Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАРОГУ МОЖНА ПАБУДАВАЦЬ ЗА ТРЫ ТЫДНІ. КАЛІ ЧАКАЕЦЦА, ШТО ТАМ ПРАЕДЗЕ А. ЛУКАШЭНКА


Севярын Квяткоўскі, Менск

Паўтаракілямэтровы адрэзак дарогі ў раёне менскага гуртовага рынку мясцовыя жыхары жартам завуць “прэзыдэнцкай дарогай”. Найбліжэйшая да рынку вёска завецца Табары. Яна месьціцца праз дарогу акурат насупраць фэрмы, якую будуюць паводле перадавой галяндзкай тэхналёгіі. Гутару зь вяскоўцамі:

(Вера: ) “Асфальт толькі да гэнага кароўніка. Гэта што Лукашэнка павінен прыехаць. З-за гэтага. Прыяжджаў жа, на рынку быў, а далей... таму што ня кончана, там, мусіць яго й не пусьцілі (сьмяецца)”.

Аляксандар Лукашэнка наведваў гуртовы рынак на пачатку тыдня. Працягваю гутарыць зь вяскоўцамі:

(Міхаіл: ) “Дазналіся, што Лукашэнка будзе ехаць, пачалі дарогу весьці. Але яны ня зналі, куды ён будзе ехаць. Ён прыяжджаў толькі на гуртовы рынак. І давай асфальт рабіць! Да гары дарабілі гэты асфальт, ну, каб, калі ён прыедзе на гэты кароўнік, Лукашэнка, каб бачыў, што асфальт ляжыць. І ўсё, і кінулі”.

Сапраўды, калі глядзець ад кароўніка, выглядае, нібы новая дарога ідзе ў бясконцую далечыню. Але адразу за пагоркам пачынаецца ня проста звычайная гравейка, а вельмі разьбітая, занядбаная, уся ў калдобінах дарога. Здавалася, што мяккі салён японскага мікрааўтобуса, які мяне падвозіў, у кожны момант разваліцца.

(Карэспандэнт: ) “Ці даўно паклалі дарогу?”

(Кіроўца: ) “Канец верасьня — пачатак гэтага месяца”.

Ваколіцы Хацежынскага сельсавету, куды ўваходзяць Табары, выглядаюць ня лепш за дарогу, якая вядзе ў вёску Пціч. Адсюдь, з пагарку, бачныя ажно тры старыя кароўнікі, якія ўжо колькі гадоў закінутыя. На пытаньне “чые кароўнікі?” ніхто ня можа даць уцямнага адказу, бо вяскоўцы дакладна ня ведаюць, пад чыёй юрысдыкцыяй знаходзяцца:

(Вера: ) “Мы цяпер ня ведаем, да каго адносіцца. Быў саўгас “Пціч”, пасьля пайшлі пад Ратамку, а цяпер землі забраў саўгас “Ждановічы”. “Саўхоз Ульянава” быў. А цяпер саўхоз раскідаўся, а зямля нашая пайшла ў Ждановічы”.

Аграпрамысловы комплекс “Ждановічы” — гаспадар новай фэрмы і дарогі да яе. На сёньня “Ждановічы” атрымалі дадатковыя кавалкі зямлі, раскіданыя між вёсак Табары, Пціч, Хацежын, Старае Сяло ды іншых. Мясцовыя жыхары скардзяцца, што зь цяжкасьцю знаходзяць працу і атрымліваюць сацыяльныя гарантыі пад новым патранажам, бо новае — ждановіцкае — начальства кажа, што ў яго свае праблемы. Табарскія пэнсіянэры не спадзяюцца на паляпшэньне свайго становішча, яны ня вераць, што дарогу дабудуюць неўзабаве.

(Тацяна: ) “Застанецца, як і была”.

Адзіная дапамога табарскім пэнсіянэрам — лета, калі зь Менску прыяжджаюць дачнікі, якім падабаецца ціхая глуш ўсяго ў 12 кілямэтрах ад Менску.

XS
SM
MD
LG