Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЕЧАКАНАЕ ВЯРТАНЬНЕ “РАГНЕДЫ”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Апошнія гады мы ўжо звыкліся з тым, што маладыя музыканты, па-першае, усё часьцей зьвяртаюцца да народнае песеннае спадчыны; па-другое, пачынаюць ставіцца да яе ўсё больш сьмела. Аднак першым калектывам у Беларусі, які рызыкнуў паспрабаваць спалучыць элемэнты народнай музыкі беларусаў са стылістыкай амэрыканскай музыкі кантры, стаў ансамбль “Рагнеда”. У ім, заўважу, выступаюць толькі прафэсійныя музыканты з багатым сцэнічным вопытам.

Важна й тое, што “Рагнеда”, па сутнасьці, прыйшла да нас з Захаду, дакладней, зь Нямеччыны, дзе быў выдадзены дэбютны альбом калектыву з падзагалоўкам “White Russian Country Western Fusion”, што й адзначала, па сутнасьці, грымучы кактэйль народнай беларускай мэлёдыкі з амэрыканскай музыкай кантры.

Што? Як? Чаму? Адкуль? — гэтыя і шмат іншых пытаньняў адразу ж узьніклі ў мяне, як толькі я праслухаў згаданы альбом. Адказаць жа на гэтыя і іншыя пытаньні можа толькі адзін чалавек: музычны кіраўнік калектыву, аўтар многіх песень і амаль усіх аранжыровак Уладзімер Гінько, якога мы запрасілі ў нашую студыю. Вітаю вас, спадар Уладзімер!”

(Уладзімер Гінько: ) “Добры дзень!”

(Падбярэскі: ) “Пералічваючы ўсе тыя ролі, якія вы выконваеце ў ансамблі “Рагнеда”, я, мусіць, забыўся згадаць яшчэ адну: аўтара ідэі гэткай канцэпцыі. Як жа яна нарадзілася, дзе і пры якіх абставінах?”

(Гінько: ) “Ідэя зьявілася даўным-даўно. Мне давялося жыць у Злучаных Штатах Амэрыкі, у 1995–96 гадах. Я цэлы год пражыў у Чыкага і кожны вечар слухаў музыку кантры. І калі вярнуўся ў Беларусь, мне падалося, што калектывы, якія выконваюць беларускія народныя песьні, акрамя “Песьняроў”, усе неяк падобныя адзін да аднаго, сьпяваюць адно і тое ж. І мне зрабілася аж неяк сумна, таму што дзе фантазія, дзе які-небудзь палёт, дзе якая-небудзь сьмеласьць?

І вось я вырашыў зрабіць такі гурт, нечаканы для беларусаў. Мяне запрасілі працаваць у “Рагнеду” ў 1996 годзе, калі гэты калектыў меў назву “Ансамбль народнай песьні”. Я прывозіў у Заслаўль свае апрацоўкі беларускіх народных песень, а потым кіраўнік ансамблю Міхась Лявонаў кажа, што няма больш сілаў змагацца, і грошай няма, і сілаў няма, і гэтыя песьні… усё мне надакучыла, ня буду болей кіраўніком, самі сьпявайце, што хочаце! Паклікалі мяне і сказалі: толькі ты можаш выратаваць становішча. Зь вялікай радасьцю!”

(Падбярэскі: ) “І прапанавалі вам вось гэтую канцэпцыю?”

(Гінько: ) “Не! Але я стаў кіраўніком гэтага калектыву і адразу ж пачаў працаваць у гэтым стылі”.

(Падбярэскі: ) “Што, на вашую думку, агульнага паміж народнай беларускай мэлёдыкай і вясковай амэрыканскай музыкай?”

(Гінько: ) “У Амэрыцы кантры-музыка — гэта музыка простых людзей, якія жывуць на ранча. І ў нас падобную музыку дужа любяць, паважаюць людзі зь вёскі, простыя людзі”.

(Падбярэскі: ) “Дык што ж агульнага — рытміка там, мэлёдыка?”

(Гінько: ) “Мне здаецца, гэтая музыка — і кантры, і беларуская народная музыка — ляжыць дужа блізка да сэрца чалавека. Такая мэлёдыка, такія рытмы, што чалавек, як папрацаваў добра, прыйшоў дахаты, выпіў можа сто грамаў якіх, і тут шкваркай закусіў, а там гамбургерам якім, але ж трэба троху патанчыць, пасьпяваць песьню. І там сьпяваюць прыблізна такую ж музыку, як і ў Беларусі”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, агульны грунт вы знайшлі такі духоўны, ня чыста музычны?”

(Гінько: ) “Духоўны, так! Не для камэрцыі ні для якой, больш для душы чалавека”.

(Падбярэскі: ) “Мне, па вялікім рахунку, здаецца, што ваш дэбютны альбом толькі заявіў пра нараджэньне новай ідэі. Гэта так і ці будзе нейкае разьвіцьцё?”

(Гінько: ) “Мы запісалі яго ў Беларусі, а потым мой мэнэджэр выпусьціў гэты альбом у Нямеччыне, падпісаў з намі кантракт. У гэтым альбоме можна знайсьці чатыры-шэсьць апрацовак у стылі кантры. Астатнія песьні там зробленыя яшчэ ў той манеры, у народнай. Але ж мы рыхтуем яшчэ адзін альбом, у якім будзе ўжо працэнтаў 80 такіх вось апрацовак — і рок-н-рольных, і кантры, і вэстэрн. Мы ўжо так разьвіваемся вельмі добра”.

(Гінько: ) “І калі хто хоча заслухаць новыя нашыя кампазыцыі, 1 лістапада мы зайграем свой першы сольны канцэрт у Палацы Рэспублікі, у малой залі”.

(Падбярэскі: ) “А пры чым тут, можа запытацца ўедлівы слухач, такая менавіта назва калектыву — “Рагнеда”? Я так зразумеў, што яна засталася як спадчына?”

(Гінько: ) “Тое ж самае, як і “Комсомольская правда”, газэта. Быў камсамол, цяпер яго няма, а газэта засталася. Так і там: была назва “Рагнеда”, таму што калектыў з Заслаўя, а ў Заслаўі імя Рагнеды — гэта сьвятая сьвятых. Кожны жыхар ведае, хто такая Рагнеда. Другой назвы для калектыву мы знайсьці не маглі”.

(Падбярэскі: ) “І не хацелі, мусіць”.

(Гінько: ) “І не хацелі! А як зьмяніць назву, дык гэта зьмяняецца цэлы сьвет. Добрая назва! Рагнеда. Чытаецца на ўсіх мовах, і лацінскімі літарамі пішацца добра, прыемная для слыху і для душы для нашай, і вельмі такая добрая, нібы багіня, сьвятая”.

(Падбярэскі: ) “Як вядома, праект “Рагнеда” — гэта нешта накшталт вашага гобі, праца ў вольны ад асноўнай час. Вы, між тым, музычны кіраўнік інструмэнтальнай групы ансамблю “Харошкі”. Ня шкодзіць адно аднаму?”

(Гінько: ) “Не, ня шкодзіць. Зараз мы робім з Валянцінай Гаявой, кіраўніком ансамблю “Харошкі”, праект, які будзе да 30-годзьдзя гэтага калектыву. Там будуць абрадавыя кампазыцыі ўсіх пораў году. Я над ім працую. Працую цяпер і над запісам новага дыска, які будзе мець назву “Лірыка”. 11 гадоў не было новага дыска ў гэтага цудоўнага ансамблю. Мы пішам музыку, зь якой 80% будуць мае апрацоўкі і нават аўтарская музыка.

“Рагнеда” ж — гэта маё захапленьне, мой вольны час, гэта мая душа, гэта мой праект, які, думаю, будзе мець посьпех і ў нас, і за мяжою”.

(Падбярэскі: ) “Я асабіста таксама схільны верыць у тое, што працяг будзе, і працяг даволі цікавы. Ведаю, што зараз для вас пашылі вельмі цікавыя касьцюмы па мадэлях, тыповых для амэрыканскага кантры”.

(Гінько: ) “Не зусім. Але пашытыя яны зь беларускіх тканін і маюць назву “Беларускае кантры”. Гэта такая нейкая стылізацыя. Стварыў гэтыя эскізы Юры Піскун, вядомы мастак, які рабіў эскізы да касьцюмаў нашага “Полацкага сшытку”, для “Бліскавіц”, і ансамблю танца, і “Купалінкі”. Гэта вельмі вядомы чалавек, які мае свой асаблівы почырк”.

(Падбярэскі: ) “Хто ўдзельнічае ў вашым праекце і наколькі ахвотна музыкі ансамблю падзяляюць вашыя ідэі? Ці сустракалі вы каго-небудзь, хто б выказаўся супраць?”

(Гінько: ) “У маім калектыве такога чалавека няма. Маленькія-маленькія грошы, там гэтыя 30–40 тысяч рублёў, яны прыходзяць на рэпэтыцыі, іграюць, вучаць ноты напамяць, неяк фанатычна да гэтага ставяцца. І любы канцэрт, любая пляцоўка, выступленьне для іх — як адпачынак для душы. Мы працуем то ў Заслаўі, то ў Менску, ёсьць пляцоўка для рэпэтыцыяў, ёсьць апаратура, інструмэнты, касьцюмы — можна працаваць!”

(Падбярэскі: ) “Дзякаваць Богу, многія калектывы пра гэта толькі мараць!”

(Гінько: ) “Так, дзякаваць Богу! 1 студзеня споўніцца тры гады, як мы займаемся гэтай творчасьцю. Нешта мы атрымалі: і кампакт-дыск у Нямеччыне, і касьцюмы…”

(Падбярэскі: ) “Дарэчы, чаму ж ён быў выдадзены ў Нямеччыне, а не ў Беларусі?”

(Гінько: ) “Там мы знайшлі чалавека. Стварылася такая цікавая штука, што мы паехалі калектывам у Нямеччыну. Паехалі так, на злом галавы: не было ні дзе жыць, ні дзе іграць. Прыехалі, і адзін сябра кажа, што добра, вы мне спадабаліся, я выдам ваш дыск і зраблю вам фэстываль, на якім мы і пабывалі ў ліпені. Фэстываль быў вельмі добры, там працавалі каманды з Шатляндыі, Аўстраліі, Амэрыкі. Нас прымалі вельмі добра, у канцы выступленьня танчылі ўсе, усе немцы танчылі!”

(Падбярэскі: ) “Крыві”, “Палац”, “Юр’я”, “Тройца” — наколькі пасьпяхова, на вашую думку, гэтыя калектывы працуюць зь беларускім фальклёрам?”

(Гінько: ) “Мне падабаецца з гэтых калектываў найбольш “Тройца”. Я ўсе гэтыя каманды ведаю, але ж нядаўна я паглядзеў відэафільм, які прапанаваў мне паглядзець Сяргей Раінчык, які агучваў апошні канцэрт “Тройцы” ў Тэатры эстрады. Я ледзь ня страціў розум: вельмі прафэсійна хлопцы ўсё робяць і вельмі цікавы фальклёр, аранжыроўкі цікавыя, такія інструмэнтальныя хады. Гэты калектыў бліжэй да мяне па прафэсійным падыходзе да беларускай песьні. “Палац” — таксама знакаміты наш беларускі калектыў нароўні зь “Песьнярамі”, у яго ёсьць імя”.

(Падбярэскі: ) “Я, Уладзімер, хацеў бы сказаць: Нямеччына — Нямеччынай, “Харошкі” — “Харошкамі”, але ж беларускія слухачы, яшчэ раз нагадваю, змогуць пабачыць калектыў “Рагнеда”, пачуць на ўласныя вушы сумеснае музыкаваньне, вобразна кажучы, беларускага Янкі з амэрыканскім Джонам у малой залі Палацу Рэспублікі 1 лістапада”.

(Гінько: ) “Мы будзем працаваць дзьве часткі канцэрту. У асноўным працэнтаў 70 будзе стылізаванай музыкі — кантры, рок-н-ролу, працэнтаў 10 будзе музыка іншых краінаў сьвету. Мы будзем выконваць ірляндзкі гімн, ірляндзкую сюіту ў трох частках, дзе будзем іграць на беларускай дудзе, ірляндзкую музыку на беларускіх цымбалах, якія заменяць банджа. Будзем іграць рытмы грэцкія, амэрыканскія, бразыльскі карнавал будзе трошкі такі вось, будуць тырольскія песьні. Нам хочацца, каб была нейкая разнастайнасьць”.
XS
SM
MD
LG