Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ НАСТОЙВАЕ НА МІНІМАЛЬНЫХ ЗЬМЕНАХ ВЫБАРЧАГА КОДЭКСУ


Уладзімер Глод, Менск

Адрозна ад парлямэнцкіх выбараў 2000 году і прэзыдэнцкіх летась, цяпер апазыцыя не прапаноўвае кардынальна перапрацаваць закон. Наадварот, увесь час падкрэсьліваецца, што размова ідзе толькі пра мінімальныя зьмены. Абгрунтаваньне такому падыходу дае старшыня камісіі ў справе заканадаўства Міхаіл Пліска.

(Пліска: ) “Слова “мінімальныя” ў нашых прапановах зьявілася з той нагоды, што мы разумеем добра: Палата прадстаўнікоў лягчэй можа прасунуць зьмены ў Выбарчы кодэкс, калі яны зьведзеныя да нейкага мінімуму. У нас існуе фактычна альтэрнатыўны Выбарчы кодэкс, але разабрацца ў такім вялікім дакумэнце зараз, калі часу да выбараў няшмат, вельмі цяжка. Таму мы вырашылі вылучыць як мага менш прапановаў, але істотных, найбольш зразумелых як для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, так і для шырокай грамадзкасьці”.

Сярод прапановаў апазыцыі — замест датэрміновага галасаваньня ўвесьці галасаваньне з пасьведчаньнямі пра адмацаваньне, пашырыць паўнамоцтвы назіральнікаў, увесьці права палітычным партыям уключаць у тэрытарыяльныя камісіі па адным сябры ад партыі ды іншыя.

Прапановы ня выклікалі адмоўнай рэакцыі ўдзельнікаў дыскусіі. Іх больш хвалявала іншае — як ажыцьцявіць гэтыя пажаданьні. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў лічыць: іншага шляху як супрацоўніцтва з дэпутатамі Палаты няма. Цяпер заканадаўства Беларусі прадугледжвае наступную юрыдычную схему зьмяненьня Выбарчага кодэксу — разгляд у адпаведнай камісіі, потым на пленарным паседжаньні, затым — у Савеце Рэспублікі і нарэшце зацьверджаньне кіраўніком дзяржавы.

Са спадаром Фраловым паспрачаўся Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Спадар Фралоў падняў тут самае важнае пытаньне — няма мэханізму ўвядзеньня гэтых элемэнтаў у Выбарчы кодэкс. Мы гэта разумеем. Але мы хочам мець прапановы. Мы настойваем: ёсьць мэханізм унясеньня папярэдніх зьменаў. Мы настойваем на чатырох умовах, сфармуляваных на Стамбульскім саміце. І калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, дык як вынік трэба будзе выканаць і гэтую ўмову. І значна болей. Таму разуменьне гэтай сытуацыі ёсьць”.

Засталося толькі нагадаць, што “Мінімальныя зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс...” былі зацьверджаныя КРАПП яшчэ 30 ліпеня і пры пасярэдніцтве Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў. Паводле інфармацыі, якая гучала сёньня ў кулюарах, Палата рыхтуе свае прапановы ўдасканаленьня Выбарчага кодэксу. У іх пакуль уваходзіць і частка пажаданьняў палітычнай апазыцыі.

XS
SM
MD
LG