Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ПІКЕТУ СУПРАЦЬ РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКАЙ ІНТЭГРАЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пікет арганізавалі актывісты Маладога Фронту й Беларускай партыі свабоды. Яны не задаволеныя тым, што частка беларускай апазыцыі дамаўляецца зь лідэрамі расейскага Саюзу правых сілаў пра варыянты новай інтэграцыі з Расеяй.

Сёньня раніцай больш за 20 хлопцаў і дзяўчат прыйшлі да будынка адукацыйнага цэнтру зь бел-чырвона-белымі сьцягамі й сьцягамі Эўрапейскага зьвязу, транспарантамі з надпісамі: “Ніякіх саюзаў з Расеяй!”, “Беларусь — гэта сьвятое!”, “Не — імпэрскай палітыцы Крамля!” ды іншымі. Пасьля да маладых пікетоўцаў далучыліся й людзі стала ўзросту. Арганізатар пікету Павал Севярынец так патлумачыў мэту акцыі:

(Севярынец: ) “Мы выйшлі на гэтую акцыю, бо мы супраць любых саюзаў з Расеяй. Мы за ўзаемавыгадныя дачыненьні, але супраць палітычнай, эканамічнай і любой іншай інтэграцыі. Для нас за апошнія 200 гадоў Расея — гэта акупацыя, русіфікацыя і прыціск ўсяго беларускага. Таму мы вышлі сюды, каб сказаць: “Не” саюзам з Расеяй”, “Расея — гэта вайна!” і “Беларусь у Эўропу!”

А вось што сказаў лідэр Партыі свабоды Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Гэта вельмі трагічна, калі некаторыя нашыя палітычныя дзеячы заблыталіся ў камбінацыях палітычнага бізнэсу й цяпер губляюць уласную годнасьць. І мы канстатуем, што ў Беларусі ёсьць ня толькі людзі здатныя на нейкіх выгадных умовах гандляваць нацыянальнымі інтарэсамі, але й здатныя пастаяць за Радзіму. Ёсьць людзі здатныя павесьці народ на самыя жорсткія шляхі нацыянальна-вызвольнай барацьбы”.

Галоўнай мэтай пікетоўцаў была сустрэча вядомых расейскіх палітыкаў Барыса Нямцова і Ірыны Хакамады, якія павінныя былі прыехаць на канфэрэнцыю. Паколькі чакаць давялося доўга, моладзь бавілася тым, што скандавала патрыятычныя лёзунгі й зьбірала грошы на сымбалічны квіток да Масквы лідэру АГП Анатолю Лябедзьку. Ён на пікетоўцаў не пакрыўдзіўся і сказаў, што кожны мае права выказваць свае палітычныя погляды, як хоча.

Калі стала вядома, што лідэры расейскага Саюзу правых сілаў затрыманыя спэцслужбамі ў менскім аэрапорце, Павал Севярынец сказаў:

(Севярынец: ) “Гэта пэўна ж ня выйсьце — затрымліваць і дэпартаваць людзей зь Беларусі за тое, што яны прыехалі сюды пагутарыць. Мы б, калі б былі пры ўладзе, так не зрабілі. Усё гэта сьведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі застаўся дыктатарскім. А Расея вядзе двайную гульню, і заканчваецца гэта вось такімі дэмаршамі”.

Неўзабаве зьявіліся міліцыянты, якія запатрабаалі спыніць несанкцыянаваны пікет і разыходзіцца. У выніку Павал Севярынец, Сяргей Высоцкі, Ільля Ядранцаў, а таксама Алена й Сяргей Мацкойці былі затрыманыя.

Сёньня ж затрыманых пікетоўцаў даставілі ў суд. За ўдзел у несанкцыяванай акцыі судзьдзя Дзьмітры Антаневіч пакараў Ільлю Ядранцава трохсутачным арыштам. Разгляд справаў Паўла Севярынца, а таксама Сяргея й Алены Мацкойцяў адкладзены да панядзелка, бо ўсе яны запатрабавалі адвакатаў. Лідэр Партыі свабоды Сяргей Высоцкі быў звольнены яшчэ ў пастарунку, бо, на думку міліцыянтаў, ён ня браў актыўнага ўдзелу ў пікетаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG