Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДА БЯСЬПЕКІ ААН РАСПАЧАЛА АДКРЫТЫЯ ДЭБАТЫ НАКОНТ ІРАКУ


Алесь Грыневіч, Прага

Тым часам прэзыдэнт ЗША Джодж Буш падпісаў рэзалюцыю амэрыканскага Кангрэсу, якая дазваляе яму ўжыць сілу супраць Іраку.

Галоўны збройны інспэктар ААН Ганс Блікс кажа, што дзеля вяртаньня ў Ірак ягонай камандзе патрэбны дакладна акрэсьлены мандат Рады бясьпекі ААН. Падчас цяперашняй дыскусіі ў Радзе бясьпекі, частка краінаў – у асноўным з руху недалучэньня і Блізкага Ўсходу – заклікала неадкладна накіраваць інспэкцыю ў Ірак на падмурку ранейшых рэзалюцыяў.

Старшыня руху недалучэньня, які аб’ядноўвае 115 краінаў, Думісані Кумала, заявіў, што Рада бясьпекі парушыла б прынцыпы ААН, калі б дала дазвол ужыць сілу супраць Іраку, які выказвае жаданьне супрацоўнічаць зь інспэктарамі.

(Кумала: ) “Гэта было б насамрэч трагічна, калі б Рада бясьпекі загадзя зрабіла высновы аб працы інспэктараў, ня даўшы ім прыехаць у Ірак. У Рады бясьпекі будзе дастаткова часу, каб ацаніць працу інспэктараў, бо спадар Блікс і ягоная каманда будуць рабіць справаздачу перад Радай бясьпекі”.

Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія прапануюць Радзе бясьпекі новую рэзалюцыю, якая б дазволіла ўжыць сілу, калі Ірак не забясьпечыць інспэктарам поўны доступ да любых аб’ектаў. Шмат іншых краінаў, аднак, падтрымліваюць францускую прапанову прыняць рэзалюцыю без пагрозаў і абмяркоўваць ужыцьцё сілы потым, калі Ірак парушыць абяцаньні перад ААН. Прапанову Францыі, у прыватнасьці, падтрымалі Расея і Кітай. Гэтыя тры краіны, разам з ЗША і Вялікай Брытаніяй, маюць права вета як сталыя сябры Рады бясьпекі ААН.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Джодж Буш падпісаў рэзалюцыю амэрыканскага Кангрэсу, якая дазваляе яму ўжыць сілу супраць Іраку. Учора Буш таксама сустрэўся ў Вашынгтоне з прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыелем Шаронам. Падчас вайны ў Пэрсыдзскай затоцы 10 гадоў таму Ірак абстрэльваў Ізраіль ракетамі “Скад”.

Ізраіль тады ніяк не адказваў на ірацкія абстрэлы, і гэта дапамагло захаваць у анты-ірацкай кааліцыі арабскія дзяржавы. У адрозьненьне ад тагачаснага ізраільскага лідэра Іцхака Шаміра, Арыель Шарон кажа, што Ізраіль нанясе ўдар у адказ, калі Ірак падчас магчымай новай вайны будзе абстрэльваць ізраільскую тэрыторыю. Чакалася, што ўчора на перамовах Буш папросіць Шарона крыху змякчыць гэтыя заявы. Але пасьля перамоваў гэтую тэму нечакана закрануў сам Буш.

(Буш: ) “Калі Ірак заўтра нападзе на Ізраіль, я думаю, што прэм’ер-міністар Шарон адкажа на гэта. Ён жадае сябе абараняць. Мы, аднак, спадзяемся, што ірацкі рэжым раззброіцца мірным шляхам”.

Прафэсар Амэрыканскага Ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне і былы прадстаўнік Лігі арабскіх дзяржаваў у ЗША Кловіс Максуд кажа, што ЗША ня здолеюць атрымаць падтрымку арабскіх краінаў дзеля магчымай вайны супраць Іраку. Максуд кажа, што цяперашняя сытуацыя вельмі адрозьніваецца ад мінулай вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, калі большасьць арабаў лічылі легітымнымі дзеньні ЗША пасьля ірацкага ўварваньня ў Кувэйт. Акрамя таго, лічыць Максуд, цяпер у арабскім сьвеце надзвычай нэгатыўныя адносіны да Злучаных Штатаў з-за падтрымкі амэрыкаснскім ўрадам Ізраілю, які працягвае акупацыю палестынскіх тэрыторыяў.

Заўтра намесьнік дзяржсакратара ЗША Ўільям Бэрнс распачне двухтыднёвы візыт на Блізкі Ўсход. Ён наведае дзесяць арабскіх краінаў, Ізраіль і Заходні бераг ракі Ярдан, каб абмеркаваць палестынска-ізраільскі крызыс і магчымую вайну супраць Іраку.


XS
SM
MD
LG