Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧЫРВОНЫМ КАСЬЦЁЛЕ АДКРЫЛАСЯ ВЫСТАВА, ПРЫСЬВЕЧАНАЯ ЯНУ ПАЎЛУ ІІ


Галіна Абакунчык, Менск

Імпрэза прымеркаваная да 24-й гадавіны папскага пантыфікату, які каталіцкая царква сьвету адзначае сёньня. Арганізатарамі ўрачыстасьці ў Менску выступіла ўніяцкая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Удзел ва ўрачыстым адкрыцьці ўзялі сьвятары грэка- і рыма-каталіцкага веравызнаньня, а таксама шматлікія парафіяне й тыя, хто прызнаюць і паважаюць ягонае служэньне — кажа пробашч уніяцкай парафіяй Маці Божай Нястомнай Дапамогі Казімір Ляховіч.

Гэта першая буйная імпрэза, арганізаваная ўніятамі супольна з парафіянамі Чырвонага касьцёлу. А мэтай было паказаць неардынарную асобу пантыфіка й ягоную міратворчую дзейнасьць. Гаворыць Казімір Ляховіч:

(Ляховіч: ) “24 гады на пантыфікаце — гэта вельмі шмат. І сама пасада Папы вельмі значная й ня толькі для каталіцкай царквы, але і для ўсяго сьвету. Таму што цяперашні Папа — неардынарны чалавек. Нягледзячы на свой век, вельмі актыўна дзейнічае ў каталіцкай царкве і на дабро ўсяго сьвету. Дзеля міру ва ўсім сьвеце”.

Выставу складаюць фотаздымкі місіянэрскага служэньня Яна Паўла розных гадоў, ягоныя сустрэчы зь пілігрымамі Беларусі, кнігі пра Папу Рымскага, а таксама энцыклікі за ягоным аўтарствам — усяго больш за сотню асобнікаў Але адкрыцьцё выставы сталася толькі часткай урачыстасьцяў у гонар 24-й гадавіны пантыфікату Яна Паўла. Уніяты адслужылі ўрачыстую літургію, распавялі пра ролю Папы ва Ўсходняй царкве, касьцёльны хор “Голас душы” даў канцэрт. А завершылася сьвяткаваньне шэсьцем і малітвай па вуліцы перад Чырвоным касьцёлам за здароўе пантыфіка й магчымасьць ягонага прыезду ў Беларусь.

Беларусь дагэтуль застаецца адзінай (апроч Расеі) краінай ва Ўсходняй Эўропе, якую не наведаў Ян Павал ІІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG