Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ ПОЛЬШЧЫ Ў СМАЛЕНСК ТРАПЛЯЮЦЬ ЗАТРЫМАНЫЯ НЕЛЕГАЛЫ


Любоў Лунёва, Менск

Гэта ня першая дэпартацыя замежных грамадзянаў, якія кажуць, што прыехалі ў Беларусь у пошуках лепшага жыцьця.

Паводле беларускага заканадаўства, замежныя грамадзяне павінныя рэгістравацца, і ім дазволена знаходзіцца ў краіне ня больш за 45 дзён. Калі іншаземцы ўхіляюцца ад гэтай працэдуры, іх лічаць за парушальнікаў закону. Супрацоўнікі міліцыі час ад часу іх ловяць, адвозяць у сумнавядомы спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік, а адтуль цягніком на тэрыторыю Расеі.

Звычайна дзеля гэтага міліцыянты з раённых упраўленьняў міліцыі дамаўляюцца са сваімі калегамі, што працуюць на транспарце. Тыя адводзяць вагон для “нелегалаў” і з канвоем вязуць нелегалаў да Воршы. У Воршы іншаземцаў садзяць на электрычку і вязуць да Смаленску. На гэтым працэдура дэпартацыі канчаецца.

Пасьля гэтага даволі часта дэпартаваныя нелегалы ў Менск трапляюць хутчэй за сваіх канваіраў. Ёсьць асобы, якіх цягам году дэпартавалі некалькі разоў. Усе выдаткі на ўтрыманьне і дэпартацыю нелегалаў кладуцца на плечы беларускіх падаткаплатнікаў.

Усім вядома, што іншаземцы імкнуцца ў Беларусь ня ў пошуках лепшага жыцьця, а да заходняй мяжы. Намесьнік начальніка спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка Міхаіл Шабанаў лічыць, што ўсе намаганьні ў барацьбе зь нелегаламі ва ўмовах Беларусі бессэнсоўныя.

(Шабанаў: ) “Які сэнс? Мы іх адпраўляем, а яны зноў вяртаюцца. Усё ж фармальна. Вось каб набылі ім квіток да Індыі — гэта іншая справа. Калі ў Польшчы затрымліваюць такіх грамадзянаў, то ім Эўразьвяз дае тры тысячы эўра. Я разумею, за такія грошы іх і пасадзіць можна, і дзяржаве яшчэ нейкая карысьць будзе. Аў нас нічога не даюць. Усё трымаецца на адным энтузіязме.

Лукашэнка ж, калі выступаў на калегіі памежных войскаў, казаў: “Навошта мы гэтую мяжу ахоўваем? Няхай ідуць сабе. Толькі хай плацяць”. Сапраўды, навошта нам ахоўваць польскую мяжу? Мы нелегалаў у спэцпрыёмніку кормім. Некаторыя тут па 30 сутак жывуць. Добра, калі заплацяць, а, калі не — то нічога й ня зробіш. Навошта ўсё гэта? Іх вязуць да Смаленску, а адтуль расейскія міліцыянты адфутбольваюць іх назад. Яны ім там таксама не патрэбныя”.

Большую частку так званых нелегалаў складаюць індусы. Крыху меней віетнамцаў, кітайцаў. Апошнім часам затрымалі некалькі групаў іракцаў. Яны зь нелегалаў самыя заможныя. Пры затрыманьні тлумачылі, што ўцякаюць ад вайны і магчымых бамбаваньняў. Паколькі ў Літве прынялі закон аб крымінальнай адказнасьці за нелегальнае пражываньне, іншаземцы абралі для транзыту ў заходнія краіны польскую мяжу. Каму пашанцуе, той зь першага разу апынецца ў Польшчы, а хтосьці зноў вернецца ў Смаленск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG