Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ЦЭНТРАЛЬНАГА РАЁНУ МЕНСКУ АБВІНАВАЧВАЕ АКСАНУ НОВІКАВУ Ў ПАКЛЁПЕ НА ЛУКАШЭНКУ


Любоў Лунёва, Менск

Пракуратура Цэнтральнага раёну зьмяніла статус Аксаны Новікавай: цяпер яе ўжо не падазраюць, а абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Нагодаю для крымінальнай справы сталі ўлёткі, якія Аксана распаўсюджвала на Кастрычніцкім пляцы 17 кастрычніка. Яны былі надрукаваныя ў выглядзе міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечных злачынцаў. Пад партрэтам Лукашэнкі надрукавалі пералік крымінальных артыкулаў, якія, на думку аўтараў, ён парушыў.

Дваццацідзевяцігадовая Аксана адна даглядае маленькае дзіця. Нягледзячы на гэта, пракурор Цэнтральнага раёну даў загад утрымліваць Аксану за кратамі ізалятару. У выходныя Аксану выпусьцілі адтуль пад падпіску аб нявыезьдзе. Сёньня Аксана падала скаргі ў гарадзкую пракуратуру і ў Маскоўскі суд на дзеяньні пракурора і супрацоўнікаў ізалятару часовага ўтрыманьня.

(Новікава: ) “Сьледчаму і пракурору Цэнтральнага раёну я паведаміла, што ў мяне маленькае дзіця. Яны, відаць, не паверылі. Нават калі быў ператрус і яны ўбачылі малое дзіця, яны мне не зьмянілі меру стрыманьня. Падчас ператрусу было відаць, што падначаленым пракурора было няёмка. Яны ўбачылі, што дзіця грудное, дазволілі мне яго пакарміць.

Яны былі вельмі зьбянтэжаныя, калі везьлі мяне ў ізалятар. У ізалятары я патрабавала, каб догляд рабіла жанчына. Але супрацоўнікі ізалятару толькі зарагаталі. Яны казалі: “Зараз пойдзем шукаць табе жанчыну”. Яны пачалі лапаць мяне, матывуючы гэта тым, што тут такі парадак. Яны добра ведалі, што парушаюць інструкцыю, але гэта іх не спыніла”.

Калі крымінальная справа трапіць у суд, Аксана Новікава можа быць пазбаўленая волі, альбо яе накіруюць на “хімію” тэрмінам да пяці гадоў. Такім чынам, гэта чацьвертая ў гэтым годзе крымінальная справа за паклёп на Лукашэнку. Трое журналістаў — Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч і Віктар Івашкевіч — ужо асуджаныя паводле гэтага крымінальнага артыкулу на розныя тэрміны абмежаваньня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG