Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЮРЫСТКА “СОВЕТСКОЙ БЕЛОРУССИИ” ПАГАДЗІЛАСЯ, ШТО П. ЯКУБОВІЧ НАДРУКАВАЎ ХЛУСЬНЮ, АЛЕ ПЛАЦІЦЬ КАМПЭНСАЦЫЮ АДМОВІЛАСЯ


Любоў Лунёва, Менск

Аляксей намагаўся, каб суд прымусіў Паўла Якубовіча надрукаваць абвяржэньне непраўдзівых зьвестак, распаўсюджаных газэтай, а таксама спагнаў з аўтара публікацыі і газэты па шэсьць мільёнаў рублёў.

Нагодаю звароту ў суд стаў артыкул Паўла Якубовіча “Розумам крануты твар”, надрукаваны 8 траўня ў газэце “Советская Белоруссия”. У артыкуле рэдактар газэты пісаў, што Аляксей Шыдлоўскі сядзеў у турме нібыта не за палітычныя графіці, а за тое, што калі яму было 20 гадоў, кінуў маладую жонку зь дзецьмі і хаваўся ад алімэнтаў.

На папярэднім паседжаньні прадстаўнікі газэты прызналі гэтыя зьвесткі непраўдзівымі і запэўнілі Аляксея, што гатовыя напісаць удакладненьне. Грашовую кампэнсацыю плаціць адмовіліся. Наступныя паседжаньні зрываліся па віне адказчыкаў, бо яны спасылаліся то на хваробу, то на адпачынкі.

Сёньня юрыстка “Советской Белоруссии” зноў пагадзілася з тым, што Павал Якубовіч надрукаваў хлусьню, але плаціць грошы адмовілася. Яна матывавала гэта тым, што паколькі Аляксей мае судзімасьці — то ўсё роўна ёсьць чалавекам амаральным, і таму, маўляў, непраўдзівыя зьвесткі ягоны гонар не абражаюць.

Суд адмовіў у пазове. Аляксей Шыдлоўскі так пракамэнтаваў гэтае рашэньне Радыё Свабода:

(Шыдлоўскі: ) “Пасьля вынясеньня гэтага судовага рашэньня мне падалося, што цяпер створаны прэцэдэнт. Цяпер, калі людзі былі раней судзімыя няважна колькі гадоў таму — без маралі. Газэта “Советская Белоруссия” і яе галоўны рэдактар Павал Якубовіч вывелі нейкія новыя прынцыпы маралі. Цяпер ёсьць людзі, якіх можна пакрыўдзіць, і людзі, якіх нельга. Калі я працаваў у “Нашай свабодзе”, быў сьведкам, як за артыкул, які на думку суду не адпавядаў рэчаіснасьці, наконт кіраўніка Дзяржкантроля Тозіка — газэту пакаралі рублём, і ў выніку яна стала банкрутам. Цяпер жа ёсьць людзі амаральныя, пра якіх можна пісаць усё што заўгодна. Хоць зьвесткі ня будуць адпавядаць рэчаіснасьці, іх гэтым не пакрыўдзіш”.

Аляксей Шыдлоўскі будзе падаваць скаргу ў гарадзкі суд, але на станоўчы вынік не спадзяецца.

XS
SM
MD
LG