Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ: “ТУРМА ДЛЯ ЖУРНАЛІСТА ЦІ ПАЛІТЫКА — ГЭТА ПРОСТА ПРАФЭСІЙНАЯ ХВАРОБА”


Ірына Халіп, Менск

На гэтым тыдні Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў прысуд галоўнаму рэдактару газэты “Рабочы” Віктару Івашкевічу. Нагадаем, што ён абвінавачваўся ў абразе прэзыдэнта і быў асуджаны на два гады абмежаваньня волі. Засталася надзея толькі на апошнюю інстанцыю — Вярхоўны суд Беларусі. Але галоўны рэдактар “Рабочага” верыць не ў аб’ектыўнасць судовай улады, а ў аб’ектыўнасьць ўласнай пазыцыі. Сёньня Віктар Івашкевіч — госьць Ірыны Халіп.

(Ірына Халіп: ) “Суды ў нашай краіне здаюцца бясконцымі, але пакуль чалавек не прайшоў апошнюю інстанцыю, у яго застаецца вера ў лепшае. Віктар, у вас наперадзе Вярхоўны суд. Ці захоўваеце вы веру ў яго справядлівасьць і аб’ектыўнасьць?”

(Віктар Івашкевіч: ) “Я захоўваю веру ў сябе і ў сваіх сяброў. А ў судах, як і ў міліцыі, проста служаць людзі, якія выконваюць загады, што ім даюцца з адміністрацыі прэзыдэнта. І таму — што вызначана, тое вызначана. Магчыма, па нейкіх прычынах будзе прынятае рашэньне зьмякчыць ці, наадварот, пагоршыць прысуд. Але гэтае залежыць не ад судзьдзяў і не ад мяне, а ад нейкіх палітычных раскладаў — магчыма, нават зьнешнепалітычных”.

(Халіп: ) “Ці можа, на вашую думку, абараніць чалавека ў Беларусі міжнародная супольнасьць, праваабарончыя арганізацыі Эўропы?”

(Івашкевіч: ) “Я думаю, той розгалас, які падняла міжнародная супольнасьць у дачыненьні да журналістаў і асабіста мяне, уплывае на зьмякчэньне прысудаў. Далі ж ня пяць гадоў, а два, і не турмы, а “хіміі”. Але каб дамагчыся апраўдальнага прысуду, сілаў міжнароднай супольнасьці не хапае”.

(Халіп: ) “А можа, гэта нашых унутраных сілаў не хапае? Можа, мы мусілі былі зрабіць штосьці іншае, можа, супраціў павінен быць больш моцным?”

(Івашкевіч: ) “Натуральна, так. Мы маглі б у свой час выбраць прэзыдэнтам Пазьняка ці Шушкевіча, і не было б тых праблемаў, што мы сёньня маем. Ці на маніфэстацыі маглі б выйсьці не 5 тысяч, а 150 тысяч — таксама штосьці б памянялася. І ня марыць пра Савецкі Саюз, а адразу, як літоўцы, накіроўвацца ў Эўропу. І размаўляць па-беларуску, а не па-расейску, і ня слухаць расейскую папсу, а слухаць “NRM” і народны фальклёр.

Але мы паступова становімся цывілізаванымі эўрапейцамі, і паступова прыходзіць да нас новае жыцьцё, і таму мы як грамадзтва заслугоўваем тыя цяжкасьці, што маем сёньня. І тут ня трэба шукаць, хто вінаваты: палітык, які не пераканаў народ у тым, што трэба жыць па-эўрапейску, ці народ, які ня ведае, як жывуць у цывілізаваных краінах. Такі лёс”.

(Халіп: ) “Значыць, і вы заслугоўваеце свой прысуд?”

(Івашкевіч: ) “Натуральна, таму што ведаў, куды лез, а мог ня друкаваць той матэрыял, мог не засноўваць незалежную газэту. А калі палез туды — кожны занятак мае свае прафэсійныя хваробы. Дык вось, турма для журналіста ці палітыка — гэта проста прафэсійная хвароба”.

(Халіп: ) “Вы казалі, што маглі ня лезьці туды, у гэтую справу. А якія ў вас былі іншыя шляхі, калі сёньня азірнуцца назад?”

(Івашкевіч: ) “Пайшоў бы працаваць у “Чырвоную змену” — і працаваў бы дагэтуль. Ці грузчыкам працаваў бы, як калісьці. Ці ў бізнэс пайшоў бы. Многа было варыянтаў, але... “Всё, что нам гибелью грозит, для сердца смелого таит неизъяснимо наслажденье”. Мне падабаецца адрэналін і падабаецца палітычная дзейнасьць — за вастрыню адчуваньняў. І турма — гэта таксама вострае адчуваньне”.

(Халіп: ) “Калі я разважала наконт сытуацыі з прэсай, я, шчыра кажучы, ня ўбачыла тэндэнцыі: у незалежных газэтах былі публікацыі і больш жорсткія, і больш вострыя. Чаму ўлады чапляюць тых, каго чапляюць? Ці існуе, на ваш погляд, тэндэнцыя ці проста ўсё залежыць ад дурнога настрою Лукашэнкі?”

(Івашкевіч: ) “Думаю, што рашэньне прыціснуць незалежную прэсу было прынятае яшчэ падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Тады ж і былі ўзбуджаныя ўсе гэтыя крымінальныя справы. А потым на працягу году ўлады думалі, што ж рабіць і ўрэшце прынялі рашэньне пакараць па найменшай шкале ад магчымай.

З аднаго боку, гэта кампраміс, саступка, але з другога — гэта пасланьне ўсім журналістам на тэму “майце розум, калі што — мы вас усіх паставім на месца”. І зараз кожны журналіст, калі піша, думае: “А што, калі мяне за гэтае прыцягнуць да адказнасьці?” — і так пачынаецца самацэнзура. Натуральна, рэжым слабее, і чым слабейшы ён робіцца, тым больш яму патрэбныя рэпрэсіі як мэханізм самазахаваньня. Таму што калі народ падтрымлівае — ня трэба ніякіх рэпрэсіяў. А калі падтрымкі няма — на дапамогу рэжыму прыходзяць рэпрэсіі. І яны будуць узмацняцца — у дачыненьні да журналістаў, палітыкаў і гэтак далей”.

(Халіп: ) “А вы ў большай ступені журналіст ці палітык?”

(Івашкевіч: ) “У мяне тут пэўная шызафрэнія — падваеньне асобы. Я пачынаў як палітык, і газэту я ствараў як палітык, але чым больш я займаўся журналістыкай, тым больш разумеў, што журналіст павінен быць нэўтральным і ня быць ангажаваным да нейкай палітычнай плыні.

І бывалі такія сытуацыі, калі я як сябра БНФ быў у канфлікце зь Мікалаем Статкевічам, але як журналіст даваў яму выступіць на старонках сваёй газэты, за што мяне асуджала маё кіраўніцтва. І я разводзіў рукамі і тлумачыў, што вось тут я — бээнэфавец, а вось там — журналіст і мушу быць больш плюралістычным. Добра разумею, што гэтае трэба ўжо прывесьці да нейкага знамянальніка. І, хутчэй за ўсё, я буду палітыкам”.

(Халіп: ) “Але, памятаю, пасьля дэманстрацыі 25 сакавіка зусім маладыя палітыкі скардзіліся, што ні вас, ні Вячоркі не было на судах, калі судзілі іх — маўляў, вы ўжо “залатая моладзь” у палітыцы”.

(Івашкевіч: ) “Так, гэта быў мой пракол. Дарэчы, я вельмі ўдзячны ўсім, хто быў на маіх судах. Трэба зазначыць, што гэта былі ў большасьці сваёй не палітыкі, а журналісты — з прафэсійнай салідарнасьцю ў журналістаў усё добра. Рэпрэсіі будуць узмацняцца, і маральная падтрымка вельмі важная. Што да маіх сяброў — так, памыліліся, чагосьці не дадумалі, чагосьці недаадчувалі. Будзем выпраўляцца — прынамсі я буду выпраўляцца”.

(Халіп: ) “А як вы ўяўляеце сваё жыцьцё на “хіміі”?”

(Івашкевіч: ) “Па-першае, я служыў у савецкім войску ў “страйбаце”. Па-другое, я восем гадоў працаваў стропальшчыкам на чыгунцы. Па-трэцяе, у кожным горадзе ёсьць першасная арганізацыя БНФ, і я буду мець магчымасьць грамадзкай рэалізацыі і доступ да Інтэрнэту, кампутара, тэлефона. Такім чынам, я ня буду ізаляваны ад жыцьця. А калі ўлічыць, што і Маркевічу, і Мажэйку сказалі самім шукаць працу, дык я ўпэўнены: у кожным горадзе знойдзецца бээнэфаўскі прадпрымальнік, які возьме мяне на работу і ня будзе сварыцца і скардзіцца ў міліцыю, калі я буду прагульваць працу дзеля грамадзкай дзейнасьці”.

(Халіп: ) “Але два гады — гэта вялізны тэрмін. Вы ўжо ведаеце, што будзеце рабіць потым, калі скончыцца ваш тэрмін пакараньня?”

(Івашкевіч: ) “Гэта ж не турма! І я буду займацца там тым жа, чым я займаюся тут, у Менску. Вось жывуць у Баранавічах фронтаўцы — працуюць, дзейнічаюць, а раз на месяц едуць у Менск на Сойм БНФ абмяркоўваць агульнанацыянальныя праблемы. Маркевіча празь месяц адпусьцілі на тыдзень дахаты — ну і мяне будуць адпускаць.

Гэта ж не ў Сыбір ехаць! Зь любога пункту Беларусі да Менску — ня больш за чатыры гадзіны на аўтамабілі. Бывае, людзі ў адным горадзе год адзін аднаго ня бачаць, а толькі па тэлефоне размаўляюць. Так і тут будзе. Ну прыйдзецца мне жыць у інтэрнаце — не на турэмных нарах, а ў інтэрнаце. Дык студэнты БДУ таксама жывуць у інтэрнаце — у іх такая “хімія” 5 гадоў працягваецца. Спаць не ў сваім ложку — ну лічыце гэта камандзіроўкай”.

(Халіп: ) “А чаму, на ваш погляд, абрынуліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў наклады незалежных газэтаў?”

(Івашкевіч: ) “Я думаю, што незалежная прэса перакарміла чытачоў агітацыяй. Каб газэта мела наклад, яна павінна пазьбягаць агітацыі і інфармаваць чытачоў. Агітацыя можа быць у выглядзе таго, што, напрыклад, журналісты запрашаюць у рэдакцыю нейкага палітыка, і ён выкладае свой пункт погляду. Але пажадана побач надрукаваць пункт погляду чалавека, які зь ім спрачаецца”.

(Халіп: ) “Асабіста вам якую газэту сёньня цікава чытаць?”

(Івашкевіч: ) “Я купляю тры газэты: “Белорусскую деловую газету”, “Свободные новости” і “Комсомольскую правду” — не таму, што яна мне падабаецца, а таму, што мае самы вялікі наклад — 300 000 па суботах. Час ад часу я купляю “Нашу Ніву”, але сказаць, каб ірваў яе з рук, нельга, таму што я лічу яе тэндэнцыйнай”.

(Халіп: ) “Мы з вамі прыйшлі да высновы, што гэтыя два гады — не пакараньне, а проста камандзіроўка. Які ваш прагноз палітычнай будучыні Беларусі праз два гады? Вось вернецеся вы з камандзіроўкі...”

(Івашкевіч: ) “Спадзяюся, што я буду ўплываць на сытуацыю ў Беларусі, таму што, як я ўжо казаў, гэта ня будзе ізаляцыя. Я думаю, што на наступных мясцовых выбарах будзе суцэльная канкурэнцыя ўсіх дэмакратычных сілаў. І калі партыі высьветляць, хто чаго варты, яны змогуць аб’ядноўвацца зноў у нейкую кааліцыю. Зараз аб’яднаньне немагчымае, таму што незразумела, хто каго прадстаўляе. Ці ёсьць БНФ сілай? Ці ёсьць АГП сілай? АГП кажа: “Вас не падтрымаюць, таму што вы нацыяналісты”. Мы кажам: “Нас падтрымаюць, таму што мы нацыяналісты”. І няма судзьдзі. Вось на працягу гэтага году выбарцы павінны выявіць, хто чаго варты”.

(Халіп: ) “У студыі быў Віктар Івашкевіч — незразумела толькі, парадаксальная ці тыповая фігура найноўшае гісторыі Беларусі: палітык, журналіст, асуджаны... Сьпіс працягваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG