Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАМУ БЕЛАРУСКІЯ ЭМІГРАНТЫ Ў ПОЛЬШЧЫ НЯ МОГУЦЬ ЗНАЙСЬЦІ АГУЛЬНУЮ МОВУ?


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Прыкладам, лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк лічыць, што ў Польшчы, акрамя яго і ягонай сям’і, палітычных эмігрантаў няма. “Тут ёсьць ад сілы некалькі дзясяткаў бізнэсоўцаў і журналістаў, якіх напалохалі спэцслужбы, ды пару хлопцаў, што атрымалі дубінкай па карку і адразу зрабіліся палітыкамі. Аднак ім толькі падаецца, што яны займаюцца палітыкай”, – сказаў “Rzeczspospolitеj” Зянон Пазьняк.

Іншыя – ад былога прыхільніка Лукашэнкі, бізнэсоўца і дэпутата палаты прадстаўнікоў, а цяпер намесьніка старшыні Зьвязу Беларускіх палітычных уцекачоў Валера Кругавога да сябра незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Антона – распавядаюць пра свае спробы выжыць у чужой краіне ды далейшыя спробы займацца палітыкай.

Цікавым падаецца меркаваньне вядомага беларускага пісьменьніка зь Беласточчыны Сакрата Яновіча, які кажа, што слабасьць цяперашняй хвалі беларускай эміграцыіі ў тым, што яна ня мае апоры за мяжой. Паводле спадара Яновіча, цяперашнія эмігранты ў большасьці значна больш адукаваныя, чымся іхныя суайчыньнікі з паваеннай хвалі, і маюць зусім іншыя погляды, таму ім цяжка знайсьці агульную мову.

У артыкуле не бракуе таксама меркаваньняў, што шмат хто з эмігрантаў – гэта людзі, далёкія ад палітыкі, прыкладам, бізнэсоўцы, якія, зьехаўшы ў Польшчу, вымушана зрабіліся апазыцыянэрамі, каб атрымаць тут прытулак.

Аднак усе гэтыя меркаваньні – гэта, перадусім, погляд беларусаў на беларусаў, і таму погляд a priori суб’ектыўны. Я запытаўся у аўтара матэрыялу, аглядальніка “Rzeczspospolitеj” Аркадыюша Бартосяка, якой яму падалася сучасная беларуская эміграцыя ў Польшчы.

(Бартосяк: ) “Перадусім, яна вельмі незарганізаваная, нягледзячы на шматлікія спробы аб’яднаньня. Добра, што гэткія спробы ёсьць, бо толькі аб’яднаная эміграцыя можа насамрэч уплываць на лёс сваёй краіны з-за мяжы. На маю думку, кансалідацыі перашкаджае тое, што эмігранты ў асноўным людзі маладыя. Часта яны прыяжджаюць на чужыну ўжо пасвараныя, таму мусіць мінуць пэўны час, пакуль прыйдзе разуменьне, што тут на тыя сваркі трэба забыцца. Яшчэ важны момант – беларусы нярэдка маюць клопат з самавызначэньнем. Я сустракаўся з рознымі эмігрантамі. Адзін кажа – той ня ўмее добра гаварыць па-беларуску, другі – ён ня ў тым парлямэнце быў, трэці – агент і гэтак далей. На пачатку гэткіх рэчаў нельга пазьбегнуць, і я пра гэта напісаў. Спадзяюся, што беларускія эмігранты не падумаюць, што я хацеў іх толькі скрытыкаваць. Насамрэч – наадварот, я жадаю ім ўсяго найлепшага і хачу, каб пасьпяхова разьвіваліся тыя арганізацыі, якія існуюць і яшчэ паўстала нешта кшталту беларускага інфармацыйнага цэнтру. Гэта рэч вельмі важная”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Бартосяк, часам можна пачуць, што ўнутры Польшчы ёсьць сілы, якія ня хочуць, каб тут паўсталі моцныя эмігранцкія арганізацыі. Як вы думаеце, ці гэта праўда?”

(Бартосяк: ) “Я ня ведаю, каму ў Польшчы было б выгодна, каб беларусы не аб’ядноўваліся і ня мелі тут моцнага голасу. Я, канечне, чуў думкі, што Польшча робіць тое, што ёй загадвае Захад і таму забываецца на Беларусь, бо Беларусь, маўляў, пакінутая ўплывам Масквы. Але я ў гэта ня веру. Думаю, што прыйдзе час, што мы яшчэ больш будзем цікавіцца тым, што дзеецца ў Беларусі. І я спадзяюся, што ў Польшчы ніхто не зацікаўлены ў тым, каб перашкаджаць змаганьню беларускай апазыцыі з рэжымам. Прычым, як апазыцыі, якая знаходзіцца ў Беларусі, так і ў Польшчы. Я магу памыляцца, але не хацеў бы”.
XS
SM
MD
LG