Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ ГАРАДЗКІ СУД ПРЫНЯЎ РАШЭНЬНЕ НА КАРЫСЬЦЬ ВОЛЬГІ ІПАТАВАЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менскі гарадзкі суд адмяніў рашэньне Маскоўскага раённага суду, паводле якога былая старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава мусіла расплочвацца за даўгі пісьменьніцкай арганізацыі. Такім чынам, 800 тысяч рублёў, якія меліся спагнаць зь Іпатавай за камунальныя ды іншыя даўгі саюзу, магчыма, цяпер будуць спагнаныя зь Міністэрства фінансаў. Гэта адбудзецца, калі ў выніку паўторнага разгляду пазову пісьменьніцы раённы суд пагодзіцца зь ёй у тым, што Мінфін парушыў закон аб бюджэце.

(Іпатава: ) "Міністэрства фінансаў паводзіла сябе, скажам гэтак, неразумна, таму што ня выканала закон аб бюджэце і перапыніла фінансаваньне Саюзу пісьменьнікаў, нават не папярэдзіўшы аб гэтым. У выніку была створаная гэтая пастка, калі мы апынуліся ў даўгах, а нашую маёмасьць апісвалі ды прадавалі ў камісійнай краме, каб заплаціць заробак супрацоўнікам. Гэта была дакладна правакацыя, створаная дзяржавай супраць Саюзу пісьменьнікаў".

Нагадаем, улетку бухгальтарка Саюзу пісьменьнікаў выйграла суд супраць сваёй арганізацыі, якая ня ў стане была сплаціць ёй леташні заробак. Каб разьлічыцца з пэрсаналам, давялося нават прадаваць праз камісійную краму частку маёмасьці Саюзу, але ўсё роўна большасьць сваіх даўгоў Саюз пісьменьнікаў гэтак і не сплаціў. Фінансавы стан арганізацыі і цяпер застаецца вельмі цяжкім, сьведчыць намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Барыс Сачанка.

(Сачанка: ) "Няма нават грошай, каб утрымліваць сакратарку ці бухгальтара, што вельмі важна. Мы працуем на грамадзкіх асновах, бо сёньня Саюз пісьменьнікаў ёсьць грамадзкай арганізацыяй, таму мы нават не спадзяемся на нейкія заробкі".

Між тым, новае кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў працягвае дамагацца, каб дзяржава цалкам разьлічылася паводле забавязаньняў, якія дзейнічалі, калі Саюз быў на ўтрыманьні бюджэту – а гэта некалькі мільёнаў рублёў. Толькі, у адрозьненьне ад Вольгі Іпатавай, якая дзейнічала праз суд, новае кіраўніцтва Саюзу ідзе іншым шляхам. Барыс Сачанка, спасалаючыся на старшыню Саюзу Алеся Пашкевіча, кажа, што ў фінансавым пытаньні назіраецца пэўны прагрэс.

(Сачанка: ) "Я ведаю, што Алесь атрымаў ліст ад адміністрацыі прэзідэнта, дзе сказана, што грошы, якія дзяржава павінна была выплаціць за 2001 год, калі Саюз быў яшчэ на дзяржаўным фінансаваньні, хутчэй за ўсё, будуць сплочаныя".

Паводле Барыса Сачанкі, ёсьць спадзяваньні на палёгку і ў аплаце камунальных плацяжоў, але пакуль усё гэта толькі на ўзроўні абяцаньняў.

Што да спробы Вольгі Іпатавай праз суд прымусіць Міністэрства фінансаў Беларусі разьлічыцца з Саюзам пісьменьнікаў, то гэтае пытаньне зноў будзе вырашаць Маскоўскі раённы суд. Адвакат Іпатавай Вера Страмкоўская перакананая, што цяпер раённым судзьдзям будзе вельмі складана зноў прыняць рашэньне на карысьць Мінфіну.
XS
SM
MD
LG