныя былі пакінуць яе прадстаўнікі Мішэль Рывалье, Эндру Карпэнтэр, Мэган Фіцджэральд. Апошняй супрацоўніцы місіі з дыпляматычным статусам — выканаўцы абавязкаў кіраўніка групы грамадзянцы Малдовы Аліне Жасан сёньня было адмоўлена ў працягу акрэдытацыі пры МЗС. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “29 кастрычніка Беларусь пакіне апошні супрацоўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Аліна Жасан. Беларусь заўсёды выказвалася за супрацоўніцтва з АБСЭ. У тым ліку ня ставіла пад сумнеў прысутнасьць АБСЭ ў Беларусі. Разам з тым беларускі бок лічыць, што ў цяперашняй форме прысутнасьць АБСЭ ў Беларусі ня можа працягвацца. У МЗС Беларусі лічаць, што павінны быць распачатыя сур’ёзныя перамовы па формах і мандату будучай прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі”.

Паводле спадара Латушкі, адпаведны ліст спадарыні Жасан падрыхтаваны і будзе накіраваны хуткім часам. Сама Аліна Жасан зьдзіўленая, што пра рашэньне МЗС адносна яе просьбы працягнуць акрэдытацыю яна даведваецца ў апошнюю чаргу, ад журналістаў:

(Жасан: ) “Яны б спачатку мне адказалі перад тым, як агалошваць. Я ж гэтага ня ведаю. Мне падаецца, гэта не зусім карэктна, але ім лепей ведаць, як гэта рабіць”.

Тым ня менш, Аліна Жасан пацьвердзіла, што як дысцыплінаваны дыплямат 29 кастрычніка пакіне Менск і накіруецца ў Вену.

Пакуль жа ніякіх асаблівых інструкцыяў ад свайго кіраўніцтва зь Вены спадарыня Жасан не атрымала. Яна чакае, што, магчыма, заўтра прыедзе прадстаўнік адміністратыўна-фінансавага аддзелу АБСЭ, каб на месцы вырашыць, як будзе дзейнічаць офіс АБСЭ. Менавіта такі статус будзе мець КНГ пасьля ад’езду спадарыні Жасан, паколькі ніякай дзейнасьці яна весьці ня будзе.

На думку спадарыні Жасан, колькасьць беларускіх супрацоўнікаў місіі будзе скарочаная, каб падтрымліваць матэрыяльна-тэхнічную базу і адказваць на тэлефанаваньні. Магчыма, час ад часу будзе прыяжджаць нейкі тэхнічны супрацоўнік зь Вены, каб займацца фінансавымі і адміністратыўнымі справамі.

Аліна Жасан працавала ў Беларусі зь верасьня 1998 году.

(Жасан: ) “Калі гаварыць пра маю дзейнасьць за апошні год, то прабачце, нічыя дзейнасьць з нашых супрацоўнікаў не была тут плённай. Мы практычна нічым не займаліся, нам не давалі, нашая дзейнасьць была паралізаваная. Калі ж гаварыць пра ўсе чатыры гады маёй працы тут, то мы працавалі адным калектывам. Канечне, хай пра нашую дзейнасьць мяркуюць беларусы, але я лічу, што місія зрабіла вельмі шмат для Беларусі.

Нас абвінавачвалі спачатку, што мы працавалі толькі з уладай, потым — што толькі з апазыцыяй. Не, мы працавалі абсалютна з усімі. Магчыма, былі памылкі, але, па вялікім рахунку, я лічу, што мы зрабілі вялікую справу. Можа быць, пра гэта загавораць потым, хто ведае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG