Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ СУДЗЯЦЬ ЛІДЭРА СТРАЙКАМУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ В. ЛЕВАНЕЎСКАГА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Абедзьве справы Валерыя Леванеўскага разглядаліся ў Ленінскім раённым судзе гораду. Ён патлумачыў судзьдзі Натальлі Козел, што несанкцыянаванага мітынгу не было. 11 кастрычніка прыблізна 200 прадпрымальнікаў прыйшлі да аблвыканкаму, каб атрымаць адказы на свае пытаньні ад чыноўнікаў. Якраз адбываўся страйк прадпрымальнікаў.
Ніякіх заклікаў, лёзунгаў, транспарантаў не было. Сп-р Леванеўскі наведаў будынак выканкаму, а пасьля—на просьбу міліцыі папрасіў людзей разыйсьціся.

Прадстаўнік міліцыі Віталь Стасюкевіч, аднак, лічыць, што мітынг быў. Хаця сам ён знаходзіўся ўнутры выканкаму і назіраў за падзеяй здалёк. Абвінавачаны хадайнічаў, каб у якасьці сьведкаў у суд запрасілі некалькіх чыноўнікаў. Наступнае паседжаньне адбудзецца ў аўторак пасьля абеду.

Другая справа зьяўляецца, бадай, унікальнай. Валеры Леванеўскі падаў зыск супраць спэцпрыёмніка Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі гораду. Улетку ён адбываў там адміністрацыйны арышт і ўсе 15 сутак галадаў. За знаходжаньне за кратамі яму выставілі рахунак—15 тысяч рублёў. Плаціць Леванеўскі адмовіўся і зараз спадзяецца спагнаць са спэцпрыёмніка 15 мільёнаў рублёў ў якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду. Гаворыць Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) «Там немагчыма было есьці, і я адмовіўся ад прыёму ежы. Чаму зь мяне за ежу вылічваюць—незразумела. Спаў я на падлозе. У камэры брудна, цёмна. Мяне трымалі горш, чым якога-небудзь сабаку. Такой якасьці паслугі мне вельмі не спадабаліся. Я спазнаў ня толькі маральныя, але і фізычныя пакуты. Ляжаць цэлымі днямі на падлозе 15 сутак—можна з глузду зьехаць».

Валеры Леванеўскі спачатку напісаў скаргу начальніку спэцпрыёмніка, і там вырашылі зьменшыць для яго аплату за 15 сутак. Спадар Леванеўскі падаў таксама іншыя скаргі:

(Леванеўскі: ) «Мною было пададзена шмат скаргаў (каля 20—у розныя інстанцыі: галоўнаму санітарнаму доктару, у пракуратуру), зьвязаных з невыноснымі ўмовамі ўтрыманьня, з антысанітарыяй і зь іншымі парушэньнямі правоў грамадзянаў. І я думаю, што гэта паўплывала. Паколькі начальнік спэцпрыёмніку цяпер патлумачыў: сьвятла ў камэрах стала болей, бо зрабілі сеткі замест забітых вокнаў. Людзей стала меней у спэцпрыёмніку, прыблізна разы ў два— тры. Я думаю, што гэта першыя вынікі. І ўсё адно мы будзьма далей дамагацца, каб у спэцпрыёмніку чалавек не адчуваў сябе прыніжаным. Каб не парушаліся ягоныя правы і законныя інтарэсы.

Свой пазоў супраць спэцпрыёмніка Валеры Леванеўскі падаў на падставе Закона аб абароне правоў спажыўцоў. Сёньня судзьдзя Ігар Лойша вырашыў, што ў спэцпрыёмніку не аказваюць платныя паслугі і адмовіўся прыняць зыск. Зараз спадар Леванеўскі будзе зьвяртацца ў абласны суд. Калі зноў не атрымаецца, тады падасьць новы зыск—на падставе Грамадзянскага кодэксу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG