Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАБРЫЭЛА КЁТШАЎ: “КАНЦЛЕР ШРЭДЭР ВЕДАЕ ПРА СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ”


Алена Панкратава, Менск

Паводле Габрыэлы Кётшаў, Беларусь, на жаль, ня ёсьць цэнтральным пытаньнем у зьнешняй палітыцы Нямеччыны. Тым ня менш, беларуская тэма апошнім часам актыўна абмяркоўваецца нямецкімі палітыкамі. Прычына гэтага, паводле спадарыні Кётшаў, наступная:

(Кётшаў: ) “Гэта зьвязанае з тым, што для немцаў сёньня не існуе ніякай іншай краіны, да якой выяўляўся б такі вялікі інтарэс на гуманітарным альбо чалавечым узроўні. Існуе цэлая сетка зацікаўленых, палітыкаў, навукоўцаў, якія клапоцяцца пра будучыню гэтай краіны...”

Пытаюся ў спадарыні Кётшаў, чаму здарылася так, што на нямецка-беларускім міжпартыйным узроўні існуюць кантакты выключна паміж сацыял-дэмакратамі. Паводле беларускіх экспэртаў, партыйны ляндшафт у Беларусі ўвогуле недастаткова разьвіты – усе партыі маюць надзвычай малы ўплыў... Чым для немцаў адметная сярод іншых менавіта БСДП "Народная грамада"?

(Кётшаў: ) "Галоўная праблема беларускіх партыяў – гэта тое, што яны, так бы мовіць, ядуць адна адну. Чаму? Бо гэтыя партыі маюць адну мэту – палепшыць жыцьцё ў Беларусі, маюць шмат ідэяў наконт таго, як зрабіць сваё грамадзтва больш адкрытым. Калі я ўпершыню прыехала ў Беларусь сем гадоў таму, то пачала супрацоўнічаць зь дзьвюма партыямі. З партыяй Статкевіча мы працягваем супрацоўнічаць і дагэтуль. Яны адпавядаюць нашым нямецкім уяўленьням пра сацыял-дэмакратычную партыю. Гэта адпаведная праграма, уменьне працаваць на месцах – у правінцыі яны маюць каля сотні філіяў; прагматызм, стаўленьне да ўдзелу ў выбарах і гэтак далей...

Мне шкада, што іншыя дэмакратычныя партыі Беларусі не ўсталявалі такога супрацоўніцтва. Я сама некалькі разоў спрабавала наладзіць гэтыя кантакты, але, на жаль, супрацоўніцтва залежыць ад канкрэтных людзей. Шкада, што ў Беларусі няма ніякага іншага фонду акрамя сацыял-дэмакратычнага Фрыдрыха Эбэрта. А гэта магло б быць, калі б беларускі бок быў больш ініцыятыўным. У супрацоўніцтве мы можам быць толькі прагматыкамі. Калі браць Шрэдэра, ён ёсьць прагматык. Гэта ён прадэманстраваў, сустракаючыся з Лукашэнкам”.

(Карэспандэнтка: ) “Зараз даводзіцца чуць пра тое, што бундэсканцлер ў часе перамоваў з расейскім прэзыдэнтам Пуціным артыкулюе тэму дэмакратызацыі Беларусі, выйсьця краіны зь ізаляцыі...”

(Кётшаў: ) “Зразумела. Цяперашнія стасункі паміж Нямеччынай і Расеяй вельмі добрыя, і я ведаю, што беларуская тэма ў часе перамоваў Шрэдэра і Пуціна, сапраўды, артыкулюецца. Нямеччына актыўна падтрымлівае Расею ў тым, каб Масквой было знойдзенае аптымальнае рашэньне беларускага пытаньня. Дарэчы, з канцлерам Шрэдэрам я сустракаюся пэрсанальна, калі да нас прыяжджае дэлегацыя беларускіх сацыял-дэмакратаў. Я прысутнічаю пры сустрэчы лідэра нямецкіх сацыял-дэмакратаў зь беларускім. Канцлер Нямеччыны ведае аб'ектыўную сытуацыю ў Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі гаварыць пра прагматызм нямецкіх палітыкаў – вядома, што на ўзроўні афіцыйнага Менску і нямецкай дыпляматыі вядуцца перамовы наконт місіі АБСЭ ў Беларусі...”

(Кётшаў: ) “Пра тыя перамовы, якія мне вядомыя. Яны ёсьць, аднак зазначу, мне невядома, наколькі яны могуць быць пасьпяховымі. Шкада, што такі выдатны дыплямат, як Эбэргарт Гайкен, зь якім можна добра супрацоўнічаць, не акрэдытаваны афіцыйным Менскам. Буду рэалістычнай: да 29 кастрычніка ніякіх посьпехаў у гэтым пытаньні ня будзе... Аднак пасьля 29-га перамовы будуць весьціся зноў. І будзе нейкі новы пачатак, хутчэй за ўсё, дэталёвае абмеркаваньне задачаў місіі, найгалоўная зь якіх –адсочваньне сытуацыі з правамі чалавека. Канечне, гэта тое, што не падабаецца любому ўраду. Аднак лічу, што місія будзе працаваць, але гэта будзе новы пачатак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG