Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКІ МІЖНАРОДНАЙ КАНФЭРЭНЦЫІ Ў МЕНСКУ КАМЭНТУЮЦЬ ДЭПАРТАЦЫЮ БАРЫСА НЯМЦОВА


Уладзімер Глод, Менск

Дзеяньні беларускіх уладаў былі настолькі нечаканымі, што кожны мой суразмоўца пачынаў свой адказ аднымі і тымі ж словамі: “Калі гэта праўда...” Гаворыць былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі:

(Садоўскі: ) “Калі гэта праўда, што сказалі, дык гэта ёсьць нейкая фантасмагорыя. Проста ў галаву ня лезе. Гэта тое самое, як я глядзеў, калі гэтыя самыя самалёты біліся ў амэрыканскія хмарачосы. Вось такое пачуцьцё нейкай нерэальнасьці, вось і тут так. Калі гэта праўда, паўтараю, калі гэта праўда”.

Былы кіраўнік ўраду Міхаіл Чыгір даў дзеяньням беларускіх уладаў наступную ацэнку:

(Чыгір: ) “Вар’яцкі крок. У якой жа краіне мы тады жывем? Гэта адназначна гаворыць і сведчыць пра тое, што ўладу трэба зьмяняць”.

Адзін з арганізатараў прыезду ў Менск дэпутатаў СПС намесьнік кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі так пракамэнтаваў рашэньне беларускіх уладаў:

(Дабравольскі: ) “Гэта поўная шызафрэнія. Ніякіх рацыянальных падставаў для гэтага няма. Я думаю, што людзі пры ўладзе ня ведаюць, што ім рабіць. Беларускія ўлады расьпісаліся ў тым, што яны нічога не разумеюць, што яны нічога ня могуць зрабіць, і што іх пазыцыя не адпавядае таму, што яны дэкляруюць”.

Ня бачыць абгрунтаваньня такім дзеяньням і дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Фралоў:

(Фралоў: ) “Калі гэта сапраўды так, як гаворыцца, дык такому лягічнага тлумачэньня ну абсалютна ніякага няма. Гэта проста, як вельмі многае ў нашай краіне робіцца, а разумнага тлумачэньня проста абсалютна немагчыма знайсьці”.

І толькі для іншага генэрала — Мечыслава Грыба дэпартацыя ня стала нечаканасьцю:

(Грыб: ) “Для мяне нічога нечаканага ў гэтых дзеяньнях няма. Калі сёньня нашыя ўлады могуць ня даць пэнсіі старшыні Вярхоўнага Савету — аднаму, другому, трэцяму ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Калі яны могуць арыштаваць і пасадзіць зусім нявіннга чалавека — былога прэм’ера і гэтак далей, дык чаму яны ня могуць зрабіць гэта з прадстаўнікамі Расейскай Фэдэрацыі, асабіста з Барысам Яфімавічам Нямцовым, які выказваўся, што Лукашэнку чакае лёс былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча? Для мяне ніякай нечаканасьці няма. Наадварот, гэта ёсьць тварам нашых уладаў”.

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што сёньня Беларусь кінула пальчатку Расеі:

(Процька: ) “Як бы ні ставіліся да Нямцова, да Чубайса ў краіне асобныя палітычныя дзеячы і сацыяльныя плыні расейскага грамадзтва, яны ёсьць аднымі зь вядучых палітычных лідэраў Расеі. І калі расейская дзяржава дазваляе так ставіцца да сваіх кіраўнікоў, гэта дрэнна адаб’ецца на іміджы самаго кіраўніка дзяржавы, які, як вядома, ужо распачаў сваю новую прэзыдэнцкую кампанію. Калі Пуцін гэта спусьціць, гэта будзе вельмі вялікі мінус у яго прэзыдэнцкай кампаніі. Я думаю, што Пуцін зробіць адэкватныя крокі. І яны будуць не на карысьць нашага народу”.

Сярод удзельнікаў сёньняшняга сэмінару было і шмат дыпляматаў. Адзін зь іх — амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак сказаў наступнае:

(Козак: ) “Вельмі сорамна, бо людзям трэба даваць магчымасьць, каб іх паслухалі і каб яны выказалі розныя меркаваньні адносна розных пытаньняў. І калі дэпартаваць выступоўцаў, дык аб’ектыўнай інфармацыі не атрымаеш”.
XS
SM
MD
LG