Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ ВЫКАЗАЛА ПАДТРЫМКУ ІРАКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведамляе ірацкае інфармацыйнае агенцтва ІНА, у багдадзкім міжнародным аэрапорце “Садам” беларускую дэлегацыю сустракалі міністар фінансаў Хікмат аль Азаві і міністар вайсковай прамысловасьці Іраку Абд аль Хувэйш. Апошні ў гэтым месяцы сам пабываў у Беларусі з тыднёвым візытам.

Як падаюць ірацкія крыніцы, беларускія прадстаўнікі прыбылі ў складзе 150 гасьцей з расейскай Дзярждумы, кіраўнікоў палітычных партыяў і дзеячоў з Расеі, Украіны і Беларусі, якія былі запрошаныя ўрадам у якасьці назіральнікаў на рэфэрэндум у пытаньні падаўжэньня паўнамоцтваў Садама Хусэйна. Раней беларускі МЗС тлумачыў гэтую паездку спадара Іванчанкі як візыт выключна з мэтай перамоваў аб паглыбленьні эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Іраку.

Ірацкае афіцыйнае інфармагенцтва паведамляе, што спадар Іванчанка на сустрэчы з гаспадарамі сказаў, што “гэты візыт адбываецца як выяўленьне беларускай падтрымкі Іраку і імкненьня далейшага паглыбленьня беларуска-ірацкіх адносінаў”. Спадар Іванчанка таксама заявіў, што “беларускі народ падтрымлівае Ірак і асуджае амэрыканскую пагрозу Іраку”.

Беларуская апазыцыя разглядае гэты візыт як антыамэрыканскі дэмарш афіцыйнага Менску. СМІ ЗША і Вялікабрытаніі абвінавачвалі Беларусь у пастаўках Іраку тавараў падвойнага прызначэньня і навучаньні ірацкіх вайскоўцаў.

Сёньня афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале зь Мікалаем Іванчанкам мяркуе вярнуцца ў Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG