Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯМЕЧЧЫНЕ ЗАРЭГІСТРАВАНА 140 ВЫПАДКАЎ ГАНДЛЮ БЕЛАРУСКІМІ ЖАНЧЫНАМІ


Алена Панкратава, Менск

Такія зьвесткі нямецкага крымінальнага ведамства зьмясьціла сёньня гайдэльбэргская газэта “Rhein-Nеckar-Zeitung”. Паводле журналісткі Баварскага радыё Інге Бэль, якая актыўна займаецца праблематыкай прымусовай прастытуцыі ўсходнеэўрапейскіх жанчын у Нямеччыне, гандаль жанчынамі набыў надзвычай вялікія памеры і становіцца бадай самай клясычнай сфэрай арганізаванага злачынства. Падобны бізнэс значна больш прыбытковы за наркагандаль, — лічыць журналістка, — у яго ўкладаецца меней грошай, аднак прыбыткі ён прыносіць надзвычайныя.

Аднак, — паведаміла мне Інге Бэль, — у барацьбе з гэтай зьявай нямецкая крымінальная паліцыя на сёньняшні момант выглядае даволі бездапаможнай. Беларускія, украінскія, расейскія ахвяры нават у экстрэмальных абставінах рэдка зьвяртаюцца па дапамогу ў мясцовыя праваахоўчыя органы.

(Бэль: ) “Самі ведаеце, яны трапляюць з краінаў, дзе карупцыя надзвычай высокая. Таму даверу да паліцыянтаў у іх няма. Нашыя паліцыянты сутыкаюцца з гэтымі дзяўчатамі выпадкова: калі робяць адмысловыя рэйды па бардэлях ці таемных прытонах. Потым паліцыя зьвязваецца з жаночымі цэнтрамі — такімі няўрадавымі арганізацыямі як, напрыклад, SOLWODI (Салідарнасьць з жачынамі ў стрэсавых сытуацыях)”.

Журналістка Інге Бэль падрыхтавала шмат рэпартажаў і інтэрвію з жанчынамі-ахвярамі з розных краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Гісторыю, якая адбылася з 16-гадовай беларускай Марынай, мая калега даслала мне сёньня праз e-mail:

“Я нарадзілася ў вёсцы непадалёк ад Менску. Свайго бацьку ня бачыла ніколі. Мая маці памерла, калі мне было тры гады. Мяне расьціла бабуля. Я вучылася ў школе і дапамагала ёй. У вёсцы магла скончыць толькі 9 клясаў. Аднойчы мы пайшлі зь сябрамі на танцы, і там я пазнаёмілася са Славам зь Менску. Ён спытаўся, чым я зьбіраюся займацца далей, а паколькі я ня ведала, прапанаваў мне працу санітаркі ў Нямеччыне. Прапанова зацікавіла мяне, бо грошай нам з бабуляй не хапала. Празь некалькі тыдняў Слава прыехаў да нас у вёску і паведаміў, што мае для мяне запросіны зь Нямеччыны, а таксама папрасіў пашпарт для візы. Маю бабулю ён запэўніў, што ўсё будзе добра.

Мы паехалі за мяжу на машыне. Спачатку з намі ў аўтамабілі ехала жанчына, аднак потым у часе паездкі яна кудысьці зьнікла. У Польшчы мы зрабілі першы прыпынак — спыніліся на некалькі гадзінаў у Слававага сябра — ці то з Расеі, ці то з Украіны. Разам зь ім мы перасяклі ўначы раку і працягвалі шлях на аўтамабілі. Затым мы пад’ехалі да нейкага дома, і хлопцы паведамілі мне, што там мяне чакае гаспадар, і я павінна пагутарыць зь імі сам-насам. Свае рэчы я пакінула ў машыне. Гаспадаром быў сталы чалавек, які гаварыў на дрэннай расейскай мове”.

Уцячы з бардэлю Марыне дапамагла польская жанчына-прыбіральшчыца. Полька была вельмі ўзрушаная, даведаўшыся, што Марына сірата і да таго ж непаўнагадовая. Яна і параіла Марыне зьвярнуцца па дапамогу ў адзін з жаночых цэнтраў... Што можа чакаць дзяўчыну далей, — пытаюся я ў Інге Бэль.

(Бэль: ) “Звыйчана такія жанчыны, якія вымушаныя прымусова займацца прастытуцыяй, атрымліваюць у такіх цэнтрах псыхалягічную і сацыяльную падтрымку. Супрацоўніцы цэнтраў імнуцца стварыць для ахвяраў атмасфэру даверу, высьвятляюць, наколькі небясьпечна жанчыне вяртацца дамоў. Залежна ад жаданьня ахвяры, цэнтры могуць дапамагчы ініцыяваць судовыя працэсы супраць гандляроў і сутэнэраў”.

Пры канцы яшчэ раз зьвярнуся да сёньняшняй публікацыі ў “Rhein-Neckar-Zeitung”. Выданьне прапануе сваім чытачам падтрымаць адкрыцьцё адмысловага цэнтру непасрэдна ў Менску, у мікрараёне Малінаўка. “Тое, што беларускі дыктатар Лукашэнка праводзіць рэпрэсіўныя акцыі ня толькі супраць апазыцыі, але і супраць няўрадавых арганізацыяў — не навіна, аднак на сёньняшні момант беларускім жанчынам неабходныя кансультацыі адносна гандлю людзьмі, легальнай і нелегальнай працай за мяжой. Яны павінныя ведаць рэальную карціну”, — піша выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG