Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАСКВЕ ЗАБІТЫ ГУБЭРНАТАР МАГАДАНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ В. ЦЬВЯТКОЎ. БАЗАВАЯ ВЭРСІЯ – ЭКАНАМІЧНЫЯ КАНФЛІКТЫ


Юры Дракахруст, Прага

Пра першыя крокі праваахоўных ворганаў ў раскрыцьці злачынства распавядае мой калега – карэспандэнт расейскай службы нашага радыё ў Магаданскай воласьці Міхаіл Гарбуноў. Зараз ён знаходзіцца ў Маскве.

(Гарбуноў: ) “У Маскве аб’яўленыя пляны “Сырэна” і “Перахоп”. Па цэнтральным і маскоўскім тэлеканалах паказалі фотаробат забойцы. Дадзеныя некаторых мэдыяў, што існуюе нават відэазапіс забойства, не падцьвердзіліся. Паводле паказаняў сьведкаў, Валянцін Цьвяткаў атрымаў дзьве кулі ў сьпіну і памёр на мейсцы, а віцэ-губэрнатар Петар Шапка застаўся жывым, хаця па ім таксама стралялі. Забойца перайшоў з Новага Арбату на Стары, выкінуўшы пісталет. Першапачатковая вэрсія, што забойства замоўленае. Пра гэта сьведчыць і падрыхтаванасьць забойцы, і тое, што ён дакладна ведаў час прыезду губэрнатара ў прадстаўніцтва Магаданскай вобласьці.

Знойдуць забойцу ці не? Цяжка сказаць. Забойствы на замову ў нас, як вядома, не раскрываюцца, нават вядомых асобаў”.

Паводле меркаваньня Міхаіла Гарбунова фактычна існуе толькі адна вэрсія матываў забойства.

(Гарбуноў: ) “Палітычная вэрсія забойства адпадае адразу. Хаця Валянцін Цвяткоў і быў сябром кіраўніцтва партыі “Адзіная Расея”, ён ніколі не вызначаўся акрэсьленымі палітычнымі сымпатыямі і антыпатыямі. Базавая вэрсія – гэта канфлікты губэрнатара ў эканамічнай сфэры. Ён быў даўно вядомы як вельмі жорсткі кіраўнік рэгіёна. І ў яго, і ў фэдэральных праваахоўных ворганаў часта ўзьнікалі канфлікты зь ценявым абарачэньнем, перадусім па залатаздабычы і па рыбе. Фактычна вэрсыя забойства толькі адна.

Сёньня нават паводле дадзеных саюзу расейскіх залатапрамыслоўцаў траціна золата, якое здабываецца ў вобласьці, знаходзіцца ў чорным абароце, гэта значыць, вывозіцца кантрабандаю. Тут дзейнічацюць вельмі сур’ёзныя, у тым ліку і міжнародныя, злачынныя групоўкі. Вось тут губэрнатар мог камусьці перайсьці дарогу, тым больш што сёньня менавіта дзякуючы яму ў вобласьці дзейнічае адзіны кантраляваны шлях абарачэньня золата. Даволі цяжка стала вывозіць золата кантрабандаю. Я мяркую, што менавіта ў гэтым - прычына замовы”.

Даведка:

Валянцін Цьвяткоў стаў самым высокапастаўленым расейскім палітыкам, забітым за апошнія гады. Інтэрнэт-выданьне Страна.Ру падае сьпіс расейскіх палітыкаў, якія сталі ахвярамі замахаў на іх жыцьцё з 1995 году.

1996 год – замах на жыцьцё намесніка старшыні ЛДПР Аляксандра Венгероўскага.

1997 год – У Маскве цяжка паранены віцэ-губэрнатар Кемераўскай вобласьці Дзьмітры Чыракадзэ. У Санкт-Пецярбургу забіты віцэ-губэрнатар Міхаіл Маневіч.

1998 год – На сваёй дачы ў Падмаскоі забіты дэпутат Дзярждумы Леў Рохлін. У Санкт-Пецярбургу ў пад’ездзе свайго дому забітая дэпутат Дзярждумы Галіна Старавойтава.

Адбыўся замах на жыцьцё дэпутата Дзярждумы Віктар Ілюхіна.

2000 год – узбуджаная крымінальная справа аб падрыхтоўцы замаху на жыцьцё губэрнатара Кемераўскай воласьці Амана Тулеева.

2001 год – забіты дэпутат Дзярждумы Міхаіл Сірата. Адбыўся замах на жыцьцё дэпутата Башыра Казадоева.

2002 год – адбыўся замах на жыцьцё віцэ-губэрнатара Смаленскай вобласьці Анатоля Макаранку. У жніўні ў Маскве забіты дэпутат Дзярждумы Уладзімер Галоўлеў.

Сёньня гэты сумны сьпіс папоўніўся яшчэ адным імем – губэрнатара Магаданскай вобласьці Валянціна Цьвяткова.
XS
SM
MD
LG