Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ПЕРАШКАДЖАЕ НЯМЕЦКАЙ СЯМ’І НУСАЎ УДАЧАРЫЦЬ БЕЛАРУСКУЮ ДЗЯЎЧЫНКУ ПАЛІНУ


Алена Панкратова, Менск

Сямігадовая Паліна гаворыць па-нямецку без акцэнту і відавочна лепш, чым па-беларуску ці па-расейску. Сёлета некалькі месяцаў яна зноў правяла ў сям’і 32-гадовай Анце і 41-гадовага Фолькера Нусаў у маленькім гарадку Рагаў. Гэтых людзей дзяўчынка называе мамай і татам. Сваіх сапраўдных бацькоў-алькаголікаў, якія да таго ж празбаўленыя бацькоўскіх правоў, Паліна імкнецца забыць — чатыры першыя гады жыцьця зь імі былі сапраўдным жахам для дзяўчынкі.

Як сьцьвярджаюць Нусы, з Радзімай Паліну ня зьвязвае нічога: адзіная родная цётка не цікавіцца лёсам дзяўчынкі. Дзіцячы дом ў Салігорску так і ня стаў родным. Паводле Нусаў, якія апошнім часам рэгулярна наведваюць гэтую ўстанову, такі дом вельмі прыгнятае і без таго няшчасных дзяцей. За свае сродкі Нусы адрамантавалі там дах, навезьлі шмат цацак і лялек, час ад часу пасылаюць туды гуманітарныя пакеты з харчамі і адзеньнем.

Тым ня менш, дзеці па-ранейшаму харчуюцца сухім хлебам і нішчымным супам, ім няма чаго апранаць. Аднак самае сумнае — у дзіцячым доме не хапае сапраўдных пэдагогаў, якія б маглі б даць дзецям цеплыню.

У сям’ю Нусаў чатырохгадовая Паліна трапіла дзякуючы акцыі “Дзецям Чарнобылю”. Усе рэчы дзяўчынкі літаральна былі на ёй: майка, штаны і чаравікі. Дарэчы, шкарпэтак на нагах дзяўчынкі не было. Паводле мясцовых лекараў, тады ў Паліны была затрымка моўнага разьвіцьця, а таксама шэраг іншых псыхаматорных праблемаў. Сёньня па сваім разьвіцьці яна не адстае ад аднагодкаў-немцаў.

Сям’я Нусаў вельмі грунтоўна займаецца выхаваньнем Паліны. Як сьведчыць Анце, яны вучаць яе, што грошы ня падаюць зь неба, што ня кожная паездка ў краму азначае пакупку новай цацкі ці сукенкі. У сваю чаргу, Паліна лічыць Анце і Фолькера сваімі самымі роднымі людзьмі. “Калі такія дзеці любяць, то вельмі моцна, шчыра і аддана, — кажуць Нусы. — І мы плацім ёй тым жа ў адказ”.

Як піша, “Мaerkische Allgemeine”, жаданьне нямецкай сям’і ўдачарыць дзяўчынку выглядае вельмі лягічным. Шмат немцаў маюць адаптаваных дзяцей з эўрапейскіх, азіяцкіх, афрыканскіх краінаў. Звычайна падобныя працэдуры вырашаюцца на працягу некалькіх месяцаў. Гісторыя дачыненьняў нямецкай сям’і з органамі апекі ў Беларусі цягнецца больш за два гады.

“Кожныя тры месяцы, — расказвае Анце, — адпаведныя беларускія службы адтэрміноўваюць прыняцьце рашэньня, і кожны раз, атрымліваючы пошту зь Беларусі, мы з жахам думаем, што нам увогуле могуць адмовіць у адаптацыі”. Палажэньні ў адпаведным беларускім заканадаўстве пастаянна абрастаюць новымі дэталямі. Кожны раз трэба запаўняць усё новыя фармуляры — чарговы раз выкладаць сваю біяграфію, дасылаць новыя пацьверджаньні з паліцыі, а таксама зьвесткі пра даходы, стан здароўя і гэтак далей.

Апошнім часам беларускі бок папрасіў сям’ю даслаць новыя вынікі дасьледаваньняў на СНІД дый таксама невядома які раз абгрунтаваць свае матывы адносна ўдачарэньня. Паводле Анце, беларускія структуры не перастаюць зьдзіўляцца надзвычай хуткай рэакцыі сям’і на чарговыя патрабаваньні і ў якасьці адказу дасылаюць новыя патрабаваньні.

За адаптацыю Паліны Беларусь можа атрымаць ад Нусаў больш за 20 тысяч даляраў. Колькі грошай сям’я патраціла на іншае, уключна са шматлікімі паездкамі ў Беларусь — ня лічыць ніхто. “У прынцыпе, гэта ня важна. Мы ўсё роўна будзем ісьці да канца”, — гавораць Анце і Фолькер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG