Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАТЫ ПРОДАЖ МАЁМАСЬЦІ ГОМЕЛЬСКАГА СУДНАБУДАЎНІЧАГА-СУДНАРАМОНТНАГА ЗАВОДУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Продаж маёмасьці распачаты паводле рашэньня конкурснага кіраўніка суднабудаўнічага заводу Ўладзімера Бірука. Прададзены ўжо магутны партальны кран. Яго купіла санкт-пецярбургская фірма “Пад’ёмтрансмаш” і партнэры” за 2 мільёны расейскіх рублёў.

Некаторыя спэцыялісты заводу лічаць, што продаж згаданага абсталяваньня зьмяншае шанцы прадпрыемства на выраб профільнай прадукцыі, у прыватнасьці, суднаў кляса “рака–мора”. Уладзімер Бірук сьцьвярджае, што на заводзе ёсьць яшчэ два падобныя краны, а продаж маёмасьці санкцыянаваны ўласьнікам — Міністэрствам транспарту і камунікацыяў.

(Бірук: ) “Гэта з дазволу Міністэрства транспарту. Міністэрства як уласьнік зьяўляецца адпаведна і даўжніком перад крэдыторамі. Дзяржаўная праграма будаўніцтва суднаў ёсьць, але яна не выконваецца. Нават у рамонт нам нічога міністэрства не дае. Сёлета мы ня бачылі ніводнага заказу з гэтай праграмы. Ёсьць у нас прапановы замежных кампаніяў, але цяпер нам не пад сілу вырабляць такія судны”.

Завод прызнаў за сабою прэтэнзіяў на 667 мільёнаў рублёў. Большая частка зь іх — гэта заробак былым працаўнікам альбо іх сем’ям за атрыманыя калецтвы, страту кармільца непасрэдна на заводзе альбо на рачным флёце. Флёт у свой час быў падпарадкаваны суднабудаўнічаму заводу.

Закон пра банкруцтва абавязвае выплаціць сярэднія заробкі пакалечаным ці дапамогі сем’ям за 15 гадоў наперад. 169 мільёнаў патрабуе спагнаць з суднабудаўнічага заводу падатковая інспэкцыя Цэнтральнага раёну, якая ініцыявала банкруцтва.

Конкурсны кіраўнік Бірук сьцьвярджае, што продаж абсталяваньня карэнным чынам не паправіць фінансавае становішча прадпрыемства:

(Бірук: ) “З абсталяваньня мы і 300 мільёнаў рублёў ня выручым, я так думаю. Трэба прадаваць будынкі”.
Адначасова з продажам маёмасці скарачаюцца і працоўныя месцы. За апошнія гады з былых 750 чалавек на суднабудаўнічым заводзе засталося меней двухсот.

Звыш трох дзясяткаў кваліфікаваных рабочых пакінулі прадпрыемства і сёлета. Да канца году конкуснае кіраўніцтва скароціць яшчэ каля паловы спецыялістаў і шэраг дапаможных работнікаў.
XS
SM
MD
LG