Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША ВЫРАШЫЛІ ДАЦЬ АПОШНІ ШАНЕЦ РЭЖЫМУ ХУСЭЙНА


Віталь Тарас, Прага

У панядзелак Злучаныя Штаты прадставілі чатыром пастаянным сябрам Рады бясьпекі ААН праект новай рэзалюцыі адносна раззбраеньня Іраку. Брытанская “Financial Times”, якая паведамляе аб гэтым, піша, што новы тэкст рэзалюцыі, больш гнуткі ў вызначэньнях, ёсьць кампрамісам паміж пазыцыяй Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША і больш жорсткай лініяй Рады нацыянальнай бясьпекі краіны. У той час як ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя, Расея і Кітай пачалі разгляд новага праекту рэзалюцыі (а кожная з гэтых краінаў мае права вэта) кіраўнік групы інспэктараў ААН Ганс Блікс накіраваўся ў Маскву, каб абмеркаваць прапановы аб наданьні большых паўнамоцтваў гэтай інспэкцыі ў Іраку.

Газэта “New York Times” адзначае, што адміністрацыя ЗША, якая ў прынцыпе ўвесь час выступала супраць хуткага пачатку працы інспэкцыі ААН, апошнім часам пачала больш інтэнсіўныя кантакты з Гансам Бліксам. Галоўным фактарам, які вымагае паскарэньня ў вырашэньні праблемы, вашынгтонская адміністрацыя называе “акно” – гэта значыць, пэрыяд, падчас якога магчымае правядзеньне ваеннай акцыі ў Іраку. Найбольш аптымальнымі для баявых дзеяньняў там зьяўляюцца зімовыя месяцы, калі ўжо няма сьпёкі і яшчэ не пачаліся навальніцы.

Злучаныя Штаты, працягвае “NYT”, хочуць мець рэзалюцыю, якая б згадвала неабходныя захады – якія могуць трактавацца як ужываньне сілы – у выпадку, калі Ірак адмовіцца выконваць патрабаваньні аб раззбраеньні. З другога боку, Злучаныя Штаты могуць пагадзіцца з тым, каб роля Рады бясьпекі была вырашальнай у вызначэньні гэтых захадаў. Аднак, некаторыя ў амэрыканскай адміністрацыі настойваюць таксама, каб інспэктараў ААН у Іраку суправаджала ўзброеная ахова і каб інспэкцыі было дадзена больш правоў. Дыпляматы ААН апасаюцца – піша газэта, – што прысутнасьць узброеных людзей можа выглядаць правакацыйна ў адносінах да Іраку.

Тым часам, газэта “Wall Street Jornal in Europe” зьмясьціла сёньня камэнтар пад назвай “Садам – Чаўшэску?” Газэта згадвае нядаўняе рашэньне ірацкага дыктатара выпусьціць з турмаў тысячы людзей. Прадстаўнікі ірацкай апазыцыі ў выгнаньні заявілі, што сярод вызваленых не было відаць іхных паплечнікаў. Магчыма, таму, што іх ужо няма ў жывых. У дакладзе дзярждэпартамэнту ЗША аб правах чалавека сёлета адзначалася, што ў Іраку працягваецца практыка сьмяротнага пакараньня ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў і лідэраў мусульман-шыітаў. У дакладзе прыводзяцца таксама сьведчаньні былых вязьняў аб бесчалавечных катаваньнях.

Аднак, на думку газэты, апошні рэфэрэндум аб “перавыбраньні” Садама Хусэйна і запрашэньне замежных журналістаў у краіну, каб яны засьведчылі яго вынікі, гаворыць аб тым, што дыктатар мае праблемы. Ягоныя дзеяньні газэта параўноўвае з паводзінамі іншых дыктатарў у апошнія дні ўлады. Пад ціскам абставінаў яны спачатку спрабавалі ўтаймаваць свой народ і падмануць увесь сьвет. Але гэтыя намаганьні толькі падкрэсьлівалі слабасьць дыктатараў. Пазыцыі лідэра Румыніі Чаўшэску лічыліся найбольш непахіснымі сярод кіраўнікоў Ўсходняй Эўропы, пакуль аднойчы на Каляды яго не расстралялі. “Падобны лёс можа хутка напаткаць і Садама Хусэйна. Ён сыдзе – гвалтоўным шляхам альбо іншым чынам”, – піша ў сваім камэнтары “WSJE”. На заканчэньне гэтае выданьне выказвае пункт погляду, паводле якога “дыктатары больш слабыя, чым ім гэта здаецца”.
XS
SM
MD
LG