Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫЖ ЭЎФРАСІНЬНІ ПОЛАЦКАЙ У ЛІДЗКІМ РАЁНЕ МАГЧЫМА ЗАХАВАЦЬ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Дубовы крыж вышынёй 6,5 мэтраў усталявалі і асьвяцілі на ўскрайку вёскі Беліца Лідзкага раёну. Адбылося гэта месяц таму. Прысьвечаны крыж падзеям вайны сярэдзіны 17 стагодзьдзя. Мясцовая шляхта ў 1659 годзе на тым месцы дала бой маскоўскаму войску, якое рухалася, каб захапіць Горадню і Ліду.

Дазвол на ўсталяваньне даў мясцовы сельсавет. Аднак ва ўладаў выклікала раздражненьне, што ў Беліцы ўвекавечылі гэраізм беларусаў у вайне супраць маскоўскіх захопнікаў. Напачатку кастрычніка Лідзкі райвыканкам прыняў рашэньне—часова дэмантаваць крыж. Апошні тэрмін—25 кастрычніка.

Беліцкі ксёндз зьвярнуўся да вернікаў, і яны сталі дзяжурыць каля крыжа. Узьніклі непрыемнасьці ў старшыні сельсавету Мар’яна Навагродзкага. Раённыя ўлады палічылі, што ён перавысіў свае паўнамоцтвы, даўшы дазвол паставіць мэмарыяльны крыж.

Міністэрства юстыцыі накіравала запыт у Таварыства беларускай мовы. Паколькі ініцыятарам усталяваньня крыжа стала Лідзкая арганізацыя ТБМ на чале з Станіславам Суднікам. Мін’юст цікавіла—наколькі падобнае мерапрыемства адпавядае Статуту Таварыства. У статуце, дарэчы, гаворыцца аб неабходнасьці ахоўваць нацыянальную спадчыну і аб іншых мэтах па ўмацаваньні беларушчыны.

Сёньня Станіслаў Суднік меў гутарку з намесьнікам старшыні Лідзкага райвыканкаму Валерыем Баранавым. Той запэўніў, што кіраўніка Беліцкага сельсавету не пазбавяць пасады. Пра дэмантаж крыжа мовы таксама не было. Улады прапануюць сп-ру Судніку прайсьці ўсе інстанцыі і аформіць дазвол на крыж і на зямлю, дзе ён стаіць. Гаворка ідзе нават пра запыт у Акадэмію навук: ці сапраўды каля гэтай вёскі некалі адбыўся бой з маскоўскім войскам? Ня выключана, што атрымаць дазвол ва ўсіх установах будзе вельмі няпроста.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG