Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВОЙ ТРЭЦІ СЭЗОН РАСПАЧЫНАЕ Ў МЕНСКУ АДЗІНЫ НЕЗАЛЕЖНЫ БЕЛАРУСКІ ТЭАТАР “ВОЛЬНАЯ СЦЭНА”


Валянціна Аксак, Менск

Нягледзячы на трэці год існаваньня, тэатру так і не ўдалося сфармавацца як сталаму сцэнічнаму калектыву. Незалежнасьць культурніцкіх праектаў у сёньняшніх беларускіх умовах азначае амаль поўнае безграшоўе, таму галоўнаму рэжысэру “Вольнае сцэны” Валерыю Мазынскаму давялося замест стварэньня сваёй пастаяннае трупы абраць шлях антрэпрызы, запрашаючы на кожны спэктакль актораў зь іншых тэатраў.

Ды і саміх спэктакляў у рэпэртуары тэатру на сёньня няшмат. Новы сэзон “Вольная сцэна” распачынае скандальным “Прынцам Мамабукам” па п’есе Аляксея Дударава. Тым самым “Прынцам Мамабукам”, у якім высокапастаўленыя чыноўнікі Міністэрства культуры ўбачылі аналёгіі зь цяперашнімі палітычнымі рэаліямі краіны ды забаранілі спэктакль у дзяржаўным тэатры беларускае драматургіі. Тым самым, за паказ якога на іншых сцэнах звольнілі з пасады пастаноўшчыка — мастацкага кіраўніка тэатру Валерыя Мазынскага. Пасьля чаго і паўстала ягоная незалежная “Вольная сцэна”.

За два папярэднія сэзоны прыхільнікі “Вольнае сцэны” звыкліся зь ейным адрасам у Доме вэтэранаў у цэнтры Менску на вуліцы Янкі Купалы. Аднак дамову на далейшую арэнду залі дырэкцыя ўстановы з тэатрам не падпісала, спаслаўшыся на забароны пажарнае службы з прычыны нібыта аварыйнага стану сцэны. Тэатар прапаноўваў свой пасільны ўнёсак у неабходны рамонт, але гэтая прапанова была адхіленая.

Таму свой новы сэзон “Вольная сцэна” сёньня распачынае на сцэне Палацу культуры трактарнага заводу. Аднак сталае дамовы на арэнду гэтае залі ягоная адміністрацыя таксама не падпісала, прапанаваўшы на кожны наступны спэктакль рабіць асобны кантракт.

Ёсьць і іншыя праблемы.Тым ня менш, першы і адзіны пакуль незалежны беларускі тэатар “Вольная сцэна” жыве і радуе сваіх прыхільнікаў, якіх у новым сэзоне чакае прэм’ера. Гэта будзе спэктакль па п’есе маладога нямецкага драматурга Даніеля Каля “Водблеск далёкіх маланак”. Прэм’ера чакаецца ў сярэдзіне сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG