Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НА ГЭТЫМ ЭТАПЕ НАМ ПАТРЭБНЫ НЕ САЮЗНЫ БЮДЖЭТ, А ДЭНАНСАЦЫЯ ЦЯПЕРАШНЯЙ ДАМОВЫ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук

(Віталь Цыганкоў: ) “Міністэрства фінансаў Расеі мае намер скараціць долю Расейскай Фэдэрацыі ў бюджэце саюзнай дзяржавы на 2003 год. Сваё рашэньне расейскі ўрад матывуе ў тым ліку і тым, што беларускі бок на працягу апошніх гадоў хранічна не выконвае свае абавязацельствы перад казной саюзнай дзяржавы, і на сёньняшні дзень запазычанасьць Беларусі склала каля 1 мільярда расейскіх рублёў — гэта каля 30 мільёнаў даляраў.

Беларусь не даплачвае ў гэтак званы саюзны бюджэт, гэта адбываецца даўно. Аднак упершыню расейскі бок вырашыў адказаць тым самым. Ці лічыце вы, што гэты крок расейскага міністэрства фінансаў зьвязаны з апошнім пахаладаньнем у беларуска-расейскіх дачыненьнях?”

(Іван Пашкевіч: ) “Лічу, што Расея прыняла гэтае рашэньне на падставе эканамічна-палітычнага падыходу. Расея пачала вельмі цьвяроза ацэньваць крокі Беларусі ў расейска-беларускай інтэграцыі. Тут голы прагматызм, тое, што і павінна быць, і гэта я падтрымліваю.

Масква адкінула непатрэбныя заклікі, як я іх называю, “заклікі да 1 мая”, якія колісь сыходзілі ад Палітбюро ЦК КПСС. Расея пачала лічыць грошы (думаю, у вас яшчэ будзе пытаньне, куды павінныя ісьці гэтыя грошы, і ці павінен увогуле быць саюзны бюджэт), і таму гэтае рашэньне найперш эканамічнае”.

(Цыганкоў: ) “Які ўвогуле сэнс у гэтым бюджэце? Беларусам, вядома, выгадна, каб расейцы плацілі за праграмы, якія ажыцьцяўляюцца на тэрыторыі Беларусі. А расейцам? Ці быў у іх які-небудзь сэнс, акрамя палітычнага і прапагандысцкага? Пакуль Расея плаціць 65% у саюзны бюджэт, а Беларусь толькі 35”.

(Яраслаў Раманчук: ) “Калі мы гаворым пра лічбу 30 мільёнаў для краіны, якая мае бюджэт 30 мільярдаў, нельга гаварыць пра тое, што гэта мае нейкі эканамічны сэнс. Гэта чыста палітычны крок, і крок вельмі мяккі, які сьведчыць, што Крэмль ня мае канцэпцыі паводзінаў у адносінаў зь Беларусьсю. Калі б Масква хацела даслаць больш востры сыгнал, яна б, напрыклад, зьмяніла структуру і цэны на газ, перагледзела тарыфы на транспарт, палітыку крэдытаваньня і стасункаў з урадам і Нацбанкам Беларусі.

Урэшце, Крэмль мог бы проста адмовіцца ад бартэру (што і запісана ў расейскай эканамічнай праграме) як спосабу плацяжу за тыя ж энэрганосьбіты. І гэта быў бы сапраўды моцны ўдар па той эканамічнай палітыцы, якую праводзіць Лукашэнка.

Пагроза расейскага Мінфіну скараціць саюзны бюджэт кажа толькі пра тое, што Расея вырашыла пагразіць пальчыкам. Урэшце, гэта ўсё ж першы крок у рэалізацыі пуцінскай стратэгіі, што нельга далей уладкоўваць дачыненьні паміж Беларусью і Расеяй у рамках саюзнай дамовы, якая не працуе”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Пашкевіч, апошнія месяцы ў Палаце прадстаўнікоў неаднаразова ўздымалася пытаньне, чаму беларускае Міністэрства фінансаў ня плаціць грошы ў саюзны бюджэт. Адказны сакратар парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі Ўладзімір Аксёнаў нядаўна заявіў, што можна было б у будучыні абмеркаваць пытанне аб пераразьмеркаванні доляў краін-удзельніц у адпаведнасці зь іх сапраўдным эканамічным патэнцыялам.

Гэта значыць, размова можа ісьці пра памяншэньне долі Беларусі й павелічэньне долі Расеі. Можа Беларусь ня плаціць сваю частку бюджэту менавіта таму, што спадзяецца на зьмяншэньне сваёй долі?”

(Пашкевіч: ) “Я бы ўвогуле паставіў пытаньне, ці патрэбны бюджэт саюзнай дзяржавы. Я адкажу — патрэбны. Куды павінныя ісьці грошы? У першую чаргу на ўтрыманьне тых сумесных структураў, якія створаныя. Другое. Ці павінныя ісьці грошы гэтага бюджэту на нейкія эканамічныя праграмы? Адназначна адкажу — не.

Вылучаюць грошы зь бюджэту, напрыклад, на той самы Яраслаўскі маторны завод. Ён сёньня належыць расейскаму алігарху-мільярдэру Дэрыпаску. Гэта глупства, калі зь бюджэту Беларусі мы будзем выдаткоўваць грошы на Яраслаўскі маторны завод, а потым дзякуючы гэтаму Дэрыпаска падвысіць кошт матораў і будзе іх пастаўляць, напрыклад, на МАЗ. Дык чаму гэтыя дзяржаўныя грошы не накіраваць на той жа Менскі маторны завод і разьвіваць нашую вытворчасьць?”

(Раманчук: ) “Хацеў бы запярэчыць спадару Пашкевічу ў адным моманце. Тыя грошы, якія выдаткоўваюцца на чыноўнікаў — занадта шмат для тых людзей, якія сем гадоў будуюць нешта, ня ведаюць што. Ня мае сэнсу ўвогуле мець саюзны бюджэт. Некалькі соцень чыноўнікаў атрымліваюць добрыя заробкі, а стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй толькі пагаршаюцца. Трэба пазбавіцца ад іх і пачаць працэс інтэграцыі паводле мадэлі Эўразьвязу.

Другое. Сродкі сумеснага бюджэту не павінныя накіроўвацца на нейкія карпаратыўныя праекты. Аднак ёсьць вельмі шмат рэчаў, якія трэба фінансаваць і якія прыдатныя для Беларусі і Расеі. Рэч ідзе пра адукацыю, інфраструктуру, мытню, уніфікацыю мытных парталаў. На сёньня мы нават ня маем мытнай граніцы з Расеяй. Гэта супярэчыць нормам WTO, і мы павінны яе мець.

На гэтым этапе нам патрэбны не саюзны бюджэт, а дэнансацыя існай дамовы, пераход на больш прагматычныя стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй, як гэта было, напрыклад, паміж Літвой і Эўразьвяўзам. Тады і Расея, і Беларусь будуць ведаць, што такое інтэграцыя і што яна павінная прынесьці”.

(Цыганкоў: ) “Ці зьяўляецца гэты прыватны прыклад зь бюджэтам яшчэ адным сьведчаньнем крызысу ў той мадэлі беларуска-расейскіх інтэграцыі, якая існавала дасюль, і што гэтую мадэль, як сьцьвярджае спадар Раманчук, трэба мяняць?”

(Пашкевіч: ) “Крызыс ёсьць і гэта відавочна ня столькі з-за гісторыі зь бюджэтам, а найперш з-за заяваў спадара Пуціна. Але я вярнуся да той часткі нашай гутаркі, дзе размова ішла пра прагматызм. Ці павінныя быць нейкія сумесныя праграмы паміж Беларусьсю і Расеяй? Вядома. Мой суразмоўца назваў — мытня, інфраструктура, транспартная сыстэма, энэрганосьбіты. Гэта тое, на што можна было б і нам, і Расеі выдаткоўваць нейкія грошы і разам шукаць вырашэньня гэтых праблемаў.

Але самае цікавае і дзіўнае для мяне, што лічыць грошы пачынае і наш урад, і Міністэрства фінансаў. Два дні таму было паседжаньне прэзыдыюму ўраду. Бюджэт наш не напаўняецца, на жаль, і яны шукаюць крыніцы павелічэньня бюджэтных сродкаў. І ведаеце, дзе іх знайшлі? Скарачэньне расходаў на навуку, сяло, мэдыцыну. І, як сказаў міністар фінансаў, будуць скарачацца і выдаткі на саюзны бюджэт. І гэтае апошняе скарачэньне я падтрымаў дзьвюма рукамі”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Раманчук, ці сапраўды, пачынае зьяўляцца прагматызм зь беларускага боку ў беларуска-расейскіх дачыненьнях?”

(Раманчук: ) “Хацелася б, каб гэтага прагматызму было больш. Нашая стратэгічная мэта — ня нейкія асаблівыя стасункі з Расеяй, мы павінныя быць у адзінай Эўропе, у Эўразьвязе.

Калі ўрад і Палата прадстаўнікоў ня могуць падтрымліваць тыя інтэлектуальныя прадукты, якія выпрацоўвае апазыцыя (прадукты вялікай якасьці, пра што сьведчаць экспэртныя ацэнкі з Усходу і Захаду), то мы канстатуем крызыс дыялёгу паміж рознымі сацыяльнымі групамі. Кіраўніцтву Беларусі трэба спыніць прамаўляць ідэалягічныя тэзысы, трэба ўрэшце даць магчымасьць прафэсіяналам-тэхнакратам займацца як эканомікай Беларусі, так і беларуска-расейскімі дачыненьнямі”.

XS
SM
MD
LG