Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ ЗМАГАЕЦЦА З УГОНАМ АЎТАМАБІЛЯЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Калі вы за рулём, то не зьдзіўляйцеся, што за дзень язды па Менску ў вас тры-чатыры разы правераць дакумэнты. Мяне даішнікі ўчора ўвечары спынялі і правяралі тройчы, а калі я выказаў зьдзіўленьне, патлумачылі, што пачалася кампанія барацьбы з угоншчыкамі, якая працягнецца яшчэ тыдзень.

Уладальнік белых “Жыгулёў” Дзіма прыехаў у Менск са Слуцку, і яго сёньня раніцай праверылі ўжо двойчы. На ўезьдзе ў горад і ў цэнтры ля цырка. “Калі спыняюць, заўсёды непрыемна, баісься — а раптам за што аштрафуюць”, — кажа Дзіма. Пакуль ён не асабліва раззлаваны за згублены час, бо ўсё ж не аштрафавалі.

Дзіма толькі ня бачыць плёну ў гэтых праверках, бо, паводле яго, прафэсійны ўгоншчык бяз добрых дакумэнтаў за руль ня сядзе. А вось міліцыянты пад выглядам барацьбы з угоншчыкамі могуць прычапіцца да чаго заўгодна, каб выпісаць штраф ці атрымаць хабар. Такіх выпадкаў за Дзімаву шафёрскую кар’еру было шмат.

(Дзіма: ) “Чапляюцца, вядома. Робяць усялякія намёкі, маўляў, як будзем разьлічвацца. Было нават, што забыўся дакумэнты, дык дамовіўся за 10 тысяч. Грошы заўсёды дапамагаюць — заплаціў і разышліся, ты мяне ня ведаеш, я цябе ня ведаю”.

Адрозна ад кіроўцаў, большасьць супрацоўнікаў ДАІ перакананая, што апэрацыя №155, як яны называюць антыўгонную кампанію, будзе плённай і дазволіць сьцішыць хвалю ўгонаў. Лейтэнант дарожна-патрульнай службы Мікалай, які сёньня дзяжурыў на праспэкце Скарыны, кажа, што за лічаныя імгненьні праз рацыю зьвязваецца са службай, якая вядзе ўлік ўсіх угнаных аўтамабіляў. Гэта калі падчас праверкі ў яго ўзьнікаюць нейкія сумненьні.

Чаму яны могуць узьнікнуць, лейтэнант не паведаміў, а толькі параўнаў сваю працу з працай мытніка. Мікалаю, праўда, яшчэ не даводзілася затрымліваць угоншчыкаў, толькі нецьвярозых кіроўцаў. А вось адзін ягоны падначалены сёлета затрымаў угоншчыка і быў узнагароджаны прэміяй. Дарэчы, адбылося гэта ў непрацоўны час — проста заўважыў падазроную асобу побач з аўтамабілем, прасачыў за ім і схапіў злодзея на месцы злачынства. Я спытаўся ў лейтэнанта: а на што разьлічваць тым, каму не пашанцуе на ўвагу такога пільнага міліцыянта?

(Мікалай: ) “На тое, што ён паведаміць адразу ж у міліцыю, па тэлефоне 02, і будзе ўведзены плян “Перахоп”. Да таго ж працуе крымінальны вышук, які асабліва цяпер актывізаваўся ў пошуках скрадзеных машын. Яны цяпер правяраюць стаянкі, гаражы, шукаюць скрадзеныя аўтамабілі, а таксама часткі аўтамабіляў”.

Алег Пашкевіч, уладальнік майстэрні рамонту аўтамабіляў, якая месьціцца ў гаражным масіве ў мікрараёне Кунцаўшчына, даволі скептычна ставіцца да эфэктыўнасьці рэйду міліцыянтаў па гаражах. “Нас штомесяц розныя службы правяраюць, у тым ліку міліцэйскія. Але калі б была патрэба, я б так схаваў тыя запчасткі, што іх ніхто б не знайшоў. Вось хоць на дах гаража, дзе заўсёды ляжыць усё ламачча. Ніхто б зь міліцыянтаў туды не палез”, — шчыруе Алег.

Ягоны асабісты аўтамабіль стаіць у двары дома, і ён двойчы цярпеў ад дробных злодзеяў, якія здымалі то ліхтары, то білі шкло, каб скрасьці магнітолу. Алег лічыць, што найперш трэба больш увагі надаваць дварам, дзе стаяць аўтамабілі.

(Пашкевіч: ) “Лепш зрабілі б інакш. Асьвятлілі б двары, каб хуліганы баяліся лазіць, ды часьцей праводзілі рэйды па дварах”, — лічыць Алег.

Ён ведае выпадак, калі падобны рэйд праводзіў участковы з патрульнымі міліцыянтамі, і яны схапілі злодзея, які залез у машыну.

У гарадзкой міліцыі, аднак, перакананыя, што апэрацыя супраць угоншчыкаў будзе плённай. Паводле супрацоўніцы прэсавай службы гарадзкой міліцыі Анжэлы Гурыновіч, звычайна ў Менску штодня крадуць адну-дзьве машыны. У першы дзень апэрацыі было два ўгоны, і яны завершыліся няўдала для ўгоншчыкаў.

А вось учора ўгонаў не было — магчыма, злодзеі проста вырашылі перачакаць, і праз тыдзень, калі скончыцца рэйд, аўтаўладальнікам зноў давядзецца спадзявацца больш на шчасьлівы лёс ды тое, што праз сон будзе чуваць сыгнал сырэны.

XS
SM
MD
LG