Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ Ў ВАРШАВЕ СКОНЧЫЛАСЯ МIЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “УКРАIНА Ў ЭЎРОПЕ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Прага

Апошнiм часам Польшча ўсё больш актыўна адыгрывае ролю лiдэра сярод краiнаў Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы. Шэраг палiтычных падзеяў апошнiх гадоў яскрава пра гэта сьведчаць.
Да прыкладу, можна прыгадаць леташнi самiт кiраўнiкоў краiнаў рэгiёну ў справе барацьбы з тэрарызмам, арганiзаваны менавiта ў Варшаве, або iнiцыятыву стварэньня арганiзацыi, якая б рыхтавала новыя краiны да сяброўства ў НАТА.

У гэтым сэнсе яшчэ больш важнай Польшча становiцца цяпер, напярэдаднi далучэньня да Эўрапейскага зьвязу.
Больш чым тысячакiлямэтровая ўсходняя мяжа Польшчы будзе найдаўжэйшай усходняй мяжой Эўразьвязу. Выглядае, што палiтыка Аб’яднанай Эўропы ў стасунках з Украiнай цi Беларусьсю ў значнай ступенi будзе палягаць на рэкамэндацыях Польшчы.

Што да Украiны, дык Варшава ўжо даўно абвесьцiла, што надае стасункам з гэтай краiнай статус стасункаў стратэгiчных. Польшча зьяўляецца як бы пасярэднiкам у размовах Кiеву з Вашынгтонам цi Брусэлем. Украiнскiя дыпляматы няспынна падкрэсьлiваюць важнасьць 50-цi мiльённай Украiны для будучынi Эўропы, а таксама для НАТА.

Менавiта дзеля таго, каб вызначыць будучыню Украiны па хуткiм пашырэньнi НАТА i Эўразьвязу, была склiканая варшаўская канфэрэнцыя “Украiна ў Эўропе”.

Паводле арганiзатараў форуму, яны хацелi, каб прадстаўнiкi ўкраiнскiх уладаў i апазыцыi распавялi сваiм заходнiм партнэрам пра тое, як яны бачаць будучыню сваёй краiны ў блiжэйшыя 5-10 гадоў.

Напачатку ўкраiнскi бок зразумеў запрашэньне да ўдзелу ў канфэрэнцыi як спробу пасадзiць у польскай сталiцы за “круглы стол” прадстаўнiкоў апазыцыi ды ўладаў, каб урэгуляваць палiтычны крызыс, ды назваў гэткiя захады Варшавы ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Ўкраiны.

У пэўнай ступенi Польшча насамрэч хацела памiрыць удзельнiкаў украiнскага канфлiкту, аднак пазьней, каб выйсьцi зь няёмкай сытуацыi, акцэнт быў зроблены менавiта на мiжнародным аспэкце канфэрэнцыi.

У Варшаву прыехалi кiраўнiк адмiнiстрацыi прэзыдэнта Ўкраiны, лiдэры вядучых апазыцыйных партыяў гэтай краiны, а таксама кiраўнiк замежнай палiтыкi Эўразьвязу Хавіер Саляна ды прэм’ер-мiнiстрар Швэцыi Ёран Пэрсан.

Прамаўляючы падчас канфэрэнцыi, Пэрсан i Саляна адзначылi, што больш цесным стасункам Эўрапейскага Зьвязу i Кiеву перашкаджаюць карупцыя, перасьлед незалежных сродкаў масавай iнфармацыi ды асобных журналiстаў, а таксама патаемны гандаль зброяй. Паводле Ёрана Пэрсана, асаблiва абуральным зьяўляецца экспарт узбраеньняў у Македонiю, дзе Эўразьвяз намагаецца пабудаваць “дэмакратычную i заможную краiну”.

Ёран Пэрсан аднак падкрэсьлiў, што лёс Украiны зьяўляецца ключавым элемэнтам для будучынi Эўропы.

Што да ўдзелу ў канфэрэнцыi самiх украiнцаў, дык не абыйшлося без узаемных папрокаў. Кiраўнiк адмiнiстрацыi прэзыдэнта Ўкраiны Вiктар Мэдвэдчук заявiiў, што Леанiд Кучма ня пойдзе на кампрамiс зь сiламi, якiя ня хочуць, каб Украiна разьвiвалася паводле эўрапейскай мадэлi.

Меркаваньнi Мэдвэдчука пра тое, што апазыцыя зьяўляецца працiўнiкам iнтэграцыi Ўкраiны ў эўрапейскiя структуры, абвергнуў лiдэр Сацыялiстычнай партыi Аляксандар Мароз. Мароз таксама заявiў, што без тэрмiновых зьменаў дзяржаўная ўлада у ягонай крiане можа ператварыцца ў хунту.

Былы прэм’ер Украiны Вiктар Юшчанка сказаў, што ўкраiнскiя ўлады не разумеюць, што апазыцыя зьяўляецца неадлучным элемэнтам дэмакратычнага грамадзтва, ды ня хочуць зь ёй размаўляць. Юшчанка прадставiў таксама плян дэмакратызацыi краiны, якi, сярод iншага, прадугледжвае стварэньне ўраду народнага даверу ды працу круглага стала як iнструмэнту палiтычнага дыялёгу памiж уладамi, апазыцыяй i грамадзтвам.

Напрыканцы дня ў Варшаву на некалькi гадзiнаў павiнен прыляцець прэзыдэнт Украiны Леанiд Кучма, якi сустрэнеццца з Аляксандрам Квасьнеўскiм i Хавіерам Салянам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG