Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАД ПАГРОЗАЙ ЗАКРЫЦЬЦЯ БЕЛАРУСКА-ГАЛЯНДЗКІ ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЦЭНТАР ЗДАРОЎЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Размова ідзе пра 31 мільён рублёў бюджэтных грошай. Такой сумы на будучы год у абласных уладаў ужо не знаходзіцца.

Цэнтар здароўя быў заарганізаваны ў сьнежні 1992 году пры фінансавай падтрымцы ўраду Галяндыі. Напачатку галяндцы дапамаглі стварыць паліклініку для абслугоўваньня ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы. Другім этапам ажыцьцяўленьня гуманітарнага праекту стаўся менавіта Цэнтар здароўя.

Ягоныя спэцыялісты сталі даваць насельніцтву разнастайную інфармацыю, зьвязаную са станам здароўя, наступствамі Чарнобыльскай трагедыі.

Абсталяваны пад інфармацыйны комплекс аўтобус наведваў жыхароў забруджаных паселішчаў Чэрскага, Кармянскага, Добрускага ды іншых раёнаў, дзе людзі атрымлівалі кансультацыі спэцыялістаў пра бясьпечнае харчаваньне, прафіляктыку самых розных захворваньняў, у тым ліку і зьвязаных з узьдзеяньнем радыяцыі.

Непасрэдна ў Цэнтры праводзяцца заняткі з падлеткамі і дарослымі пра здаровы лад жыцьця. Іх кансультуюць псыхолягі, сэксапатолягі, тэрапэўты, нарколягі. Цэнтар прапагандуе культ здароўя, сьцьвярджаючы ягоны прэстыж. Вось і зараз ў Гомелі праходзіць адмысловая тыднёвая акцыя “Я выбіраю здароўе” — супраць наркотыкаў, курэньня, спажываньня алькаголю.

Які ж лёс чакае Цэнтар у будучым? Распавядае намесьніца галоўнага лекара Тамара Асьлінава:

(Асьлінава: ) “Стаіць пытаньне пра магчымае далучэньне нас да абласнога Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Ён, вядома, зьяўляецца прафіляктычнай установай, але найперш надзелены кантрольнымі функцыямі. Наўрад ці ад гэтага далучэньня выйграе сыстэма аховы здароўя”.

Намесьнік начальніка абласной управы аховы здароўя Ігар Машукоў наогул адмаўляецца ад якога-небудзь камэнтару наконт закрыцьця цэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG