Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕВАЦЭНТРЫСЦКІ БЛЁК ЗАКЛЮЧЫЎ ДАМОВУ З ПАРТЫЯЙ ГАЙДУКЕВІЧА ПРА ПАДЗЕЛ АКРУГАЎ ПАДЧАС МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Старшыня Народнай Грамады Мікола Статкевіч падкрэсьлівае, што хаўрус з партыяй Сяргея Гайдукевіча нельга разглядаць як прыняцьце лібэрал-дэмакратаў у левацэнтрысцкі блёк.

(Статкевіч: ) “Трэба адрозьніваць дзьве рэчы: кааліцыю, якая мяркуе пад сабой і аб’яднаньне выбарчых штабоў і агульных праграмаў, з дамовай аб падзеле акругаў. Мы ўжо паўгода прапануем такую дамову нашым калегам справа, але дагэтуль, нягледзячы на асабістыя, публічныя, адкрытыя, закрытыя звароты, нічога не атрымліваецца. Адгукнуўся толькі адзін Гайдукевіч".

Зь лібэрал-дэмакратамі прадстаўнікі левага цэнтру дамовіліся таксама пра сумеснае назіраньне за выбарамі і ўдзел у выбарчых камісіях.

У звароце кіраўніцтва Народнай Грамады да ўсіх сяброў Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў зьвяртаецца ўвага на тое, што можа скласьціся такая сытуацыя, калі падчас выбараў, асабліва ў Менску, апазыцыя вымушаная будзе змагацца ня столькі з вылучэнцамі ўлады, колькі паміж сабой. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Наша мэта — дамагчыся, каб у адной акрузе быў адзін кандыдат ад Кансультацыйнай рады, ад апазыцыі. Мы хацелі, каб з усімі партыямі, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, былі падпісаныя дамовы пра падзел акругаў. Такім чынам, у нас ёсьць левацэнтрысцкая кааліцыя, якая пакуль мае пагадненьне з адной правай пратыяй. Хацелі б з усімі. Колькі мне можна зьвяртацца з прапановай дзяліць акругі. Гэта ня трэба, ці што? Ці зробім зараз спрэчкі на пацеху ўсім”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч мае настрой на добрыя вынікі мясцовых выбараў:

(Гайдукевіч: ) “У нас ёсьць чатыры дэпутаты ад партыі ў Палаце прадстаўнікоў. Дзіўна камусьці чуць? Не адзін Ваганаў, ня думайце. 18 асобаў — у мясцовых саветах. Фракцыю ў Лідзе ўзначальвае Коваль. Хіба гэта дрэнна?!”

8 кастрычніка актывісты партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, ужо зьбіраліся, каб абмеркваць праблему падзелу акругаў у сталіцы. Адразу знайсьці паразуменьня яны ня здолелі. Наступная сустрэча заплянаваная на 29 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG