Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ 4-ГА СЬЛЯПНЯНСКАГА ЗАВУЛКУ ПЕРАШКАДЖАЮЦЬ БУДАВАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ БІБЛІЯТЭКУ, АДМАЎЛЯЮЧЫСЯ ПАКІДАЦЬ СВАЕ ДАМЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Будаўнічыя працы вядуцца шпарка. Цырымонія закладкі першага каменю ў падмурак будучай бібліятэкі мусіла адбыцца яшчэ 15 кастрычніка, але сарвалася з прычыны непадрыхтаванасьці. Будаўнікам прызначылі новы тэрмін, і каб пасьпець да 1 лістапада, яны вельмі сьпяшаюцца. Як паведамілі ў канцэрне Мінскбуд, рабочыя нават ня маюць канчатковага праекту й штодня чакаюць асобных аркушаў дакумэнту. Акрамя таго, цяпер працы прыпыняюцца, бо будаўнікам перашкаджаюць жыхары некалькіх дамоў, што падпадаюць пад знос. Гаворыць геадэзіст Міхаіл Вяшчыцкі:

(Вяшчыцкі: ) “Уся праблема з прычыны зносу дамоў: адзін трапляе пад цэнтар бібліятэкі. Гаспадара нешта не задавальняе, ён не перасяляецца, мы ня можам пад’ехаць у агарод, а ён не пускае. Вось крыху й спыніліся".

Экскаватары й бульдозэры стаяць пад вокнамі хаты Анатоля Вайкоўскага, а рабочыя сьпілоўваюць апошнія дрэвы. Аднак ягоная сям’я намерваецца застацца зімаваць у сваёй хаце, бо ў мінулую суботу яны спрабавалі пераехаць у новую кватэру на вуліцы Сухарава ды мусілі вярнуцца назад. Гаворыць Анатоль Вайкоўскі:

(Вайкоўскі: ) “Мы прыехалі, але я ня змог бы там пераначаваць, бо ня ўзяў з сабой целагрэйкі: батарэі ня грэюць. Ні ключоў няма, нічога – адны будаўнікі. Рэч у тым, што яны яшчэ не закончылі там будаўніцтва, а нас туды ўжо гвалтам пхаюць".

Суседка Вайкоўскіх Вера Раманчык, сям’ю якой таксама прымушаюць тэрмінова пераяжджаць, кажа, што дачка з унукам увогуле адмаўляюцца ад нядобраўпарадкаванай кватэры. Адміністрацыя Першамайскага раёну пагражае перасяліць іх прымусова, і суседзі намерваліся распавесьці пра сваю бяду прэм’еру Навіцкаму й мэру гораду Паўлаву. Аднак высокія чыноўнікі не пажадалі зь імі сустракацца, а пасьля іхнага ўчорашняга візыту ў Сьляпнянскім завулку абрэзалі апошнія тэлефоны. Гаворыць Вера Раманчык.

(Раманчык: ) “Навіцкі й Паўлаў тут былі, але што гаварылі – невядома, бо нашая начальніца гэтая кажа: а што вам там рабіць? Тэлефон адключылі, ну як жыць далей? Мая дачка будзе біцца да канца".

Кіраўніца аддзелу жытловай палітыкі Першамайскага выканкаму Ірына Філіпава не адмаўляе, што людзей перасяляюць у дом, які мусіў здавацца толькі ў сьнежні, а таму мае шэраг недаробкаў. Аднак яна сьцьвярджае, што да 1 лістапада людзі будуць выселеныя, нават калі гэта адбудзецца ў прымусовым парадку:

(Філіпава: ) “ Канечне, дом мае недаробкі. Але зараз яны ліквідуюцца і па ходу будзе ўсё дароблівацца. Яны сапраўды ўжо перашкаджаюць будаўніцтву, і калі не дадуць згоды, то мы будзем вымушаныя вырашаць пытаньне праз суд. Мы павінны вызваліць пляцоўку да 1 лістапада".

Сёньня кіраўніцтва канцэрну Мінскбуд, які зьяўляецца генэральным падрадчыкам будаўніцтва, правяло на пляцоўцы буйную нараду, каб ужо заўтра распачаць тут маштабныя работы. А дзьве сям’і чакаюць позвы ў суд і спадзяюцца на справядлівае вырашэньне свайго лёсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG