Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЧАСТКОВА АДМЯНЯЕ ПРЫМУСОВЫ КАНВОЙ ЛІТОЎСКІХ ПЕРАВОЗЧЫКАЎ


Тацяна Поклад, Вільня

Беларускі мытны камітэт згадзіўся часткова адмяніць прымусовы канвой -- санкцыю, якая ўжывалася да літоўскіх перавозчыкаў пры пераезьдзе літоўска-беларускай мяжы і значна замінала і беларускім, і літоўскім прадрымальнікам. Гэта вымагала ад прадпрымальнікаў немалых выдаткаў і вымушала шукаць іншых шляхоў, адмаўляючыся ад беларускага транзыту. Беларускія прадрымальнікі гублялі выгодныя замовы.

Патрабаваньне прымусовага, абавязковага канвою Беларуская мытня ўвяла ад красавіка сёлета. Пасьля таго, як на афіцыйных перамовах не прыйшлі да згоды, Літва паведаміла, што будзе разглядаць магчымасьць ужываць падобныя санкцыі да беларускіх перавозчыкаў, праўда, канкрэтных крокаў не рабіла. Беларусь у адказ заявіла, што патрабуе ад Літвы выплаты кампэнсацыі памерам 10 млн. даляраў і будзе прасіць Расею таксама ўвесьці патрабаваньне прымусовага канвою ў дачыненьні да Літвы.

Беларусь штомесяц губляе 1,5 млн. даляраў праз гэты прымусовы канвой да літоўскіх грузаў, аднак афіцыйная Беларусь спадзявалася лягчэйшага прыбытку праз штрафы.

Цяпер ад канвою вызваляюцца "сумленныя і вартыя даверу" транспартныя кампаніі, сьпіс якіх мае падаць Літоўскі мытны дэпартамэнт. Як толькі такі сьпіс будзе гатовы разам з афіцыйным сьведчаньнем Літвы, пачне дзейнічаць новы парадак. Пра гэта Беларускі мытны камітэт паведаміў сёньня пасольству Літвы ў Менску.

У Літве мяркуюць, што перамовы зрушыліся зь мёртвай кропкі у найбольш складаны момант з увагі на ўнутраную сытуацыю у Беларусі -- страйк прадрымальнікаў прымусіў афіцыйную Беларусь больш сур'ёзна лічыцца зь інтарэсамі рынкавага разьвіцьця краіны.

Прэзыдэнт Нацыянальнай асацыяцыі перавозчыкаў Літвы Альгімантас Кандрусявічус ацэньвае зьмены у пазыцыі Беларусі як "першы даволі асьцярожны крок", бо адменены прымусовы канвой толькі часткова, пры перавозках аўтамабіляў дазволена перапраўляць зь Літвы празь беларускую мяжу толькі партыі ня меней чым зь дзесяці машыаў і з нумарамі рухавікоў.

Беларусь мае значныя прыбыткі з транзыту -- толькі літоўскія перавозчыкі робяць да 65 тыс. перавозак у год праз тэрыторыю Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG