Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДНУ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ЗА АБРАЗУ І ПАКЛЁП НА ЛУКАШЭНКУ РАСПАЧАЛА ПРАКУРАТУРА ЦЭНТРАЛЬНАГА РАЁНУ МЕНСКУ


Любоў Лунёва, Менск

29-гадовая Аксана Новікава разам са сваімі сябрамі распаўсюджвала ўлёткі на Кастрычніцкім пляцы. Улёткі выглядалі накшталт міліцэйскіх абвестак пра вышук асабліва небясьпечных злачынцаў.

Пад фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі надрукавалі пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, пад якія, як лічаць аўтары ўлёткі, падпадаюць некаторыя ягоныя ўчынкі. Называліся захоп і ўтрыманьне ўлады неканстытуцыйным шляхам, кантрабанда ды іншыя злачынствы. Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну затрымалі Аксану, а яе справу перадалі ў пракуратуру.

Сьледчы Максім Падзярэй распачаў крымінальную справу паводле артыкула 367 часткі другой — паклёп на прэзыдэнта. За гэта прадугледжанае абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на пяць гадоў.

Аксана мае маленькую дачку. Учора ўвечары падчас ператрусу супрацоўнікі пракуратуры дазволілі Аксане пакарміць дзіця і паесьці самой перад тым, як везьці яе ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Дзязька Аксаны Канстанцін узяў маленькую дзяўчынку да сябе.

(Канстанцін: ) “Я папросту зьбянтэжаны. Увечары тэлефануюць і кажуць: “Прыходзьце, будзем рабіць у вас ператрус. Шукалі ўлёткі. Мне паведамілі, што на Аксану завялі крымінальную справу паводле 367 артыкулу за паклёп на прэзыдэнта. Ну, што тут казаць… У Аксаны маленькае дзіця, год і чатыры месяцы. Супрацоўнікі пракуратуры ўбачылі, што дома маленькае дзіця. Дачка цягнула да Аксаны ручкі: “Мама!” Было відаць, што стала няёмка. Яны дазволілі Аксане пакарміць дачку і самой дазволілі паесьці. Далі разьвітацца з дачкой. Такое адчуваньне, што яны выканаўцы чужой волі ў гэтай справе.

Я не разумею, чаму так атрымалася, што журналістаў, якія абвінавачваліся па гэтым артыкуле, не арыштоўвалі. Ні Івашкевіча, ні Мажэйку, ні Маркевіча. Яны самі хадзілі ў пракуратуру і ў суд. А тут маладая жанчына з маленькім дзіцем — і яе кідаюць за краты. Маленькая Рэана са мной, і яшчэ невядома, колькі яна будзе бяз мамы”.

Аксану Новікаву пакуль трымаюць за кратамі ізалятара часовага ўтрыманьня. Яе сябры ня трапілі ў рукі міліцыянтаў на Кастрычніцкім пляцы. Мы зьвязаліся з адным зь іх:

(Максім: ) “Мэта гэтай акцыі — прыцягнуць увагу грамадзкасьці да артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за паклёп на прэзыдэнта. У гэтай улётцы мы пералічылі артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх Лукашэнку самога можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Мы ведалі, што за распаўсюд такіх улётак нас чакае крымінальная адказнасьць. Вельмі шкада, што Аксана апынулася за кратамі”.

Сёньня сьледчы Максім Падзярэй правёў допыт Аксаны ў прысутнасьці адваката. Магчыма, заўтра Аксану Новікаву адпусьцяць да суду пад падпіску аб нявыезьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG