Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУПА АБСЭ Ў МЕНСКУ Ў ЦЯПЕРАШНІМ ФАРМАЦЕ ПРАЦАВАЦЬ НЯ БУДЗЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Сычова, урад мае "вельмі дакладную пазыцыю" ў пытаньні супрацоўніцтва з АБСЭ і знаходжаньня ў Менску місіі гэтай арганізацыі. І гэтая афіцыйная пазыцыя беларускіх уладаў была даведзеная да кіраўніцтва АБСЭ беларускім прадстаўніком Віктарам Гайсёнкам, які выступіў на Сталай Радзе АБСЭ ў Вене. Сутнасць гэтай пазыцыі было даручана выкласьці для прэсы прэсаваму сакратару МЗС Паўлу Латушку:

(Латушка: ) “Пазыцыя ўраду Беларусі заключаецца ў тым, што місія АБСЭ ў яе цяперашняй форме працаваць у Беларусі ня будзе. Пры гэтым неабходна падкрэсьліць, што беларускі бок не адмаўляецца ад супрацоўніцтва з АБСЭ, але мы лічым, што пытаньне групы – гэта пытаньне тэхнічнае, другараднае. Мы гаворым аб формах, прынцыпах супрацоўніцтва АБСЭ зь Беларусьсю, якія былі б зразумелыя для ўраду нашай краіны. Калі ў гэтым будзе заключацца сэнс дзейнасьці місіі, калі яе дзейнасьць будзе грунтавацца на ўзаемным даверы і павазе да меркаваньняў прымаючай краіны, на падставе дакладных і зразумелых мэтаў і задач, мы разгледзім пытаньне аб працы КНГ АБСЭ ў Беларусі”.

Павал Латушка зазначыў, што не разглядае гэтую пазыцыю як ультыматум АБСЭ, бо беларускі ўрад гатовы да працягу прысутнасьці АБСЭ, але на іншых прынцыпах.

"Упершыню за ўвесь час беларускі бок запатрабаваў адмысловага рашэньня Сталае рады аб закрыцьці КНГ АБСЭ ў Менску", – так расцаніла заяву Віктара Гайсёнка на Сталай радзе прадстаўнік самой місіі АБСЭ Аліна Жасан. У офісе АБСЭ ў Вене на мінулым тыдні выступалі з заявамі, што не зьбіраюцца зачыняць групу АБСЭ ў Менску нават пасьля ад'езду апошняга дыплямата. Акрэдытацыя адзінага дыплямата, які застаўся ў КНГ АБСЭ, грамадзянкі Малдовы Аліны Жасан заканчваецца 29 кастрычніка. Тыдзень таму яна падала дакумэнты на яе працяг, але не разьлічвае на станоўчы вынік і пакрысе зьбірае свае рэчы. У любым выпадку, без дыпляматычнага статусу Аліна Жасан не зьбіраецца заставацца ў Беларусі. Акрамя Аліны Жасан, у штаце КНГ АБСЭ цяпер 10 супрацоўнікаў без дыпляматычнага статусу, грамадзян Беларусі. Іх працоўны лёс і лёс групы ў цэлым пакуль ня вызначаны. Гаворыць Аліна Жасан:

(Жасан: ) “Пра гэта яшчэ ў Вене вядуцца перамовы – паралельна і на палітычным узроўні, і чыста тэхнічна, і адміністратыўна, як яны бачаць працу групы безь мяне. Я ў чаканьні інструкцыяў, заўтра-пасьлязаўтра павінны быць інструкцыі з гэтай нагоды, бо часу зусім ужо мала.

На гэты момант, паводле інфармацыі Аліны Жасан, пакуль ніякага кампраміснага рашэньня няма. Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў кажа, што беларуская пазыцыя ў гэтай праблеме не абмяжоўваецца пытаньнем існаваньня місіі АБСЭ ў Менску:

(Сычоў: ) “Цяперашняе пытаньне больш глыбокае, сёньня мы гаворым пра дзейнасьць АБСЭ, якая павінна быць празрыстай, транспарэнтнай, у якой павінен быць дакладана сфармуляваны мандат, які ня можа насіць расплывісты характар. Цяпер ідзе перамоўны працэс, ён ужо пачаўся і адпаведна з гэтымі кансультацыямі ці перамовамі будзе выпрацоўвацца і форма ўзаемадзеяньня”.

Спадар Сычоў адмовіўся гаварыць пра магчымыя тэрміны спыненьня дзейнасьці групы АБСЭ ў Менску, спаслаўшыся на тое, што пакуль ідуць кансультацыі.
XS
SM
MD
LG