Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ ВЯЗЬНЯ ГУЛАГУ НАДЗЕІ ДЗЕМІДОВІЧ “ВЕК ТАК НЯ БУДЗЕ”


Ганна Соўсь, Менск

Невялікая заля ўправы партыі БНФ ледзь зьмясьціла ўсіх людзей, якія прыйшлі сёньня на прэзэнтацыю кнігі Надзеі Дземідовіч. З Баранавічаў, Пінску, Гарадзеі ды іншых гарадоў Беларусі сюды прыехалі людзі, якія, як і сама спадарыня Надзея, перанесьлі ўсе выпрабаваньні ГУЛАГу й бальшавіцкага тэрору.

“Век так ня будзе” — гэтак сказала маці Надзеі Дземідовіч Агрыпіна, калі ў 1950 годзе яе пятнаццацігадовую дачку асудзілі да 25 гадоў лягероў за сяброўства ў Саюзе Беларускай Моладзі. У гэтай кнізе — усё пакутнае жыцьцё Надзеі Дземідовіч, спачатку пад Польшчай, потым пад саветамі, далей пад немцамі, пасьля ў ГУЛАГУ.

(Дземідовіч: ) “Калі б не было ў мяне гэтай сілы волі, каб я не любіла свой народ, сваю Бацькаўшчыну, я ўжо даўно не жыла б, таму што я вельмі шмат перацярпела. Апісваю кожную тую кропельку, што ў нас творыцца. Хачу, каб людзі й сьвет ведалі, як мы, беларусы, жывем, і як мы хочам свабоды й волі”.

Адна з найбольш яркіх частак кнігі — расповед Надзеі Дземідовіч пра знакамітае Кенгірскае паўстаньне, у якім яна брала ўдзел.

(Дземідовіч: ) “Стаяць жаўнеры, і я іду. Бачу, стаіць прыгожы жаўнер і настаўляе на мяне аўтамат. Думаю, няўжо стрэльне. Я ж маладая дзяўчына, а ты — малады хлапец. І ўсё роўна ён стрэліў... Запякло... Успыхвае дым, іду туды. А там газ пускалі на людзей. А я нічога не баялася, я была простая дзяўчына. Прыехалі людзі з залатымі пагонамі й гавораць: “Вы ж не вінаватыя, вы ж былі малалетнія. Вас цяпер выпусьцім на волю, выходзьце”. Я гавару: “Ня выйдзем”.

Людміла Майсеня — аўтарка прадмовы да кнігі Надзеі Дземідовіч “Век так ня будзе”. Яна прыйшла на прэзэнтацыю з букетам белых і чырвоных ружаў.

(Майсеня: ) “Тое, што зрабіла гэтая жанчына, гэтая кніга, ці як яна кажа “кніжачка”, гэта тая справа, якая фактычна зьяўляецца нітачкай, якая зьвязвае пакаленьні. Каб перадаць гэты моц беларускага характару, перакананьняў, любоў да радзімы. Прысутнасьць у гэтым жыцьці такіх, як яна, і нам дае сілы”.

Вера Касмовіч з Гарадзеі гэтак сама, як і Надзея Дземідовіч, вытрымала ўсе пакуты сталінскіх лягероў. Іхнае сяброўства распачалося яшчэ ў ГУЛАГу.

(Касмовіч: ) “Дык жыві ты доўга-доўга. Твары, пішы, таму што ўсё, што перажыта, яно павінна пячы й балець, як агульначалавечы боль, як сьвежая рана, і каб нікому ў жыцьці ніколі не паўтарылася”.

Кніга “Век так ня будзе” выдадзеная грамадзкім аб’яднаньнем “Дыярыюш” за сродкі самой Надзеі Дземідовіч.

“Век так ня будзе”, — казала Агрыпіна Дземідовіч, калі даведалася пра прысуд ейнай дачцы. Сястра спадарыні Надзеі Алена сёньня адмыслова ўзгадала той дзень:

(Алена Дземідовіч: ) “Мы, беларусы, верылі, што так заўсёды ня будзе, што ня можа так быць, каб увесь народ зьнішчылі. Мы, беларусы, выжылі й былі ўпэўненыя, што мы мацнейшыя за іх. Таму, маладыя пакаленьні, верце ў Беларусь, надзейцеся й змагайцеся за яе”.

Кнігу Надзеі Дземідовіч “Век так ня будзе” можна набыць на ўправе партыі БНФ.

XS
SM
MD
LG