Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЕЖНІКІ ЦЬВЕРДЗЯЦЬ, ШТО НЯ МАЮЦЬ НІЯКАГА ДАЧЫНЕНЬНЯ ДА ЗАТРЫМАНЬНЯ І ВЫСЫЛКІ ДЭПУТАТАЎ ДЗЯРЖДУМЫ


Ігар Карней, Менск

Тым часам, афіцыйныя прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі абвяргаюць інфармацыю, што зьявілася ў шэрагу расейскіх СМІ аб тым, што менавіта памежнікі сталіся ініцыятарамі адпраўкі Барыса Нямцова і Ірыны Хакамады назад у Маскву.

Праваабаронца Гары Паганяйла дапускае вялікую верагоднасьць загадзя сплянаванай правакацыі супраць кіраўнікоў думскай фрацыі “Союза правых сил”. Вось ягонае меркаваньне:

(Паганяйла: ) “Правакацыі з боку ўладаў цалкам магчымыя, бо мы жывем не ў прававой дзяржаве, а ў дзяржаве паліцэйскай. Ад нашых дзяржымордаў усяго можна чакаць, бо ў іх сваё разуменьне жыцьця. Натуральна, усё гэта парушае абавязкі Беларусі ня толькі ў рамках саюзнай дамовы на свабоду перамяшчэньня, але і ў цэлым эўрапейскай супольнасьці, ААНаўскіх дамоўленасьцяў. Так што парушылі ўсё, што маглі”.

Па гарачых сьлядах у шэрагу расейскіх СМІ зьявіліся паведамленьні, што Нямцова і Хакамаду вымусілі адляцець назад памежнікі ў цывільным, спаслаўшыся на праблемы з дакумэнтамі. Аднак у самім памежным камітэце падобныя дапушчэньні рашуча абвяргаюць. Вось, у прыватнасьці, што паведаміў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік камітэту Ўладзімер Несьцяровіч:

(Несьцяровіч: ) “Памежная беларуская служба не кантралюе прылёт самалётаў з Масквы, з Расеі. Калі б яны ляцелі з Бэрліну ці з Токіо, то мы правяралі б пашпарты. А калі людзі прыляцелі з Расеі — то пытаньне не да нас. Памежнікі да гэтага ніяк не датычныя. Усім павінна быць зразумела: мы нічога і ні ў каго не правяралі, і ня маем да гэтага ніякага дачыненьня”.

Міністэрства ўнутраных справаў гэтаксама дыстанцыявалася ад скандалу вакол Нямцова і Хакамады. У прэсавай службе МУС цьвердзяць, што не ў кампэтэнцыі іхнага ведамства замахвацца на міжнародныя стасункі.

Юрыст Гары Паганяйла зьвяртае ўвагу на тое, што наўрад ці падобны скандал можна было нават уявіць яшчэ паўгода таму, падчас росквіту інтэграцыйных настрояў. Да таго ж, Барыс Нямцоў і Ірына Хакамада маюць дэпутацкую недатыкальнасьць, а Хакамада — віцэ-сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі. Пра ўсё гэта, натуральна, беларускім уладам вядома. Чаму на падобны крок вырашана пайсьці зараз?

(Паганяйла: ) “Можна, натуральна, аргумэнтаваць, што яны маюць дэпутацкую недатыкальнасьць на тэрыторыі толькі сваёй краіны. На нашай тэрыторыі яны проста грамадзяне Расеі. Але тым ня меней, іхны статус вядомы нашым уладам, мэта іхнага візыту, я ўпэўнены, таксама не таямніца. І вось раптам такое абыходжаньне — фактычная дэпартацыя ў Расею. Акт яўна незаконны і несяброўскі з боку нашых уладаў. Гэта найперш парушэньне асабістых грамадзянскіх правоў на свабоду перамяшчэньня, бо яны не абавязаныя абвяшчаць пра мэту прыезду (а цалкам зразумела, што не са злачыннай мэтай яны прыехалі). Таму, натуральна, ўсё гэта пацягне вялікі скандал”.
XS
SM
MD
LG