Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПОЛАЦКУ ПАЧАЛАСЯ НАВУКОВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ, ПРЫСЬВЕЧАНАЯ ГІСТОРЫІ І АРХЕАЛЁГІІ СТАРАЖЫТНАЙ СТАЛІЦЫ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Шэраг замежных гасьцей выступілі сёньня на ранішнім паседжаньні. Так, вядомая дасьледніца славістыкі з Швэцыі Маргарэта Сольман прысьвяціла свой выступ вялікаму Скарыну, а таксама праблеме дачыненьняў паміж каталіцтвам ды праваслаўем у Полацку за скарынавым часам. Спавешчаньне было прачытанае па-ангельску, але пачала яго швэдзкая дасьледніца па-беларуску наступнай фразай: “Спадарства, я вельмі радая наведаць славуты горад”.

Прафэсар тэалёгіі з Рыму Марэк Інглёт прысьвяціў свой выступ дзейнасьці езуітаў у Полацку, а прафэсар з Кракава Людвіг Гжэбень, у сваю чаргу, апавядаў пра Полацкую езуіцкую бібліятэку, зачыненую расейскімі ўладамі ў 1820 годзе. Па сьведчаньні выступоўцы, на момант закрыцьця яе кнігазбор налічваў прыкладна 50 тысяч тамоў і саступаў па колькасьці кніг хіба што лёнданскім ды парыскім бібліятэкам.

Ну а пачалася канфэрэнцыя з ганараваньня патрыярха беларускай археалёгіі прафэсара Штыхава, які сёлета адзначыў свае 75-я ўгодкі. Георгі Штыхаў таксама выступіў са спавешчаньнем, у якім дасьледаваў працы расейскіх гісторыкаў 18-га й 19-га стагодзьдзяў, датычных Полацку. Адказваючы на пытаньне з залі: чым ён можа патлумачыць варажнечу паміж полацкімі ды кіеўскімі князямі? — Георгі Штыхаў патлумачыў гэта вараскім паходжаньнем першых полацкіх князёў і, адпаведна, іхнай прагаю да волі і вайсковых паходаў. Пры гэтым галоўнай трагедыяй Беларусі прафэсар назваў згасаньне Полацкай княжай дынастыі ў самы адказны пэрыяд беларускай гісторыі.

Патрыярх айчыннай археалёгіі падзяліўся сваімі думкамі аб канфэрэнцыі са слухачамі нашага радыё:

(Штыхаў: ) “Асьвятляюцца праблемы, пытаньні гісторыі Полацку ад узьнікненьня гораду і да нашага часу. Мы ўжо праслухалі цікавыя даклады па раньнім сярэднявеччы, па 12-м і 13-м стагодзьдзях, па канфэсіях, якія тут існавалі. У прыватнасьці, па езуітах сёньня былі заслуханыя даклады. Гэта нашая гісторыя”.

Заўтра міжнародная навуковая канфэрэнцыя працягне сваю працу.
XS
SM
MD
LG