Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ ЧЭРНІК: "КУПЛЯЙЦЕ МІРСКІ ЗАМАК І РЭСТАЎРУЙЦЕ!"


Севярын Квяткоўскі, Менск

У Беларусі больш за шаснаццаць тысяч аб'ектаў рэстаўрацыі. Новая ўрадавая пастанова называе 50 найбольш важных помнікаў. Нават многія з тых, што маюць сымбалічнае для беларусаў значэньне – Наваградзкі, Гарадзенскі замкі, Каложская царква ды іншыя – знаходзяцца ў занядбаным стане. Там рэстаўрацыйныя працы практычна не вядуцца.

(Чэрнік: ) “І ня будуць ісьці, бо няма грошай. Сёньня ўсё залежыць ад выдаткаваньня сродкаў. Сытуацыя вельмі складаная з выдаткаваньнем зь дзяржаўнага бюджэту. Калі на сёньняшні дзень у Мірскім замку йдуць рэстаўрацыйныя работы, ужо ўнутар улазяць, тым больш, што дах пакрыты, то па Нясьвіжы ёсьць вельмі шмат праблем. Як пачынаць, што пачынаць, дзе пачынаць? Ці гэта будзе паэтапнае, крок за крокам? Што там рабіць, да чаго прыстасаваць?"

Васіль Чэрнік гаворыць пра немагчымасьць разгядаць рэстаўрацыю без пэрспэктывы разьвіцьця турыстычнага бізнэсу:

(Чэрнік: ) “Мы павінны гаварыць ня толькі пра тое, што трэба рабіць рэстаўрацыю, але й пра разьвіцьцё турызму. Таму ёсьць прапанова, каб унесьці дапаўненьні – ёсьць нацыянальная праграма "Аб разьвіцьці турызму ў рэспубліцы Беларусь".

Для параўнаньня, толькі адзін з замкаў Чэхіі ў невялікім мястэчку Глыбокае-над-Влтавай штогод наведвае паўмільёна чалавек, тады як усю Беларусь – ня больш за шэсьцьдзесят тысяч. Што да разьмеркаваньня існага бюджэтнага фінансаваньня рэстаўрацыйных прац, Васіль Чэрнік мае свае заўвагі:

(Чэрнік: ) “Можна зрабіць па-простаму. Выдаткавалі, напрыклад, пяць рублёў. Адзін рубель – аднаму аб'екту, адзін другому, трэцяму, чацьвертаму, пятаму... А можа, пяць рублёў на адным аб'екце сканцэнтраваць? Увесьці яго цалкам, тады да іншага прыступіць".

І нарэшце, Васіль Чэрнік заклікае зацікаўленых беларусаў самастойна ўдзельнічаць у фінансаваньні рэстаўрацыйных прац.

(Чэрнік: ) “Сёньня трэба шукаць сродкі. Калі ласка, у нас таксама можна перадаваць ва ўласнасьць – бяры, шукай сродкі й рэстаўруй той ці іншы аб'ект. Паводле закону – калі ласка. Паводле закону ў нас кожная юрыдычная ці фізычная асоба (у тым ліку й замежная) можа браць ва ўласнасьць гісторыка-культурную каштоўнасьць".

(Карэспандэнт: ) “Што, я магу купіць Мірскі замак?!"

(Чэрнік: ) “Купляйце. Вось, у мяне закон ляжыць: "Каштоўнасьці могуць знаходзіцца ва ўласнасьці любой формы".

Паводле словаў Васіля Чэрніка, пакуль ніхто з прыватных асобаў не зьвяртаўся да дзяржавы з прапановай узяць ва ўласнасьць які-кольвек архітэктурны помнік Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG