Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАШЫНГТОН ПЕРАГЛЕДЗІЎ ПРАЕКТ РЭЗАЛЮЦЫІ РАДЫ БЯСЬПЕКІ ААН У СПРАВЕ ІРАКУ


Аляксей Дзiкавiцкi, Прага

Як адзначаюць адмыслоўцы, гэты праект прадугледжвае наданьне большай увагi вынiкам працы ваенных iнспэктараў у Іраку ды заклiкае да далейшых кансультацыяў у Радзе Бясьпекi перад тым, як ухвалiць якое-заўгодна рашэньне пра ваенныя захады супраць Багдаду.

Такiм чынам, амэрыканскi прект рэзалюцыi наблiзiў пазыцыю адмiнiстрацыi Джорджа Буша да пазыцыi большасьцi краiнаў-сяброў Рады Бясьпекi Арагнiзацыi Аб’яднаных Нацыяў, у прыватнасьцi, Францыi, якая настойвае на прыняцьцi дзьвюх асобных рэзалюцыяў у справе Іраку.

Першая рэзалюцыя мусiць рэглямэнтаваць вяртаньне ваенных iнспэктараў у Ірак ды зрабiць iхныя паўнамоцтвы больш шырокiмi. Другая – можа быць уласна згодай мiжнароднай супольнасьцi на ваенныя дзеяньнi супраць Іраку, аднак толькi ў тым выпадку, калi Багдад будзе перашкаджаць працы iнспэктараў ААН.

У часе двухдзённых дэбатаў у Радзе Бясьпекi ў справе Іраку, якiя скончылiся ўчора, практычна ўсе выступоўцы адстойвалi як мага хуткае вяртаньне iнспэктараў у Ірак ды заклiкалi Раду стрымаць Вашынгтон ад заўчасных ваенных дзеяньняў.

Некаторыя хаўрусьнiкi Злучаных Штатў, напрыклад, Эўрапэйскi Зьвяз, Канада i Аўстралiя падтрымалi пазыцыю Вашынгтону, якi жорстка патрабуе стварэньня умоваў дзеля неабмежаванага доступу ваенных iнспэктараў да iрацкiх аб’ектаў. Аднак нават яны не прапанавалi ўхвалiць рэзалюцыю, якая аўтаматычна прадугледжвала б вайну супраць Іраку.

Паводле прадстаўнiкоў афiцыйнага Парыжу, гэта сьведчыць пра падтрымку ў сьвеце менавiта францускiх прапановаў.
Нягледзячы на тое, што праект Вашынгтону прадугледжвае вяртаньне да абмеркаваньня ваенных захадаў толькi пасьля справаздачы iнспэктараў, рэзалюцыя, прапанаваная ЗША, нiяк ня стрымлiвае амэрыканцаў ад вайны супраць Іраку.

Адначачсова, прадстаўнiкi Белага Дому кажуць, што Злучаныя Штаты ня пакiдаюць спробаў пераканаць сяброў Рады Бясьпекi ўхвалiць адзiную рэзалюцыю, якая б дазваляла аўтаматычна ўжыць сiлу, калi Ірак будзе перашкаджаць iнспэкцыям.

Як лiчаць некаторыя назiральнiкi, цяпер будучае ААНаўскай рэзалюцыii ў справе Іраку залежыць ад вынiкаў дыпляматычнага супрацьстаяньня Парыжу i Вашынгтону.

Варта адзначыць, што на сёньняшнi дзень Францыя мае ў Радзе Бясьпекi двух хаўрусьнiкаў – Расею i Кiтай, а Злучаныя Штаты толькi аднаго – Вялiкую Брытанiю.

Выглядае, што ўсё больш iстотную ролю ў гэтай спрэчцы адыгрываюць галасы краiнаў Блiзкага Усходу, якiя адзначаюць, што вайна супраць Іраку можа дэстабiлiзаваць сытуацыю ў рэгiёне на шмат гадоў ды спрычынiцца да сьмерцi вялiзнай колькасьцi цывiльных грамадзянаў.







XS
SM
MD
LG