Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УПЕРШЫНЮ ЗА АПОШНІЯ ГАДЫ Ў БЕЛАРУСЬ ПРЫБЫЛА ВЫСОКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЛЯМЭНТУ БАЎГАРЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Візыт будзе доўжыцца да 20 кастрычніка. Цягам гэтага часу баўгарскія парлямэнтары й навукоўцы сустрэнуцца з кіраўніцтвам абедзьвюх палатаў беларускага Нацсходу, міністрам замежных справаў Хвастовым, прэзыдэнтам Акадэміі навук Мясьніковічам. Баўгары таксама наведаюць завод лядоўняў, Хатынь, Вайсковыя могілкі. Пасьля паедуць у Берасьце.

У складзе дэлегацыі прадстаўнікі розных палітычных сілаў, а яе кіраўнік віцэ-спікер парлямэнту Благавест Сэндаў — сацыяліст.

Сёньня ён ужо сустрэўся з кіраўніком Савету Рэспублікі Аляксандрам Вайтовічам. Спадар Вайтовіч узгадваў, якія добрыя сувязі паміж Беларусьсю і Баўгарыяй былі раней. На ягоную думку, цяпер гэтым сувязям не хапае станоўчай дынамікі.

Благавест Сэндаў лічыць, што трэба найперш разьвіваць гандаль, а таксама беларуска-баўгарскія рэгіянальныя сувязі. Дзеля гэтага, маўляў, ёсьць усе падставы, бо 32 пары гарадоў у абедзьвюх краінах маюць статус пабрацімаў. На думку спадара Сэндава, магчымае супрацоўніцтва і ў галіне барацьбы з тэрарызмам.

Нагадаю, што гэта першы за апошні час візыт у Беларусь высокіх прадстаўнікоў краіны, якая імкнецца стаць сябрам NATO і Эўразьвязу. Прадстаўнікі іншых цэнтральнаэўрапейскіх краінаў ня маюць кантактаў на высокім узроўні зь беларускімі ўладамі. Часовы павераны Баўгарыі ў Беларусі Эміл Самарджыеў лічыць, што падобныя візыты не зашкодзяць ягонай дзяржаве ў кантактах з Захадам:

(Самарджыеў: ) “Кожная краіна вырашае, з кім і якія кантакты будзе падтрымліваць. Па-першае. А па-другое, няма нічога дзіўнага ў тым, што Баўгарыя ідзе на кантакты зь Беларусьсю. Бо мы славянскія народы, і гэта вельмі добра, каб адносіны між нашымі краінамі й народамі былі больш інтэнсіўнымі”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што сярод баўгарскіх левых ёсьць нямала праціўнікаў эўрапейскай інтэграцыі й прыхільнікаў г.зв. славянскага адзінства. І гэты візыт, на ягоную думку, ёсьць спробай аднаўленьня гэтай славянскай палітыкі. Гаворыць Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Гэта супярэчыць баўгарскай афіцыйнай палітыцы — г.зн. імкненьня далучыцца да Эўразьвязу і NATO. Мы ведаем, што Эўразьвяз ужо разглядаў Баўгарыю як свайго магчымага сябра з 2007 году. Таму вось такі дэмарш з боку парлямэнту Баўгарыі супярэчыць афіцыйнай палітыцы гэтай краіны”.

На думку Андрэя Саньнікава, кантакты баўгарскіх парлямэнтароў з афіцыйным Менскам не застануцца незаўважанымі ў заходніх сталіцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG