Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. ЛУКАШЭНКА АБВЕСЬЦІЎ НАСТУПНЫ ГОД "ГОДАМ НАВЯДЗЕНЬНЯ ПАРАДКУ..."


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёньня ў Палацы Рэспублікі ў Менску адкрыўся чарговы сталы сэмінар кіроўнага апарату рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў, гэтым разам прысьвечаны сацыяльным пытаньням. Гэткая форма навучаньня чыноўнікаў дзейнічае ўжо сем гадоў. Пленарныя двухдзённыя паседжаньні праводзяцца кожныя тры месяцы, уключаючы тэарэтычныя і практычныя заняткі.

Цяперашні сэмінар, як і ранейшыя, будзе доўжыцца два дні. Адна група яго ўдзельнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам наведала Маладэчна, дзе ўзяла ўдзел у цырымоніі адкрыцьця новага гарадзкога Палацу культуры. Падчас адкрыцьця Лукашэнка абвесьціў наступны год “годам навядзеньня парадку ў беларускіх гарадах і сёлах”.

Урэшце, у асобна ўзятым Маладэчне парадак ужо наведзены. Як паведамляе “Народная Воля”, напярэдадні прыезду кіраўніка дзяржавы тэрмінова пад дажджом фарбавалі фасады будынкаў і клалі плітку на вуліцах гораду. А каля Палацу культуры, які “адкрываў” Лукашэнка, усталяваныя шчыты, каб схаваць ад вока начальства старыя хаціны, якім даўно час пайсьці пад знос.

Наколькі эфэктыўныя падобныя сэмінары, наколькі карысная такая форма навучаньня кадраў? Гэтае пытаньне я задаў былому прэм’ер-міністру Міхаілу Чыгіру:

(Чыгір: ) “Усё залежыць ад таго, якая тэма, якая падрыхтоўка. Бо навучаньне кадраў праходзіць паўсюдна, за мяжой яно таксама распаўсюджанае. Зьбіраюць людзей, паказваюць ім нейкі досьвед — гэта павінна так быць. Але ўсё залежыць ад таго, што і як паказваюць. Калі не падрыхтаваць як сьлед ды сабрацца і папіць гарэлкі, гэта ж вядома, нічога карыснага ня дасьць. Аднак сёньня ў Беларусі няма анічога новага — мы нешта будуем незразумелае.

Каб яны правялі рэфармаваньне, напрыклад, сельскай гаспадаркі ў Маладэчанскім раёне, а цяпер прывезьлі кіраўнікоў зь іншых раёнаў і паказалі — глядзіце, быў калгас, а цяпер стварылася таварыства, у прыватнай уласнасьці зямлі і гэтак далей. Але ж гэтага нічога няма — што там паказваць?”

Прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия” назвала гэтыя сэмінары “школай жыцьця для кіраўнікоў”. Адметна, аднак, што ва ўсіх афіцыйных паведамленьнях пра гэтае мерапрыемства слова “рэформы” ня ўзгадваецца, хаця сацыяльная сфэра — менавіта тая галіна, дзе, на думку многіх аналітыкаў, пераўтварэньні найбольш патрэбныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG