Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МЕЎ КАМІТЭТ ДЗЯРЖКАНТРОЛЮ ПРАВА СПЫНЯЦЬ ЗАМЕЖНЫ ЦЯГНІК?


Ганна Соўсь, Менск

На якой заканадаўчай падставе дзейнічалі супрацоўнікі камітэту фінансавых дасьледаваньняў камітэту дзяржкантролю, калі затрымлівалі польскі цягнік пасьля ўсіх памежных і мытных працэдураў? У міжнароднай службе Беларускай чыгункі пэўнага адказу на гэтае пытаньне не далі, спаслаўшыся на тое, што ня маюць права камэнтаваць дзейнасьць дзяржаўных выканаўчых органаў.

Пэўныя падрабязнасьці наконт дзейных пагадненьняў у справе міжнародных перавозак выклаў для Радыё Свабода намесьнік начальніка міжнароднай службы Беларускай чыгункі Юры Разанаў:

(Разанаў: ) “Ёсьць шмат пагадненьняў — аб чыгуначных зносінах паміж Польшчай і Беларусьсю. Кожны бок, з майго пункту гледжаньня, дзейнічае ў адпаведнасьці зь міжнароднымі і ўнутрыдзяржаўнымі працэдурамі мытнага й памежнага кантролю. Хто мае права спагнаць мытныя плацяжы? Толькі мытныя органы. Ёсьць і памежнае пагадненьне, і пагадненьне аб спагнаньні мытаў і каардынацыі працы паміж мытнымі органамі, напэўна, ёсьць і пагадненьне паміж мытнымі камітэтамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці згадваецца ва ўсіх гэтых пагадненьнях пра тое, што камітэт дзяржкантролю мае права спыняць цягнікі?”

(Разанаў: ) “Я не сустракаў у гэтых пагадненьнях згадкі пра такі орган”.

Пасажырамі цягніка “Варшава—Масква” былі ў асноўным грамадзяне Расеі, і таму я зьвязалася з расейскім Міністэрствам шляхоў зносінаў. Ягоны прадстаўнік Ігар Старых паведаміў Радыё Свабода, што ў Расеі ня могуць адказваць за дзеяньні беларускіх спэцслужбаў.

(Старых: ) “У дадзеным выпадку ўсё адбывалася на тэрыторыі Беларусі. Што яна можа сказаць, Расея? Я думаю, што тут ніхто не пракамэнтуе гэтую падзею”.

Што да рэакцыі беларускага боку на гэты інцыдэнт, то яна была досыць стрыманай. У Мытным камітэце ўвогуле адмовіліся камэнтаваць выпадак з затрымкай цягніка “Варшава—Масква”. А ў прэсавай службе камітэту дзяржаўнага кантролю спаслаліся на адсутнасьць супрацоўніка, які валодае інфармацыяй пра інцыдэнт.

А вось з гледзішча намесьніка старшыні Гельсынскага камітэту Гары Паганяйлы, гэты выпадак — грубае парушэньне правоў чалавека й міжнароднага заканадаўства, які стаў магчымы пасьля таго, як дзяржаўнаму кантролю надалі права наладжваць апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Паводле спадара Паганяйлы, можна было выкарыстаць зусім іншыя мэтады, каб высьвятліць — карупцыянэры берасьцейскія памежнікі й мытнікі ці не.

Такім чынам, былі парушаныя і правы грамадзянаў, і абавязкі Беларусі, як транзытнай краіны, якая павінная забясьпечваць у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі бесьперашкодны праезд транспартных сродкаў па сваёй тэрыторыі. Што тычыцца грамадзянаў, то яны, паводле Гары Паганяйлы, цалкам абгрунтавана могуць прад’явіць патрабаваньні да перавозчыкаў (а гэта Беларуская чыгунка) аб кампэнсацыі матэрыяльных і маральных стратаў.
XS
SM
MD
LG