Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ МЕНЧУКІ ПРА МАГЧЫМАЕ ЎВЯДЗЕНЬНЕ АДМЫСЛОВАГА ЗАМЕЖНАГА ПАШПАРТУ?


Ганна Соўсь, Менск

Ці хочуць беларусы мець два пашпарты – адзін для ўнутраннага карыстаньня, а другі для паездак за мяжу – замест цяперашняга адзінага пашпарту? Многія мае суразмоўцы ўжо чулі пра магчымае ўвядзеньне земежнага пашпарту. Адметна, што большасьць зь іх адразу ж узгадвалі савецкія часы й жорсткую сыстэму дзяржаўнага кантролю за выездам грамадзянаў за мяжу. І таму ў большасьці мінакоў рэакцыя на прапанову ўвесьці замежныя пашпарты была адмоўнай.

(Спадарыня: ) "Зараз у мяне адзіны пашпарт. А якая карысьць ад двух? У чым сэнс?"

(Спадар: ) "Адзін пашпарт, канечне. На што гэтыя лішнія... як раней было – замежны й такі. Лепш мець адзін пашпарт".

(Другі спадар: ) "Для мяне больш зручна было б мець пашпарт грамадзяніна, які быў бы адзіны й дазваляў бы мне рабіць тое, што й усім грамадзянам цывілізаваных краінаў".

(Трэці спадар: ) "Увогуле, чалавеку трэба мець адзіны пашпарт. Два – гэта будзе вялікая блытаніна. Ва ўсіх цывілізаваных краінах адзін пашпарт у чалавека. Чаму ў нас павінна быць два, я не магу зразумець... Гэта нехта вырашыць на гэтым грошы зарабіць”.

(Чацьверты спадар: ) "Нашто мець замежны пашпарт, калі можна мець адзіны пашпарт ды паставіць пячатку, каб можна было й за мяжу ездзіць".

Былі й іншыя меркаваньні. Некаторых не хвалюе магчамае ўвядзеньне замежнага пашпарту. Былі й тыя, хто вітае гэты крок.

(Спадар: ) "Мабыць, і патрэбна два мець. Хто яго ведае. Нам усё роўна, два дык два".

(Спадарыня: ) "Я думаю, што патрэбны, бо ў многіх краінах ня ведаюць, што ёсьць такая краіна Беларусь. Калі будзе замежны пашпарт, то людзі даведаюцца, што мы ёсьць, што жыве Беларусь і будзе жыць".

(Спадар: ) "Абавязкова патрэбны. Мы займаемся міжнароднымі перавозкамі. У нас пашпарту хапае на год, на восем месяцаў. Канечне, лепш, каб было два пашпарты. І чым больш старонак, тым лепей".

(Другі спадар: ) "Мы – за, за новы пашпарт, каб два было".

(Спадарыня: ) "Нашто за мяжу нам езьдзіць? Я ўжо старая, няма чаго за мяжу езьдзіць".

Многія апытаныя скардзіліся на тое, што ў цяперашнім адзіным пашпарце мала старонак, а вось візы беларусам патрэбныя амаль ва ўсе краіны, і таму цяперашні пашпарт хутка сканчваецца.

(Спадар: ) "За год, за паўтара пашпарт звычайна заканчваецца. Але я ведаю людзей, у якіх ён заканчваецца праз тры месяцы".

(Спадар: ) "Ва Ўкраіну й Расею віза непатрэбная. У Польшчу хутка робяць. Пакуль ніякіх праблемаў з атрыманьнем візаў не было. Можа, потым будуць. Пяць мінімальных заробкаў і на працягу месяца ў нашых АВІРах ставяць пячатку".

(Спадарыня: ) "Мяняла пашпарт. Два тыдні. Усё лепш, чым два мець. Усё роўна й той закончыцца хутка. Закончыцца, калі ездзіш".
XS
SM
MD
LG