Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІІ


Алесь Грыневіч, Прага

КАСЬМІЧНАЯ ПРАСТОРА. Сканчаецца місія амэрыканскага касьмічнага карабля “Атлантыс”, які заўтра мае пакінуць міжнародную касьмічную станцыю. У пятніцу шэсьць касманаўтаў “Атлантысу” павінны вярнуцца на Зямлю. На станцыі застанецца экіпаж з трох чалавек -- два расейцы і амэрыканец. Чакаецца, што яны вернуцца на Зямлю ў лістападзе з наступным касьмічным чаўнаком. Учора трэці і апошні раз астранаўты з “Атлантысу” выйшлі у адкрыты космас, каб змантаваць чарговую частку абсталяваньня на станцыі.

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ. Амэрыканскія кампаніі гуказапісу і кінастудыі выступаюць за новы закон, які прымусіў бы вытворцаў відэа- і гукавой апаратуры ставіць на яе блякіроўку супраць перазапісу. Гэта значыць, што спажыўцы відэа- і аўдыёпрадукцыі ня здолеюць бясплатна перапісваць музыку і фільмы. Прадстаўнік кампаніі “Уорнэр Бразэрз” (“Warner Bros”) кажа, што новая ініцыятыва скіраваная ня супраць індывідуальных спажыўцоў, але супраць піратаў, якія тыражуюць музыку і відэа праз Інтэрнэт. Абаронцы грамадзянскіх правоў лічаць, што гэткі закон ня толькі зашкодзіць спажыўцам, але й будзе стрымліваць разьвіцьцё тэхналёгіяў. Прыняць такі закон – гэта тое самае, што «паставіць дыназаўраў кіраваць эвалюцыяй», заявіў адвакат Фрэд фон Логман.

ФІНЛЯНДЫЯ. Фізыкі з Гэльсынскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту гадзінамі рвалі газэты і білі шкло. Пры гэтым яны замяралі гукі адмысловым абсталяваньнем. Розьніца ў гуках дапамагае ў тлумачэньні таго, як розныя матэрыялы не вытрымліваюць нагрузкі. Гэтыя веды, у сваю чаргу, могуць паспрыяць стварэньню мацнейшых рэчываў. Фінскія навукоўцы кажуць, што матэматычныя мадэлі дазваляюць даволі дакладна апісаць гукі, калі разьбіваюцца крохкія матэрыялы – такія, як шкло. Аднак гук паперы, якая рвецца, не настолькі добра мадэлюецца. Гэта тлумачыцца найперш тым, што ня ўсе валокны паперы шкодзяцца падчас разрыву – некаторыя зь іх вырываюцца цэлымі.

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ. А тым часам навукоўцы з унівэрсытэту амэрыканскага штату Аклагома распрацавалі новы звыштрывалы матэрыял, які можа зрабіць рэвалюцыю ў касьмічнай інжынэрыі й мэдыцыне. Ён вырабляецца з найдрабнейшых вугляродных трубак, таўшчынёю ў мільённую частку мілімэтру, якія накладаюцца слаямі на палімэры. Новы матэрыял у шэсць разоў мацнейшы за звычайныя вугляродна-валаконныя рэчывы. Мэтад вытворчасьці новага матэрыялу даволі танны, таму наладзіць прамысловую вытворчасьць будзе проста. Аднак самі нанатрубкі дагэтуль каштуюць дорага, таму некалькі дасьледных камандаў цяпер шукаюць новыя мэтады іх вытворчасьці.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Два вядучыя брытанскія навукоўцы заклікаюць надаць болей увагі мікраарганізмам. На іхную думку, усё большай колькасьці формаў жыцьця на Зямлі пагражае выміраньне. Лорд Мэй, прэзыдэнт брытанскай акадэміі навук, і Джон Лоўтан, кіраўнік Рады дасьледаваньняў навакольнага асяродзьдзя, склікалі прэсавую канфэрэнцыю, каб прыцягнуць увагу да выміраньня мікраарганізмаў. Яны кажуць, што большасьць высілкаў у захаваньні жывой прыроды ідзе на птушак ці сысуноў, але, да прыкладу, мікробы ці чарвякі, якія жывуць у глебе, выміраюць вельмі шпаркімі тэмпамі ад дзейнасьці чалавека і мала хто зьвяртае на гэта ўвагу. Аднак менавіта такія арганізмы робяць глебу прыдатнай для жыцьця расьлінаў.

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ. Амэрыканскія навукоўцы кажуць, што рыжыя людзі ў сярэднім маюць большую адчувальнасьць да болю, чым людзі зь іншым колерам валасоў. Шэраг экспэрымэнтаў давёў, што калі ў чалавека рудыя валасы, яму трэба прыкладна на 20 адсоткаў болей анэстэзіі, каб заблякаваць боль. Дасьледнікі кажуць, што гэтае адкрыцьцё дапаможа лепей зразумець мэханізм абязбольваньня, бо колер валасоў зьвязаны з адмысловай генэтычнай камбінацыяй.
XS
SM
MD
LG