Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЫЦЬ ІНТЭЛІГЕНТАМ — ЗНАЧЫЦЬ, ЦЯРПЕЦЬ ПРЫНІЖЭНЬНІ, ЗЬНЯВАГІ І БЕЗГРАШОЎЕ”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь некалькіх лістоў на тэму прадпрымальніцкага страйку, што адбыўся ў многіх беларускіх гарадах на пачатку гэтага месяца. Ягоныя арганізатары спадзяваліся, што акцыя будзе працяглай і масавай, і што ўлады вымушаныя будуць пайсьці на саступкі. Вынік, аднак, быў іншы. Наш сталы слухач, прадпрымальнік Канстанцін Міронаў зь Менску з гэтай нагоды піша:

“Я яшчэ да пачатку страйку бачыў: вялікай карысьці ад яго ня будзе. Бо як зьбіраліся страйкаваць, напрыклад, у гандлёвым доме “Ракаўскі”, што на станцыі мэтро “Пушкінская”? Усе загадзя заплацілі арэнду за кастрычнік па 600 даляраў, аддалі і хабар, які ёсьць абавязковай умовай працы на рынку. І такая, альбо амаль такая сытуацыя была амаль на ўсіх менскіх рынках. Хіба будзе чалавек, заплаціўшы столькі грошай, доўга страйкаваць сабе на страту? Такога пратэсту хопіць хіба што дні на два–тры.

Я спрабаваў тлумачыць калегам, чаму нам патрэбны жорсткі страйк, зь нявыплатай арэнды, зь пікетамі супраць штрэйкбрэхераў. Але са мной пагаджаліся нямногія. Аддаць за месяц 20 даляраў у пэнсійны фонд і заплаціць 200 даляраў за касавы апарат — для большасьці прадпрымальнікаў ня надта вялікія грошы. А словы пра тое, што страйк патрэбны дзеля будучыні Беларусі, падтрымкі не знаходзяць. Усе падазраюць, што гэта патрэбна толькі дзеля палітычных амбіцыяў некаторых лідэраў”.

Сам Канстанцін Міронаў, аўтар гэтага ліста, таксама да нядаўняга часу быў прадпрымальнікам, гандляваў на тым самым “Ракаўскім” кірмашы. І падчас страйку заняў прынцыповую пазыцыю. Але вось чаго яму гэта каштавала. Зноў цытую ліст:

“Асабіста я адмовіўся і ад аплаты арэнды, і ад гандлёвых месцаў, але спэцыфіка маёй працы дазваляе мне пайсьці “ў цень” — зноў жа, з усімі магчымымі непрыемнасьцямі. А вось для іншых гэты кавалак зямлі плошчай паўтара на паўтара мэтры ёсьць адзінай крыніцай існаваньня, і “ў цень” яе не перанясеш. Так што іх зразумець можна”.

Кастрычніцкі страйк гандляроў, сапраўды, не набыў тых маштабаў, на якія спадзяваліся арганізатары. Пра некаторыя з прычынаў распавялі ў сваім лісьце вы, спадар Міронаў. На маю думку, істотнае значэньне мела і тое, што ў самім грамадзтве стаўленьне да рынкавых гандляроў і прычынаў іхных пратэстаў даволі супярэчлівае. Вось як напісаў пра гэта наш сталы слухач Георгі Белаконь з Калінкавічаў:

“Вы шмат распавядалі пра страйк прадпрымальнікаў. Ім падвышаюць падаткі, патрабуюць купляць касавыя апараты... Напэўна, у чымсьці ўлады, сапраўды, ня маюць рацыі. Але ці ва ўсім справядлівасьць на баку гандляроў? Яны ж таксама не ідэал.

Для прыкладу, тавары часьцей за ўсё прадаюць без таварных чэкаў. І паспрабуйце гэтых чэкаў дамагчыся. Адкуль тавар і якой якасьці — таксама не даб’есься. Вось я — купіў на рынку чаравікі, праз два тыдні адпалі падэшвы. Пайшоў да гандляркі мяняць — давялося гадзіны дзьве зь ёй сварыцца. Прыгразіў, што пайду ў гандлёвую інспэкцыю. Толькі пасьля гэтага вярнула палову сумы. Я быў рады і гэтаму.

А чаму прадпрымальнікі баяцца касавых апаратаў? Бо цяжэй будзе хавацца ад падаткаў”.

Разважаньні вашыя, спадар Белаконь, зусім слушныя, але вы не ўлічваеце адну надзвычай важную абставіну. У мінулай перадачы я цытаваў ліст прадпрымальніка Аляксандра Несьцерава зь Менску. Ён аднаго разу паспрабаваў цягам месяца акуратна плаціць усе падаткі, выпісваць чэкі, рэгістраваць пакупкі... У выніку атрымалася, што працаваў задарма — усе даходы пайшлі на падаткі.

“Любы чыноўнік, — пісаў Аляксандар, — нават самы дробны, глядзіць на цябе, як на мех з грашыма, і толькі і цікуе, як бы атрымаць ад цябе сотню-другую даляраў. Бяруць усе, прычым нахабна, не баючыся”.

Пра гэта ж гавораць і многія іншыя гандляры. Многія зь іх (магчыма, што і большасьць) зусім ня супраць сумленна плаціць падаткі, але падаткі разумныя, абгрунтаваныя. А заплаціўшы, яны хацелі б быць упэўненымі, што заўтра ня стануць ахвярай чыноўніка альбо міліцыянта-вымагальніка.

Ліст ад Алены Марквардэ зь Менску. Яна піша:

“У любой цывілізаванай краіне інтэлектуальная эліта — гэта сярэдняя, альбо нават высокааплатная частка грамадзтва. Там гэтыя людзі ведаюць сабе цану — яны жывуць у годных умовах, да іх з павагай ставяцца ў грамадзтве. У нашай жа краіне інтэлігенцыя — гэта прыніжаныя людзі зь мізэрнай зарплатай. Да іх і стаўленьне адпаведнае.

Вось мой асабісты сьпіс назіраньняў. Думаю, ён знаёмы многім.

– суседзі, якія накіроўваюць па вузкай хрушчоўскай лесьвіцы морду гіганцкай псіны ў твар немаўляці ў вазочку;
– мэдсястра паліклінікі ў адказ на выклік лекара дамоў да хворага дзіцяці з тэмпэратурай тэлефануе дамоў і настойліва просіць прыйсьці на прыём;
– лекар, якая патрабуе зрабіць аслабленаму дзіцю прышчэпку ад небясьпечнай хваробы на паўтара года раней, чым гэта належыць рабіць.

І гэты абсурдны для любога нармалёвага чалавека сьпіс можна працягваць бясконца”, — напісала Алена Марквардэ зь Менску.

Так, Алена, любы з нас можа падоўжыць ваш сьпіс сумных назіраньняў за міжасабовымі стасункамі ў грамадзтве. Але я не наважыўся бы бачыць усе прычыны ў тым, што дзяржава ня цэніць людзей інтэлектуальнай працы і ня плаціць ім высокіх заробкаў. А сама інтэлігенцыя — яна што, не нясе адказнасьці за тое, што адбываецца ў дзяржаве, хто прыходзіць да ўлады? Чыімі, калі не яе, рукамі, праводзяцца ўсе палітычныя кампаніі, у тым ліку выбарчыя?

Алесь Цадко з Маладэчна распавёў у сваім лісьце пра тое, у якім становішчы апынуліся ў правінцыі незалежныя выданьні. Ён згадвае пачатак 1990-х гадоў, калі ў рэгіёнах (і, у прыватнасьці, у яго родным Маладэчне) незалежны друк разьвіваўся даволі шпаркімі тэмпамі. Але потым, у сярэдзіне 90-х гадоў, надышоў іншы час. Спадар Алесь піша:

“У 1995-м годзе ў Маладэчне зьявілася новая “Рэгіянальная газэта”, якую не без дапамогі сталічных апазыцыянэраў стварылі былыя журналісты афіцыйнай газэты “Сьвятло камунізму”. На працягу шасьці гадоў я шчыльна супрацоўнічаў зь ёй, хаця назваць яе апазыцыйнай, хай не крыўдуе рэдактар, я не магу. Так, была пэўная мяккая крытыка, але толькі ў бок мясцовых уладаў. Было і шмат гістарычных матэрыялаў…

Але цяпер, апошнія два гады, газэту нібы падмянілі. Нават маю невялічкую нататку пра несправядлівае падвышэньне ў два разы кошту праезду ў пасажырскім транспарце ў выхадныя дні не надрукавалі. Баяцца там даць і месца мясцовым апазыцыянэрам.

Ня лепей выглядае і клон гэтай газэты — расейскамоўная “Неделя в Молодечно”, якую стварылі былыя супрацоўнікі “Рэгіянальнай”. Відавочна, апазыцыі патрэбныя ўласныя мэдыі, якіх, калі меркаваць на прыкладзе нашага гораду, проста не існуе. Дзе тады выказаць сваю думку апазыцыі?

Хацелася б, каб гэта заўважылі сталічныя лідэры. Напэўна, настаў час ствараць свой, няхай нават пакуль нешматтыражны друк, а не марнаваць сродкі, якія зьнікаюць, нібы вада ў пяску Сахары”, — напісаў Алесь Цадко з Маладэчна.

Ня думаю, спадар Алесь, што апазыцыя ня бачыць альбо не ўсьведамляе гэтай праблемы. Але наўрад ці выйсьцем можа быць стварэньне нейкай новай, чыста апазыцыйнай газэты. Спробаў стварэньня партыйных выданьняў было шмат — мелі свае газэты і БНФ, і сацыял-дэмакраты, і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Але той досьвед цяжка назваць удалым.

Дарэчы, так і ва ўсім сьвеце — партыйны друк мае абмежаваныя наклады і абмежаванае кола чытачоў. Зацікавіць шырокую аўдыторыю можа толькі папулярнае грамадзка-палітычнае выданьне, якое не абслугоўвае вузкапартыйныя інтарэсы і пры гэтым не залежыць ад улады і ад сваволі чыноўнікаў. На жаль, умовы для стварэньня такога выданьня сёньня ў Беларусі надзвычай неспрыяльныя.

На заканчэньне — ліст ад настаўніка гісторыі Сьвірскай сярэдняй школы Мядзельскага раёну Вадзіма Прэўрацкага. Ён піша:

“6 сьнежня Мікалаеўскаму касьцёлу ў мястэчку Сьвір спаўняецца 550 гадоў. З гэтай нагоды адбудзецца вялікая ўрачыстасьць. Плянуецца выдаць да юбілею кнігу, а таксама завершыць аднаўленьне алтара.

Дарэчы, за сем кілямэтраў ад Сьвіры ёсьць вёска Дубаўляны. У вёсцы — дзьве капліцы. На адной зь іх высечаны па-польску надпіс, што пабудаваная яна ў 1826-м годзе Адамам Гюнтэрам з дазволу Папы Рымскага Ляона. Як сьведчаць старажылы вёскі, пабудавалі яе на месцы зьяўленьня Багародзіцы. Ці не маглі б вы правесьці ўласнае расьсьледаваньне з гэтай нагоды?”, — пытаецца настаўнік гісторыі Вадзім Прэўрацкі зь вёскі Нарач Мядзельскага раёну.

Дзякуй вам, спадар Вадзім, за цікавую прапанову. Пры выпадку мы пастараемся выкарыстаць яе.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Міхаіл Леках з Рыгі, Эдуард Тобін са Смалявічаў, Аксана Новікава і Сяргей Іваноў зь Менску, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Ганна Матусэвіч з Койданава і Алег Пракарына зь мястэчка Сноў Нясьвіскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

XS
SM
MD
LG