Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЕМАГЧЫМА МЕЦЬ КЕПСКІЯ ДАЧЫНЕНЬНІ З АБСЭ І ДОБРЫЯ З РАДАЙ ЭЎРОПЫ”. БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ ЗНОЎ ГУЧЫЦЬ У СТРАЗБУРЫ


Юры Сьвірко, Стразбур

Супрацоўнік Дырэктарату палітычных справаў Рады Эўропы Іван Каэджыкаў, выступаючы сёньня на сэмінары, зазначыў, што Беларусь, якая мае статус кандыдата на сяброўства ў Радзе Эўропы разам яшчэ з дзьвюма краінамі – Югаславіяй і княствам Манака – можа браць удзел прыблізна ў адной траціне ўсяе дзейнасьці Рады Эўропы. Бо Беларусь далучылася да культурнае канвэнцыі гэтай міжнароднай арганізацыі.

Аднак у рэальнасьці гэтага супрацоўніцтва няма. Паводле спадара Каэджыкава, афіцыйны Менск нядаўна выказаў жаданьне далучыцца таксама да канвэнцыі Рады Эўропы аб праўнай дапамозе, але, на думку сп. Каэджыкава, Беларусь наўрадці атрымае запрашэньне падпісаць гэтую канвэнцыю, бо яе судовая і прававая сыстэма не выклікаюць даверу ў Эўропе.

Што да агульнага стаўленьня Рады Эўропы да Беларусі, Іван Каэджыкаў заявіў, што дачыненьні нагадваюць замкнёнае кола і такім чынам рухаюцца: ніякага руху няма, у адрозьненьне ад такіх краінаў як Азэрбайджан ці Малдова”.

Прадстаўнікі афіцыйнага Менску часта задаюць рытарычнае пытаньне: чым мы горшыя, скажам, за Азэрбайджанцаў? Сёньня Іван Каэджыкаў даў на гэта адказ: “У Беларусі няма палітычнай волі пайсьці дэмакратычным шляхам разьвіцьця”.

Супрацоўнік сакратарыяту Рады Эўропы таксама паведаміў, што 27-га лістапада ў Парыжы адбудзецца новае паседжаньне камісіі Сяргея Кавалёва, якая займаецца пытаньнямі палітычных зьнікненьняў у Беларусі. А сакратар Камітэту праўных справаў і правоў чалавека ПА РЭ Пэтэр Віх заявіў на сэмінары, што таксама ў лістападзе ў Беларусь накіруецца дэлегацыя Эўрапарлямэнту, да якой далучацца і прадстаўнікі Рады Эўропы.

І спадар Віх, і спадар Каэджыкаў выказалі поўную падтрымку дзейнасьці АБСЭ ў Беларусі, аднак абодва сказалі, што Рада Эўропы ня будзе рабіць канфлікту з-за мажлівага выгнаньня апошняга дыпляматычнага супрацоўніка КНГ АБСЭ ў Менску Аліны Жасан.

Аднак яны дадалі, што ўсе краіны, члены Рады Эўропы, уваходзяць у АБСЭ, і немагчыма мець кепскія стасункі з АБСЭ і добрыя з Радай Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG